Знікла пахаванне невядомага салдата каля спаленай вёскі Паўлавічы

2015 2015-06-16T17:16:18+0300 2015-06-16T17:16:19+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/vicebsk-saldat.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Вёску Паўлавічы спалілі па загадзе віцебскіх уладаў у 2012 годзе. А сёлета знікла магіла невядомага салдата, якой апекаваліся вяскоўцы. Заўважыўшы гэта, пенсіянер Андрэй Салаўёў, колішні жыхар вёскі Паўлавічы, звярнуўся ў Віцебскую гарадскую пракуратуру.

Паводле Андрэя Салаўёва, сёлета ён вырашыў наведаць магілу невядомага салдата, які загінуў падчас абароны Віцебска ў 1941 годзе і быў пахаваны паблізу Паўлавіч. Раней месца пахавання было добра відаць з шашы, якая вядзе на Лепель. Аднак знікла і агароджа, і абеліск над магілай, і сам надмагільны грудок быў зраўняны з зямлёй.

Андрэй Салаўёў пачуў пра гэта ад свайго знаёмага – кіроўцы, які неаднаразова праязджаў побач з помнікам. Ён распавядае, што спачатку не паверыў, як такое можа быць. Але потым сам наведаў месца пахавання і пераканаўся: магілы невядомага салдата на ранейшым месцы няма.

Калісьці рашэнне ўшаноўваць памяць байца Чырвонай Арміі прыняў мясцовы Ноўкінскі сельсавет, да якога належылі Паўлавічы. Таму спадар Салаўёў спачатку звярнуўся туды. Аднак у сельсавеце адказалі, што пра лёс пахавання нічога не вядома. Тады пенсіянер напісаў заяву ў Віцебскую гарадскую пракуратуру – каб там далі прававую ацэнку дзеянням асоб, што загадалі зруйнаваць пахаванне. Бо ў апошнія гады свайго існавання вёска Паўлавічы тэрытарыяльна ўваходзіла ў Першамайскі раён абласнога цэнтру, і менавіта гарадскія ўлады ў 2012 годзе аддалі загад, каб яе знесці, спаліўшы хаты і гаспадарчыя пабудовы вяскоўцаў.

Вёску на вачах у апошніх жыхароў спалілі 3 снежня 2012 года, даўшы людзям "на зборы" усяго тры дні. Пяцёра вяскоўцаў вырашылі дабівацца кампенсацыі за знішчаную маёмасць, звярнуўшыся ў пракуратуру, суд і да гарадскіх чыноўнікаў. Аднак іх высілкі плёну не далі: знос быў прызнаны законным, а старшыня Віцебскага гарвыканкаму Віктар Нікалайкін абвясціў, што апошнія жыхары карысталіся зямлёй і будаваліся на гэтым месцы незаконна: маўляў, яшчэ ў 1992 годзе было прынята рашэнне пра знос Паўлавічаў, і жыхары пазбавіліся сваіх хат, садоў і агародаў адпаведна з рашэннем Віцебскага аблвыканкама 20-гадовай даўніны. Адстойваць пазіцыю жыхароў Паўлавічаў спрабавалі і віцебскія праваабаронцы, але з Віцебскай пракуратуры ім адказалі, што яны не маюць права займацца справамі аб зносе чужой маёмасці.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international