viasna on patreon

Жыхары Горак працягваюць пратэставаць супраць будаўніцтва гаражоў на месцы пахаванняў расстраляных грамадзян

2015 2015-11-19T16:32:54+0300 2015-11-19T16:32:54+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/gorki-smutkujuchaja-maci.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фота horki.info

Фота horki.info

Абаронцы тэрыторыі за мемарыялам “Смуткуючая маці” ў Горках накіравалі лісты прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, міністру абароны краіны, у Камітэт дзяржаўнага кантролю і на імя памочніка прэзідэнта РБ па Магілёўскай вобласці, паведамляе горацкая незалежная газета “Узгорак” (№46 ад 19 лістапада 2015 года).

У лістах жыхары Горак выказваюць свой пратэст супраць будаўніцтва гаражоў каля мемарыяла “Смуткуючая маці”, дзе падчас Другой сусветнай вайны адбываліся расстрэлы мірных жыхароў і ваеннапалонных.

Як паведаміла журналістам газеты “Узгорак” адна з абаронцаў тэрыторыі за мемарыялам Вольга Савельева, актывісты ўжо атрымалі ўведамленні аб атрыманні зваротаў з адміністрацыі прэзідэнта і КДК, а таксама адказ з КДК аб перасылцы матэрыялаў для разгляду ў Магілёўскі аблвыканкам і ў Магілёўскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Нагадаем, што жыхары мікрараёна “Чаромушкі” у Горках, дзе знаходзіцца мемарыял “Смуткуючая маці”, выступаюць супраць пашырэння гаражнай забудовы ў зялёнай зоне, бо яны ўпэўненыя, што да гэтай пары не ўстаноўленыя дакладныя межы пахаванняў ахвяр Другой сусветнай вайны, якія былі расстраляныя ў гэтай частцы горада. Людзі лічаць, што акрамя Парка памяці тут не павінна быць ніякай забудовы.

Грамадзянамі была створана ініцыятыўная група і арганізаваны збор подпісаў пад зваротам у Горацкі райвыканкам. Таксама вечарам 31 жніўня каля месца будаўніцтва гаражоў быў арганізаваны сход, на якім людзі выказвалі свой пратэст супраць распачатага без усялякага грамадскага абмеркавання будаўніцтва. На сходзе прысутнічалі і прадстаўнікі мясцовай улады, а таксама і некаторыя з будучых уладальнікаў гаражоў. Старшыня Горацкага райвыканкама Уладзімір Піскіжаў расказаў прысутным, што рашэнне аб будаўніцтве гаражоў каля помніка было прынятае да яго прызначэння на пасаду, і ён гатовы выслухаць аргументы бакоў. Аднак да гэтага часу рашэнне аб прыпыненні будаўніцтва так і не прынятае, што і прымусіла неабыякавых грамадзян звярнуцца ў больш высокія інстанцыі.

У 2011 годзе горацкія ўлады ўжо спрабавалі распачаць будаўніцтва гаражоў за помнікам смутку, але тады жыхары Горак здолелі адстаяць гэта месца, актыўна выказваючы свой пратэст і накіроўваючы звароты ў розныя інстанцыі. Тагачасны старшыня Горацкага райвыканкама прыняў рашэнне аб закладцы на пустуючай тэрыторыі парка, быў арганізаваны суботнік, удзельнікі якога пасадзілі маладыя дрэвы.

Да Вялікай Айчыннай вайны на месцы, дзе ў сучасны час размешчаны мемарыял “Смуткуючая маці”, быў сад вучэбнай гаспадаркі Беларускага сельскагаспадарчага інстытута. Падчас вайны гэты паўночны ўскраек горада Горкі стаў месцам расстрэлаў савецкіх грамадзян. Тут у дзевяці магілах памерам 6 на 8 метраў пахаваныя каля 2000 чалавек, паведамляе кніга “Памяць. Горацкі раён”.

Журналісты газеты “Узгорак” таксама пагутарылі з горацкім гісторыкам і краязнаўцам Уладзімірам Ліўшыцам, які ўпэўнены ў існаванні пахаванняў у гэтай частцы Горак. Уладзімір Ліўшыц распавёў журналістам, што, калі ён быў вучнем малодшых класаў горацкай СШ №2 у 1956-1960 гадах, дзяцей вадзілі прыбіраць магілы на гэтым месцы. Краязнаўца адзначыў, што магіл было некалькі, здаецца, больш за шэсць. На дрэве, якое стаяла побач, быў транспарант на жэсці, на якім было напісана, што тут пахаваныя падпольшчыкі і 150 дзяцей. Таксама гісторык кажа, што падчас 2-й сусветнай вайны ў адным з карпусоў акадэміі быў разгорнуты часовы палявы шпіталь Чырвонай Арміі, і некалькі дзесяткаў чырвонаармейцаў таксама былі пахаваныя ў раёне, дзе зараз знаходзіцца мемарыял “Смуткуючая маці”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства