Юры Рубцоў: “Змяніць уладу можна толькі мірным шляхам” (відэа)

2015 2015-08-27T19:46:17+0300 2015-08-28T12:06:30+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/rubcou_konf.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Былы палітвязень Юры Рубцоў

Былы палітвязень Юры Рубцоў

27 жніўня ў Мінску прайшла прэс-канферэнцыя былога палітвязня Юрыя Рубцова. На пачатку сустрэчы ён выказаў словы падзякі на адрас незалежных СМІ, праваабаронцаў, грамадскіх актывістаў, сваякоў і ўсіх, хто яго падтрымліваў і дамагаўся вызвалення палітвязняў.

Падчас свайго выступу Юры Рубцоў звярнуў увагу на тое, што разам дэмакратычныя сілы могуць змяніць сітуацыю ў краіне да лепшага і адзіны варыянт дамагчыся гэтых зменаў, на яго думку, сумеснае байкатаванне прэзідэнцкіх выбараў.

“Дзеля таго, каб змяніць сітуацыю, у нас павінны быць рычаг - ціск на дзяржаву. І такім рычагом з’яўляецца байкот. Аніводная палітычная сіла не мае права прымаць удзел у спектаклі, які ўяўляюць выбары ў Беларусі. Палітыка дзеля таго і існуе, каб вырашаць усе пытанні мірным шляхам. Мы таксама павінны адмовіцца ад міжнародных назіральнікаў, бо назіраць няма за чым”, - заявіў Ю. Рубцоў.

Асобна былы палітвязень падкрэсліў, што ў апазіцыйных структураў павінна быць магчымасць выступаць на дзяржаўным тэлебачанні, а грамадзянская супольнасць краіны мусіць ініцыяваць змены ў выбарчае заканадаўства і дамагацца скасавання працоўных кантрактаў. Факт існавання апошніх, па яго меркаванні, з’яўляецца адной з магчымасцяў маніпуляваць у тым ліку сябрамі выбарчых камісій.

“Наяўнасць у Беларусі працоўных кантрактаў асуджаецца міжнароднай супольнасцю. І менавіта праз іх Міжнародная арганізацыя працы парэкамендавала краінам ЕС увесці эканамічныя санкцыі ў дачыненні да Беларусі. Прэзідэнт краіны заўсёды кажа, што Захад нас прыціскае, але не кажа, што гэта адбываецца праз існаванне кантрактнай сістэмы”.

Падчас знаходжання за кратамі Юры Рубцоў зведаў шматлікія катаванні і ціск з боку адміністрацыяў папраўчых устаноў. Былы вязень назваў умовы ўтрымання злачыннымі і парушаючымі чалавечую годнасць.

“Нават хлеб для асуджаных гатуецца асобна. Яго могуць прывозіць за 60-70 кіламетраў. Хлеб, які немагчыма есці. І гэта таксама злачынства. Многія ведаюць, што я галадаў 48 сутак, каб дабіцца адкрытага судовага паседжання. Але я трымаў галадоўку і пасля суда, каб прымусіць начальніка ШІЗА ці яго намесніка даць аб’ектыўную ацэнку гэтай ежы, з’еўшы яе разам са мной. Зразумела, што ніхто на гэта не пайшоў. Гэта таксама сведчыць пра якасць харчавання”.

Пасля выхаду на волю Юры Рубцоў будзе яшчэ два гады знаходзіцца на прафілактычным уліку. Актывіст заявіў, што ўжо паспеў пачуць пагрозы ў свой адрас падчас візіту ў міліцыю і пастаноўкі на ўлік.

Нагадаем, 22 жніўня выйшлі на волю ўсе шэсць беларускіх палітвязняў, у тым ліку і Юры Рубцоў. Ён быў асуджаны 6 кастрычніка 2014 года судом Цэнтральнага раёну Мінска па арт.391 Крымінальнага кодэкса (“Абраза суддзі або народнага засядацеля”) да 1 года і 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу №7. Новая крымінальная справа на Юрыя была заведзеная 18 сакавіка 2015 года па артыкуле 415 КК “Ухіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі” за тое, што палітвязень адмаўляўся ад працы з заробкам ніжэй за 600 даляраў. 28 траўня суд Пружанскага раёна прызнаў Юрыя Рубцова вінаватым і пакараў двума гадамі калоніі агульнага рэжыму з улікам неадбытага тэрміну.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international