Бабруйск: Новыя вуліцы могуць назваць у гонар Мікуліча і Грахоўскага (дакумент)
Бабруйская актывістка Вольга Піманава атрымала адказ з аддзела архітэктуры і горадабудоўлі. У ім гаварыцца, што пасля паседжання тапанемічнай камісіі будзе вырашана, ці будуць новыя вуліцы ў раёне Чарапічнага названыя імёнамі Барыса Мікуліча і Сяргея Грахоўскага. “Вашыя пажаданні будуць улічаныя”, - гаварыцца ў афіцыйнай паперы за подпісам намесніка начальніка аддзела Алега Каранкевіча.
Нагадаем, што збіраць подпісы за тое, каб вуліцы Бабруйска былі названыя імёнамі Мікуліча і Грахоўскага, было вырашана напрыканцы кастрычніка. Гэтую прапанову агучыў ў сваім лісце да Вольгі Піманавай праваабаронца і палітвязень Алесь Бяляцкі. Мясцовыя актывісты накіравалі ў гарвыканкам зварот з 176 подпісамі.
Ініцыятар акцыі Вольга Піманава адзначыла, што задаволеная такім адказам, бо ён дае пэўныя надзеі на тое, што імёны пісьменнікаў, чые лёсы былі звязаныя з Бабруйскам, будуць увекавечаныя ў назвах вуліц.