"Усе мае кніжкі былі напісаныя на тумбачцы ці на працы". Бяляцкі распавёў пра гады зняволення

2015 2015-11-30T11:35:01+0300 2016-05-26T21:29:46+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/belyackiy_20151128_tutby_bas_phsl_dsc4071.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі распавёў пра свой трохгадовы турэмны досвед. Фота Сяргея Балая.

Алесь Бяляцкі распавёў пра свой трохгадовы турэмны досвед. Фота Сяргея Балая.

Праваабаронца Алесь Бяляцкі распавёў пра свой трохгадовы турэмны досвед. Кнігу ўспамінаў ён плануе выдаць у наступным годзе.

Сустрэча з Алесем Бяляцкім адбылася ў «Арт-Сядзібе». Ён узгадаў акалічнасці, звязаныя з яго арыштам, час, які быў праведзены ў няволі, а таксама прэзентаваў сваю пятую кнігу «Халоднае крыло Радзімы», выдадзеную летась у Вільні.

Праваабаронца быў арыштаваны ў жніўні 2011 года. Да суда Бяляцкі знаходзіўся ў мінскім СІЗА № 1 (Пішчалаўскі замак), пасля — у жодзінскім СІЗА і бабруйскай папраўчай калоніі № 2. На волю ён выйшаў па амністыі ў чэрвені 2014 года.

— У 1994 годзе ў нас адбыліся першыя прэзідэнцкія выбары, а ў 1995 годзе з’явіліся першыя палітычныя рэпрэсіі, — узгадаў на пачатку сустрэчы Бяляцкі. — Калі сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі пачала імкліва пагаршацца, мы стварылі праваабарончы цэнтр «Вясна».

На той час Бяляцкі працаваў дырэктарам Музея Максіма Багдановіча. Гэтую пасаду ён займаў на працягу дзесяці год.

— Гэтым летам я меў час займацца сваімі турэмнымі запісамі, але ўспаміны так і не напісаў, не было калі, — працягнуў праваабаронца. — Па выхадзе навалілася багата справаў па адвакацыі тых палітычных вязняў, якія яшчэ сядзелі ў беларускіх турмах. Я адчуваў абавязак, што мушу працаваць і дабіцца, каб іх выпусцілі.

Ён адзначыў, што такая інтэнсіўная праца ішла да жніўня 2015 года:

— Зараз мы маем той шчаслівы момант, калі ў Беларусі няма палітычных зняволеных. За апошнія 20 гадоў гэта вельмі рэдкі час. Ніхто не ведае, як доўга ён працягнецца.

Бяляцкі лічыць, што жнівеньскае рашэнне ўладаў аб вызваленни палітвязняў з’яўляецца палітычным, бо пераследы парушаюць міжнародныя пагадненні, якія падпісвала наша краіна.

— Улада гэта робіць фактычна дзеля захавання ўлады, — падсумаваў прамоўца.

Большую частку выступу Бяляцкага занялі ўспаміны пра яго трохгадовае зняволенне. Ён паказваў фотаздымкі і распавядаў пра кожны з іх.

— На сваё здзіўленне, я знайшоў у інтэрнэце дзве серыі фотаздымкаў, якія былі зробленыя ў той час, калі я там сядзеў. Яны мяне моцна ўразілі таму, што я бачыў тых людзей, з якімі разам сядзеў, тыя памяшканні, дзе жыў, працаваў, хадзіў. Яны дапамогуць мне выдаць успаміны ў наступным годзе, — распавёў праваабаронца перад фотапрэзентацыяй.

Большую частку выступу Бяляцкага занялі ўспаміны пра яго трохгадовае зняволенне. Ён паказваў фотаздымкі і распавядаў пра кожны з іх.

— На сваё здзіўленне, я знайшоў у інтэрнэце дзве серыі фотаздымкаў, якія былі зробленыя ў той час, калі я там сядзеў. Яны мяне моцна ўразілі таму, што я бачыў тых людзей, з якімі разам сядзеў, тыя памяшканні, дзе жыў, працаваў, хадзіў. Яны дапамогуць мне выдаць успаміны ў наступным годзе, — распавёў праваабаронца перад фотапрэзентацыяй.

Мы адабралі некаторыя фотаздымкі і прыводзім іх з каментарамі Бяляцкага:

— Адзін з цікавых слайдаў, які датычыцца пачатку 2011 года. Гэта быў час пасля прэзідэнцкіх выбараў. З дзесяці кандыдатаў восемь былі затрыманыя і пяць апынуліся ў турме. Таксама пазбавілі волі сотні іншых актывістаў. Наша адвакатаванне прывяло да таго, што пачалі аказваць ціск. Офіс «Вясны» перыядычна атакавалі. Спачатку, у дзень выбараў, забралі кампутары, флэшкі. Потым вобшук быў у студзені, па справе аб масавых беспарадках.

Калі мы дазналіся, што каля пад’езда знаходзяцца людзі ў цывільным, зачынілі дзверы на замкі і пачалі чысціць сталы. Самае галоўнае — кампутары. Гэта была ўжо другая партыя, якую прыцягнулі з дома: старыя, але на якіх можна было працаваць. Самае непрыемнае — адчуванне, што калі і іх забяруць — прыйдзецца сядзець з голымі рукамі. А офіс у нас быў на першым паверсе. Вокны былі закратаваныя, але на варыўні вокны выходзілі на другі бок ад ўвахода. Там можна было адчыніць краты. Усе туды і вылезлі разам з кампутарамі і дыскамі. У кватэры засталося двое. Калі КДБ з міліцыяй трапілі ў офіс — у іх быў шок. Яны ж ведалі, што ён не можа быць пусты.

На здымку — капітан КДБ, які курыраваў працу «Вясны», а можа і зараз гэта робіць. Мы выходзім з ім як раз пасля «катапультавання» большасці нашых калег і едзем на вобшук на маю кватэру і ў вёску.

 

Затрымалі мяне ў жніўні. Спрабавалі гэта зрабіць каля офіса, але калі я ўжо выйшаў на патрэбнай станцыі метро і накіраваўся туды, мне патэлефанавалі калегі і папярэдзілі. Я развярнуўся і паехаў назад дадому. Чалавек, які пільнаваў мяне каля метро адзін пабаяўся арыштоўваць. Гэта дало мне дзесьці чатыры гадзіны свабоды.

Да суда я сядзеў у СІЗА № 1. Большую частку часу — у шасцімеснай камеры. Гэта былі не самыя горшыя месяцы. У кожнага свой ложак. Але там ёсць камеры, дзе на дзесяць ложкаў — дваццаць чалавек. Уявіце, якое там паветра. А там жа яшчэ і прыбіральня. У гэтых камерах людзі спяць па чарзе: адзін днём, адзін ноччу.

— Пасля суда было тры месяцы ў Жодзіна. Я там чакаў апеляцыі. Калі мяне выводзілі з камеры на сустрэчы з адвакатам і сваякамі, я праходзіў 17 дзвярэй. Умовы сталі больш жорсткія. Там не давалі спаць днём. Нельга было ляжаць, ты мусіў быў толькі сядзець. Прагулкі былі скарочаныя: не больш паўгадзіны. Трымалі ў камеры ўдваіх. Стаў пісаць, адчуўшы, што нельга губляць час.

У лютым 2012 года мяне переводзяць у Бабруйскую калонію. Працэс быў суровы: ноччу, з сабакамі. Сапраўднае пекла адчуў. Заходзіш у бабруйскую калонію — цябе сустракае такі лозунг, як на фотаздымку. Ён напісаны на сцяне ізалятара. Спачатку ўсіх зняволеных садзяць туды. Ты мусіш там адсядзець пэўны час, да размеркавання.

Калонія даволі вялікая. Калі я заехаў — там сядзела амаль 2500 чалавек. Атрады па 100 чалавек. У атрад я трапіў у канцы лютага. Тэмпература была да мінус 20 ноччу. Нас выганялі на вуліцу, не давалі сядзець у цёплым памяшканні. Вельмі моцна замярзалі.

— У калоніі далі новае адзенне. На фотаздымку бачна, што шапкі і фуфайкі не па памеры. Разам з зэкамі стаіць начальнік ізалятара (злева) і так званая «хазяйка» (па цэнтры). Людзі ў калоніі вельмі розныя. Былі і з вышэйшай адукацыяй, хоць і мала. Ёсць больш маладзейшыя ці больш сталыя. Асноўны ўзрост — ад дваццаці да трыццаці гадоў.

 

Мне было 48 і мяне пачалі зваць «стары». Калі мяне так трэці раз назвалі, я кажу: «Не, я не стары. Старыя — у шаснаццатым атрадзе». Гэта былі так званыя «вікінгі»: пенсіянеры, інваліды. Калі яны ішлі — выглядалі як вікінгі пасля боя: хто кульгае, хто без нагі, хто без рукі. «А мяне Алесем завуць», — кажу.

Хачу сказаць, што стаўленне да палітычных (а інфармацыя там разыходзіцца вельмі хутка) паважлівае. Канешне цябе з пачатку "прабіваюць": глядзяць, як ты сябе паводзіш. Там схаваць практычна нічога немагчыма. Людзям, якія сядзяць па 10-12 гадоў дастаткова некалькі хвілін паглядзець на цябе — і ён пра цябе ўсё ведае. Псіхалагічна яны, як рэнтген, прасвечваюць людзей. Іншая справа, што частка асуджаных супрацоўнічае з адміністрацыяй. Іх называюць казламі ці казлабандай. Гэтая частка арганізоўвае правакацыі, спрабуе раскруціць на бойкі і іншыя канфлікты, вывесці з сябе, зняважыць. Але ў вельмі складаныя сітуацыі я не трапляў. Галоўнае, жыць па старой прымаўцы — «Не вер, не бойся, ні прасі». У калоніі спрацоўвае дакладна.

— На гэтым здымку — курылка. Але я стараўся трымаць сябе ў форме: падцягваўся. Калі я стаў займацца спортам — далажылі начальніку атрада. Ён пачаў мяне грузіць дадатковымі працамі апроч асноўнай, а я працаваў упакоўшчыкам у швейным цэху. Я не без цяжкасцяў дастаў копію медкарткі і спытаў у турэмнай бальнічцы парадаў на выпадак болю ў спіне. Доктарка параіла расцягваць спіну. Я папрасіў пацвердзіць гэта начальніку, калі той патэлефануе. Пасля гэтага ён ад мяне адчапіўся.

 

Майму атраду сказалі, каб ніякіх са мной кантактаў не было. Мы месяц-паўтара размаўлялі, а потым яны, гэтыя восем чалавек зніклі. Ты губляеш працу, знаёмых — для зэка гэта заўсёды праблема. Пасля гэтага са мной ці ўпотайкі размаўлялі, каб ніхто не бачыў, ці ўвогуле трымаліся далей.

— На фотаздымку — брыгадзір атрада. Ён стаіць у камеры, якая вельмі падобна да маёй. Толькі ложкі былі за рэдкім выключэннем двух'ярусныя. Толькі аднойчы мы разбіралі іх, калі людзей стала меней, але потым новых прывялі.

 

Усе мае кніжкі былі напісаныя мной на такой тумбачцы ці на працы. Дакладна ведаеш — гэта твая тэрыторыя і ніхто сюды не зойдзе без твайго дазволу. Ніхто не мае права залезці у тваю тумбачку і штосьці адтуль узяць. За два гады ў мяне нічога не скралі.

— Сталовая бабруйскай калоніі - вялізны ангар, дзе адначасова могуць есці тысяча чалавек. Місачкі - пакоцаныя, кубачкі - без ручак. Паілі кісялём ці напоем, які толькі ўмоўна можна назваць гарбатай. Але ежы было дастаткова. Гадоў дзесяць таму зэкі галадалі. Зараз стала трошку лепей. Кашы і хлеба — колькі хочаш. У мяне быў перыяд, калі год не атрымоўваў перадач з волі. Прыстасаваўся. Дарэчы, на слупах — цікавыя надпісы, якія заклікалі менш есці і больш думаць.

— Мяне таксама спрабавалі пасадзіць за швейную машынку, бо так прасцей кантраляваць. Упакоўшчыкам працаваць лягчэй: скончыў працу — пачытаў газету, напісаў лісты. Я стаў адпірацца, казаў, што дрэнны зрок. Сказалі, каб жонку папрасіў перадаць акуляры. Тэлефаную і кажу, каб ні ў якім разе іх не дасылала.

 

— Гэта ўнікальны здымак, бо на ім — я. Мець у турме тэлефон — вялікае злачынства. Але адзін чалавек змог мяне сфатаграфаваць перад вызваленнем.

Вопратка працоўная, але быў яшчэ нармальны касцюм, пашыты зэкамі, за што яны і пацярпелі. Калі я трапіў у атрад з каранціна, хлопцы прапанавалі пашыць нармальную вопратку. Я кажу: «Вам за гэта галаву адкруцяць». Яны адмахнуліся. Пашылі не са скрадзенага ці зэканомленага, а з афіцыйнага (некаму па пасылцы перадалі, а я купіў зы цыгарэты). Іначай было б горш. Начальства адразу заўважыла мяне ў новым касцюме і пачало расследаванне: адкуль матэрыял, хто шыў. Тых хлопцаў вылічылі хутка. Мяне не зачапілі, аднаго перавялі ў іншы атрад, другога — на «хімію».

— Вызваленне стала нечаканым. Чарговую прапанову напісаць прашэнне аб памілаванні я адхіліў. Была субота. Звычайна, у гэты дзень няма шмат каго з начальства. Заходзіць афіцэр і вядзе да начальніка калоніі. Гэтыя візіты — заўсёды пакаранне, таму непрыемна. А там стаяць чалавек 20 зэкаў. Пытаюся ў чым справа, ніхто не ведае. Кажуць, што пракурор прыехаў. Затым нам абвесцілі пра амністыю. А мы з адвакатам не разлічвалі на яе, бо мяне зрабілі «злосным парушальнікам», а такім амністыю не даюць. Сказалі хутка збірацца, а мне толькі перадачу далі, у мяне ежы — 25 кг. Пачаў раздаваць.

Затым нас пасадзілі ў машыну хуткай дапамогі і адвезлі на вакзал. Праз пяць хвілін я ўжо ехаў у электрычцы ў Мінск. Папрасіў у хлопцаў мабільны тэлефон, каб патэлефанаваць жонцы. У Мінску мяне ўжо сустрэла багата людзей.

— За тры гады мне прыйшло больш за 40 тысяч лістоў і паштовак. Былі такія дні, калі я атрымліваў больш, чым усе астатнія, больш за 2000 чалавек, у калоніі. Таксама я чытаў газеты, ведаў пра ўсе акцыі салідарнасці, якія праходзілі ў свеце.

У Парыжы павесілі вялікі постэр у маю падтрымку. Пасля вызвалення я сфатаграфаваўся каля яго.

 

Напрыканцы Бяляцкі адзначыў, што ўсё выхаванне ў беларускіх калоніях пабудавана на страху, прымусе і пакаранні. Па словах праваабаронцы, гэта з’яўляецца вялікай праблемай. Асабліва для тых, хто адседзеў шмат часу. Гэтыя людзі зусім не падрыхтаваныя да жыцця.

— Як было, так і засталося — галоўнае, каб баяўся. Ніякай сацыялізацыі, — падсумаваў ён.

tut.by

Алесь Бяляцкі распавёў пра свой трохгадовы турэмны досвед.  Фота Сяргея Балая.
Алесь Бяляцкі у Бабруйскай папраўчай калоніі №2. Фота Алеся Бяляцкага.
У Бабруйскай папраўчай калоніі №2. Фота komkur.info
Фота komkur.info
Фота komkur.info
Фота Алеся Бяляцкага

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international