viasna on patreon

У Бялынічах кантроль за правядзеннем пікетавання па збору подпісаў будзе ажыццяўляць чыноўнік, які з’яўляецца і старшынёй раённай “Белай Русі”

2015 2015-07-19T01:25:00+0300 2015-07-20T01:27:03+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zbor-podpisau.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Бялыніцкі райвыканкам вызначыўся з месцамі, забароненымі для правядзення пікетавання з мэтай збору подпісаў выбаршчыкаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь.

Згодна рашэння Бялыніцкага райвыканкама №19-2 ад 17 ліпеня 2015 г., якое было апублікаванае ў раённай газеце “Зара над Друццю” 18 ліпеня, збор подпісаў забараняецца на тэрыторыі устаноў адукацыі, аховы здароўя, культуры, фізічнай культуры і спорта, сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Таксама забаронена збіраць подпісы на адлегласці менш за 50 метраў ад будынкаў і ўнутры будынкаў мясцовых прадстаўнічых, выканаўчых і распарадчых органаў і іх структурных падраздзяленняў, суда, пракуратуры, ваеннага камісарыята, органаў унутраных спраў, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, тэрыторыях арганізацый, якія забяспечваюць жыццядзейнасць насельніцтва.

Дадаткова да гэтых месцаў Бялыніцкі райвыканкам забараніў яшчэ і збор подпісаў унутры памяшканняў аб’ектаў гандлю і бытавога абслугоўвання насельніцтва. Большасць іншых райвыканкамаў Магілёўскай вобласці такога абмежавання ў сваіх рашэннях па вызначэнню забароненых для збору подпісаў месцаў не ўводзілі. Мясцовыя дэмакратычныя актывісты мяркуюць, што абмежаванне па збору подпісаў унутры памяшканняў аб’ектаў гандлю і бытавога абслугоўвання насельніцтва было зроблена таму, што адразу некалькі мясцовых прадпрымальнікаў, арандатараў памяшканняў крам у Бялынічах увайшлі ў ініцыятыўную групу Таццяны Караткевіч.

Цікава таксама, што кантроль за выкананнем райвыканкамаўскага рашэння ўскладзены на намесніка старшыні Бялыніцкага райвыканкама Андрэя Ганчука. Між тым Андрэй Аляксандравіч, акрамя працы намеснікам старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях і інфармаванню, яшчэ і ўзначальвае Бялыніцкую раённую арганізацыю РГА “Белая Русь”. Добра вядома, што “Белая Русь” заявіла аб усебаковай падтрымцы вылучэння дзеючага кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі на пасаду прэзідэнта Беларусі на наступны тэрмін. Ці зможа кіраўнік раённай арганізацыі “Белай Русі” Андрэй Ганчук забяспечваць непрадузятасць для збору подпісаў шляхам пікетавання ініцыятыўным групам усіх кандыдатаў на пасаду прэзідэнта – пакажа час.

“Праваабаронцы з свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства