Працягваецца змаганне Паўла Левінава за перагляд рашэння Віцебскага аблвыканкаму № 881

2015 2015-07-06T08:31:22+0300 2015-07-06T08:31:22+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/levinau.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронца Павел Левінаў

Праваабаронца Павел Левінаў

Рашэнне № 881 «Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Віцебску» ад 10 ліпеня 2009 году робіць, па сутнасці, немагчымай рэалізацыю права жыхароў Віцебску на мірныя сходы. Праваабаронца Павал Левінаў спрабуе змяніць сітуацыю. Цягам апошніх некалькіх месяцаў ён зьвяртаўся ў Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Віцебскага аблвыканкаму, двойчы скардзіўся ў Мін’юст. А цяпер ім пададзеная скарга ў суд…

Праблема са згаданым рашэннем № 881 ня толькі ў тым, што яно адводзіць пад масавыя мерапрыемствы ўсяго тры пляцоўкі ў малалюдных месцах 370-тысячнага гораду. Асноўная праблема – нават у гэтых адмысловых месцах легальна правесці пікеты, мітынгі і вулічныя шэсьці немагчыма. Бо на правядзеньне любой акцыі трэба атрымліваць дазвол ад мясцовых уладаў, а тыя дазволаў не даюць, патрабуючы, згодна з рашэннем № 881, мець дамовы на абслугоўванне акцыяў са службай ЖКГ, міліцыяй і паліклінікай. За шэсьць гадоў дзеяння рашэння № 881 выканаць гэтае патрабаванне яшчэ нікому не ўдалося.

Грамадзяне, якія цягам апошніх шасьці гадоў спрабавалі заключыць неабходныя дамовы, дамагліся толькі таго, што цяпер на заключэнне дамоваў пагаджаюцца камунальнікі. Але гэтага недастаткова. Мэдыкі зазвычай спасылаюцца на тое, што ў іх пік захворваньня і, наогул, яны ня ведаюць, ці будуць мець вольныя брыгады мэдычнай дапамогі, каб абслугоўваць акцыю ў патрэбны час, таму дамову заключыць ня могуць. Міліцыянты ж кажуць пра сваю гатоўнасць заключыць дамову, але толькі пасля таго, як будзе атрыманы дазвол на правядзенне акцыі ад уладаў – атрымліваецца зачараванае кола: уладам патрэбна дамова, каб даць дазвол, а праваахоўнікі хочуць спярша дазволу, каб  заключыць дамову.

Віцебскія грамадзкія і палітычныя актывісты ня раз спрабавалі, у тым ліку праз суды, дамагчыся, каб улады перагледзелі рашэнне № 881, але штораз ім казалі, што рашэньне прайшло юрыдычную экспэртызу, прызнанае адпаведным заканадаўству, таму ўносіць якія-кольвек змены ў яго няма патрэбы.

У сакавіку Павал Левінаў зьвярнуўся да начальніка Галоўнага ўпраўленьня юстыцыі Віцебскага аблвыканкаму Сяргея Канапелькі, выказаўшы сваю нязгоду з заключэннем органу, які ён узначальвае, – у 2009 годзе менавіта ўпраўленне юстыцыі рабіла экспэртызу на прадмет адпаведнасці рашэння № 881 заканадаўству.

Разгледзеўшы зварот, спадар Канапелька паведаміў праваабаронцу, што «не прадугледжаная працэдура паўторнага правядзення абавязковай экспэртызы нарматыўных прававых актаў выканаўчых і распарадчых органаў базавага ўзроўню».

Не пагадзіўшыся з такім адказам, Павал Левінаў абскардзіў яго ў Міністэрства юстыцыі. Міністэрства прызнала скаргу абгрунтаванай і выдала прадпісанне Галоўнаму ўпраўленню юстыцыі Віцебскага абласнога выканаўчага камітэту аб належным разглядзе звароту.

Начальнік упраўлення юстыцыі, разгледзеўшы зварот Левінава паўторна, даў такі адказ: «Па выніках праведзенай абавязковай юрыдычнай экспэртызы ў дачыненні да рашэння 881 галоўным упраўленнем юстыцыі Віцебскага абласнога выканаўчага камітэту вынесенае заключэнне, якое зьмяшчае абгрунтаваную выснову пра адпаведнасць гэтага рашэння крытэрам ацэнкі нарматыўнага прававога акту і пра дапушчальнасць уключэння яго ў Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь. Такім чынам, рашэнне № 881 адпавядае міжнародным дамовам Рэспублікі Беларусь».

Павал Левінаў абскардзіў і гэты адказ. Але зь Міністэрства юстыцыі яму паведамілі, што па сутнасьці пастаўленых ім пытанняў начальнікам упраўлення юстыцыі гэтым разам быў дадзены вычарпальны адказ.

Ліст, атрыманы зь Мін’юсту, не задаволіў Паўла Левінава, і цяпер ён вырашыў зьвярнуцца ў суд. Праваабаронца просіць суд «прызнаць адказ начальніка галоўнага ўпраўленьня юстыцыі Віцебскага абласнога выканаўчага камітэту Канапелькі С.П. не заснаваным на нормах дзейнага заканадаўства».

На думку Левінава, апошні, даючы адказ на ягоны зварот, праігнараваў тое, што нормай дзейнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь з'яўляецца Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правох. Для назірання і кантролю над дзяржавамі – удзельнікамі пакту быў створаны Камітэт ААН па правах чалавека (КПЧ), кампэтэнцыю якога прымаць і разглядаць пісьмовыя звароты грамадзян аб парушэнні дзяржавай іх правоў, пералічаных у пакце, прызнала Беларусь. Рашэньнямі КПЧ, прынятымі па паведамленнях шэрагу жыхароў Віцебску, Беларусь прызнаная парушальнікам правоў грамадзян на свабоду выказвання думак і на мірныя сходы.

«Камітэт пазначыў, што Рэспубліцы Беларусь трэба зрабіць захады, каб гэткія парушэнні не паўтараліся ў будучыні. У рашэнні Камітэту ААН па правах чалавека ад 17 ліпеня 2014 году наўпрост указана, што цяжкія патрабаванні пра неабходнасць заключаць дамовы з трыма асобнымі органамі робіць ілюзорным права на мірныя сходы, што сведчыць пра парушэнне Рэспублікай Беларусь артыкулу 21 Пакту. Такім чынам, калі Камітэт ААН па правах чалавека ў сваіх рашэннях паказвае на неадпаведнасць палажэнняў рашэння № 881 палажэьням міжнароднай дамовы Рэспублікі Беларусь (пакту), адказ начальніка галоўнага ўпраўлення юстыцыі Віцебскага абласнога выканаўчага камітэту Канапелькі С.П., безумоўна, хібны», – абгрунтоўвае сваю пазыцыю Павал Левінаў у заяве ў суд.

Віцебская вясна

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international