viasna on patreon

Жыхары спаленай вёскі Паўлавічы мяркуюць звярнуцца ў суд (фота)

2012 2012-12-07T07:33:24+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/paulavich-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Толькі такую перспектыву людзі бачаць пасля гутарак з прадстаўнікамі Першамайскай раённай адміністрацыі. Тыя так і сказалі  жыхарам Паўлавічаў : кампенсацый за знішчаныя  сады і гаспадарчыя пабудовы  мы вам не абяцаем, звяртайцеся ў суд, гэта ваша права". "Магчыма, мы будзем патрабаваць кампенсацыі і за маёмасць, і за маральную шкоду", -- гавораць насельнікі 9 хат, зруйнаваных і спаленых у два дні, калі ў абласным цэнтры вялася актыўная падрыхтоўка да візіту Аляксандра Лукашэнкі.

У 1992 годзе вёску Паўлавічы пачалі зносіць. Тады на гэтым месцы планавалі пабудаваць новую ЦЭЦ,  і зямлю перадалі ў арэнду прадпрыемств "Віцебскэнэрга". Жыхарам  замест знесеных хат далі кватэры. Праўда, мала хто атрымаў кампенсацыі за знесеныя гаспадарчыя пабудовы, пладовыя дрэвы і гэтак далей.

9 хат засталіся некранутымі. А праз колькі год Ноўкінскі сельсавет пачаў зноў выдзяляць зямельныя ўчасткі ахвотным мясцовым жыхарам. І ў кожнага з іх свая гісторыя, звязаная з хатай у Паўлавічах.

Зрэшты, усе яны ведалі, што і гэтыя хаты рана ці позна пойдуць пад знос. Таму спрабавалі афіцыйна аформіць свае правы – звярталіся ў Перашамайскую раённую адміністрацыю і нават у Адміністрацыю прэзідэнта. Адказу з апошняй інстанцыі не было больш як паўгода і няма дагэтуль. Раз так, то людзі проста перапытвалі раз на паўгода, ці не будуць зносіць іхную гаспадарку.

"Апошні раз нам сказалі, што зносу можна чакаць хіба што ўвесну. Але 1 снежня, у суботу вечарам, па хатах пайшлі прадстаўнікі райвыканкаму ў суправаджэнні работнікаў міліцыі. Яны сказалі высяляцца ў два дні, бо потым прыгоняць экскаватары", -- распавяла мясцовая жыхарка.

За два дні ўсю маёмасць вывезці паспелі не ўсе. Да таго ж людзі вярнуліся да пытання пра кампенсацыі, бо ў Паўлавічы даслалі рабочых, тэхніку, якія  пачалі зносіць гаспадарчыя пабудовы, пілаваць сады. Ніякай ацэнкі гэтай маёмасці не праводзілася, што і абурала людзей, якім чыноўнікі Першамайскай адміністрацыі казалі толькі адно: "Звяртайцеся ў суд". І спасылаліся на рашэнне аблвыканкаму ад 1992 года, дзе гаварылася пра знос вёскі.

Каб мець хоць нейкія доказы для суду, гаспадары пачалі здымаць руйнаванне сваёй маёмасці на відэа. Але гэта дужа не спадабалася супрацоўнікам міліцыі, якіх сюды адмыслова даслалі для "супакойвання  грамадскай думкі". Адной жанчыне разбілі мабільны тэлефон, другой давялося ўцякаць ад міліцыянтаў, ратуючы фотаапарат…

"Мы ж не супраць, што хаты знясуць. Але ж трэба папярэджваць не за два дні! Мы такога не заслужылі: спраўна плацілі за святло, за газ, наша вёска была ўключана ў тэрыторыю выбарчага ўчастка. Як можна было так абясціся з людзьмі?" – хорам абураліся жыхары.

Між тым, чыноўнікі казалі, што ў вёсцы ніхто не жыве, і нічога надзвычайнага не адбываецца. Тым часам дым ад спаленых хатаў курыўся на ўсю акругу і вісеў над дарогай, па якой у Віцебск звычайна ездзіць Аляксандр Лукашэнка. Чаканне ягонага візіту і стала для многіх тлумачэннем такога паспешлівага зносу.

Праваабаронца і журналіст Валеры Шчукін лічыць, што ўлады паступілі не па-людску. І ператварылі пабытовую сітуацыю ў вялікі скандал толькі праз няведанне закону. Бо ў любым выпадку высяляць людзей мусяць не раённыя чыноўнікі, а судовыя выканаўцы ў адпаведнасці з судовай пастановай.

Паколькі інфармацыя пра спаленую вёску Паўлавічы шырока распаўсюдзілася ў інтэрнэце,  журналістаў дзяржаўных СМІ склікалі "на брыфінг"  і праінструктавалі. Маўляў, "не трэба драматызаваць сітуацыю", чыноўнікі ўсё рабілі "у згодзе з сумленнем" і "абсалютна чэсныя" перад апошнімі жыхарамі Паўлавічаў.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства