Ініцыятыва назваць вуліцы імёнамі бабруйскіх пісьменнікаў зноў праігнаравана

2015 2015-11-15T20:28:49+0300 2015-11-15T20:28:49+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/babrujsk-nazva.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Бабруйску плануюць пераназваць 10 пасёлкаў (яны знаходзяцца ў межах гораду) у вуліцы. Тапанімічная камісія вырашыла пакінуць за імі старыя назвы. Некаторыя з іх носяць назвы вёсак, якія з часам увайшлі ў межы гораду, але ёсць і тыпова "савецкія" назвы, якіх у Бабруйску і так пераважная большасць. У самым сэрцы гораду дагэтуль існуюць вуліцы Савецкая, Кастрычніцкая, Дзяржынскага, Сацыялістычная, Ульянава, плошча Леніна і гэтак далей.

Неабходнасць скасавання пасёлкаў узнікла, бо мясцовыя жыхары не маглі аформіць нерухомасць у БТІ з-за адсутнасці вуліц. Таксама пасёлкі не могуць размяшчацца на тэрыторыі гораду згодна з дзеючым заканадаўствам.

- Само слова "пасёлак" было вырашана замяніць на "праезд", "завулак", "вуліца", а найменні пакінуць ранейшымі. Быў, напрыклад, пасёлак Яловікі - стане завулак Яловікі. Неабходна прасачыць, каб назвы не паўтараліся і не ўзнікла яшчэ большай блытаніны. У нас ёсць вуліца Першамайская, а вось вуліцы 1 Мая пакуль няма. Значыць вядомы пасёлак і стане якраз гэтай самай вуліцай. Мудраваць не будзем, а пастараемся захаваць гістарычныя назвы. Ды і людзям так звыкла. Захаваецца і традыцыйная нумарацыя дамоў, - цытуе газета "Бабруйскае жыццё" словы начальніка аддзела архітэктуры і горадабудаўніцтва Алега Каранкевіча.

Чыноўнікі зноў праігнаравалі ініцыятыву групы гараджан, якія яшчэ ў 2012 годзе прапаноўвалі назваць вуліцы імёнамі Барыса Мікуліча і Сяргея Грахоўска, чые лёсы наўпрост звязаныя з Бабруйскам.

Ініцыятары пераназвання вуліц сабралі подпісы і нейкі час вялі перапіску з чыноўнікамі, якія абяцалі абмеркаваць прапанову на паседжанні тапанімічнай камісіі.

У 2013 годзе паседжанне адбылося, але прапанова надання вуліцам імёнаў Мікуліча і Грахоўскага "згубілася". А чыноўнік з аддзела архітэктуры і горадабудаўніцтва нават заявіў, што "меркаванні грамадзян па найменні вуліц і завулкаў Бабруйска ні ў пісьмовай, ні ў вуснай, ні ў электроннай форме ва ўстаноўлены тэрмін не паступілі".

Гэтым разам чыноўнікі таксама пайшлі простым шляхам і пакінулі за "новымі" вуліцамі старыя назвы кшталту "1 Мая", "Труда", "Заря" і "Дачная".

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international