Ігар Барысаў налічыў 8 недакладнасцяў у афіцыйным каментары УУС Магілёўскага аблвыканкаму па сваёй справе. Пададзены скаргі ў пракуратуру

2015 2015-09-14T16:24:03+0300 2015-09-14T16:24:03+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/111barysauiharmahileucr.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ігар Барысаў

Ігар Барысаў

Прычынай для скаргі ў Генеральную пракуратуру, а таксама пракуратуру Магілёўскай вобласці паслужыла публікацыя, якая была размешчана на сайце Упраўлення унутраных спраў Магілёўскага аблвыканкама па справе Ігара Барысава, якая, на яго думку, утрымлівае недакладную і скажоную інфармацыю.

Ігар Барысаў просіць узбудзіць крымінальную справу на асобу, якая дапусціла распаўсюд недакладнай інфармацыі на сайце УУС Магілёўскага аблвыканкама і нанесла шкоду яго гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі.

Акрамя таго, Ігар Барысаў дамагаецца, каб міліцыя апублікавала абвяржэнне дадзенага артыкула, а на час правядзення праверкі і да ўстанаўлення ісціны быў адхілены ад займанай пасады намеснік начальніка УУС Магілёўскага аблвыканкама палкоўнік Сяргей Волкаў, які даў недакладныя каментары датычна Ігара Барысава.

-- 10 верасня я пабачыў на сайце УУС Магілёўскага аблвыканкама афіцыйны каментар, які даў палкоўнік Сяргей Волкаў. Каментар датычыўся маёй скаргі з прычыны таго, што супрацоўнікі міліцыі затрымлівалі мне вяртанне забранага нататніка. Волкаў жа вырашыў даць інфармацыю аднабока і паказаць супрацоўнікаў міліцыі са станоўчага боку, нібы Барысаў вінаваты, а міліцыя ўсё рабіла па закону, - гаворыць Ігар Барысаў.

У каментары палкоўніка Волкава галоўны рэдактар “НАШ Магілёў” налічыў восем недакладнасцяў і скажэнняў інфармацыі, каментар не адпавядае матэрыялам справы і будуецца на домыслах.

-- Палкоўнік Сяргей Волкаў вырашыў быць не толькі міліцыянтам, але і суддзёй. Ён сказаў, што ў нататніку былі доказы маёй віны, хаця доказамі яны могуць быць толькі па рашэнні суда. Нічога з таго, што сведчыла б пра маю вінаватасць і блізу там няма. Лічу, што дадзены праваахоўнік перавысіў свае паўнамоцтвы, - каментуе Ігар Барысаў.

Сяргей Волкаў на сайце таксама паведаміў, што нататнік быў вернуты Барысаву, і ён прэтэнзій не мае, аднак не сказаў пра тое, што гэта было зроблена толькі пасля скаргі на імя начальніка Кастрычніцкага РАУС, а ўжо атрымаўшы нататнік, Барысаў пісьмова засведчыў, што больш прэтэнзій да міліцыі не мае.

Каментар датычыцца справы, якая распачалася яшчэ ўвесну. 12 сакавіка супрацоўнікі міліцыі здзейснілі агляд прыватнай кватэры Ігара Барысава, а таксама офіса магілёўскага аддзялення ПЦ “Вясна”. Прычынай для іх візіту стала заява генеральнага дырэктара ААТ “Стужка” Сяргея Пятрова, які палічыў, што размешчаная на сайце газеты “НАШ Магілёў” публікацыя, у якой ён узгадваецца, з’яўляецца паклёпам. Тады былі забраны на экспертызу шэсць кампутараў, два мадэмы, а таксама нататнік Ігара Барысава.

Экспертыза кампутараў не выявіла датычнасць Барысава да напісання і размяшчэння дадзенага артыкула, а лінгвістычная экспертыза не выявіла факту абразы Сяргея Пятрова. 11 красавіка была спынена праверка ў межах артыкула Крымінальнага кодэкса “Паклёп”. Аднак 13 ліпеня на Ігара Барысава былі заведзены дзве новыя адміністрацыйныя справы – па ч.2 арт.22.9 КаАП (парушэнне заканадаўства аб СМІ) і ч.2 арт.23.24 КаАП (парушэнне заканадаўства аб атрыманні грашовай дапамогі з-за мяжы). 29 ліпеня суд Кастрычніцкага раёна Магілёва спыніў адміністрацыйныя справы ў сувязі са сканчэннам тэрмінаў прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці.

Трэба адзначыць, што гэта ўжо другі выпадак, калі сайт УУС Магілёўскага аблвыканкама размяшчае недакладную інфармацыю. У канцы 2011 года на сайце з’явіўся матэрыял «Каждый, право, имеет право…», или Какое право защищает правозащитник Борис Бухель?", дзе магілёўскі праваабронца Барыс Бухель разам з грамадскім актывістам Аляксандрам Шачанком быў выстаўлены праваахоўнікамі ў нявыгадным святле. У выніку факты, выкладзеныя Бухелем і Шачанком, пацвердзіліся, а ўчастковы міліцыянт, які падрабіў пратаколы, больш не працуе ў быхаўскай міліцыі. За тую публікацыю міліцыянты перад праваабаронцам Барысам Бухелем так і не выбачыліся дагэтуль.  

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international