Светлагорск: на судзе медыкі спрабуюць пераканаць грамадскага актывіста, што ён «раптам захварэў» на пікеце

2015 2015-04-24T10:03:17+0300 2015-04-24T10:03:51+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/liashenka-jury-svetlagorsk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Юры Ляшэнка.

Юры Ляшэнка.

23 красавіка ў судзе Светлагорскага раёна адбыўся разгляд грамадзянскай справы па зыску грамадскага актывіста Юрыя Ляшэнкі да мясцовых медыкаў. Заяўнік просіць суд прызнаць дзеянні медыкаў, якія затрымалі яго на пікеце ў лістападзе 2014 года, незаконнымі. Нагадаем, 25 лістапада мінулага года грамадскі актывіст, інвалід першай групы Юрый Ляшэнка праводзіў каля райвыканкама адзіночны пікет у абарону правоў людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Не паспеў ён разгарнуць плакат, як на плошчу выехала карэта хуткай дапамогі, супрацоўнікі якой схапілі грамадскага актывіста разам з вазком, на якім ён перамяшчаўся, і завезлі супраць яго волі ў шпіталь. Прычым медыкі пераконвалі Юрыя Ляшэнку, што яму нібыта блага, і яны яго ратуюць.

У шпіталі жыхару райцэнтра зрабілі некалькі ўколаў, і тут жа «матэрыялізаваўся» міліцыянер, які склаў на яго адміністрацыйны пратакол за несанкцыянаваны пікет.

Юрый Ляшэнка звяртаўся са скаргамі да начальніка ўправы аховы здароўя Гомельскага аблвыканкама і ў Міністэрства аховы здароўя, але там палічылі дзеянні падначаленых медыкаў правамернымі. Актывіст лічыць, што ў дадзеным выпадку ідзе размова пра выкарыстанне медыцынскіх работнікаў у палітычным пераследзе грамадзян.

У заяве жыхар райцэнтра ставіў пытанні: хто і на якой падставе выклікаў да яго «хуткую», хто даў загад медыкам везці яго ў стацыянар і калоць там невядомыя ўколы.

Медыкі патлумачылі, што выклік паступіў ад невядомага мужчыны, які паведаміў, што на цэнтральнай плошчы Светлагорска раптоўна стала блага інваліду-вазочніку. Прычым цікавая храналогія падзей склалася: у 15.41 нібыта паступіў званок, у 15.43 медыкі былі на плошчы, ужо ў 15.45 Юрый Ляшэнка быў дастаўлены ў шпіталь, у 15.50 яму ўжо паставілі дыягназ і пачалі яго «лячыць». А між тым міліцыя склала пратакол у 15.41.

На судзе высвятляліся пашпартныя дадзеныя і месца працы грамадскага актывіста. Ён працуе дырэктарам прыватнага прадпрыемства. «Суддзя Уладзімір Сцяпанаў задаў мне пытанне: ці маю права я, інвалід першай групы, працаваць дырэктарам, і ці маю я нейкі дакумент, які пацвярджае, што я, інвалід, маю права працаваць? Відаць, я маю права ў нашай краіне толькі сядзець у чатырох сценах», - адзначыў Юрый Ляшэнка.

Ён узгадаў, што пры затрыманні фельчар хуткай дапамогі спрабаваў яго пераканаць, што яму блага. «Як Кашпіроўскі ў 90-я гады – даваў мне ўстаноўку», - дадаў актывіст.

На пікеце ў лістападзе побач з ім знаходзіліся гомельскія журналісты Ларыса Шчыракова і Кастусь Жукоўскі. Яны, між іншым, былі пакараныя судом нібыта за саўдзел у пікеце.

23 красавіка на судзе журналісты выступалі сведкамі, і сцвярджалі, што Юрый Ляшэнка не скардзіўся на здароўе, выглядаў бадзёрым і спакойным, і не было ніякай патрэбы ў паслугах «хуткай». Па словах Кастуся Жукоўскага, карэта «хуткай» з'явілася праз некалькі хвілін пасля пачатку пікета як «Лятучы Галандзец». Ларыса Шчыракова адзначыла, што, імаверна, светлагорскія медыкі валодаюць нейкімі тэлепатычнымі здольнасцямі, калі могуць прадбачыць імгненна вызначыць без ніякіх медыцынскіх маніпуляцый, што недзе некаму стала блага. Па словах журналісткі, медыкам хапіла 10-15 секунд на тое, каб і следу ад хуткай не засталося на плошчы – так імгненна яны транспартавалі разам з вазком грамадскага актывіста.

Юрый Ляшэнка звярнуў увагу, што медыкі так спяшаліся, што нават не спыталіся яго прозвішча, не памацалі пульс, не памералі ціск, не слухалі яго пярэчанняў, што ў яго няма скаргаў на здароўе. Медыкі ж сцвярджалі, што вельмі спяшаліся ратаваць чалавека. Намеснік галоўнага ўрача, якая прысутнічала на судзе, даводзіла, што «хуткая» мела права забіраць чалавека, таму што ён знаходзіўся ў грамадскім месцы.

Слуханні справы працягнуцца 29 красавіка – будуць заслуханы сведкі з боку «хуткай» і прагледжаны відэаматэрыялы. Таксама заяўнік запатрабаваў прадставіць на суд аўдыёзапіс званка таго невядомага, які выклікаў «хуткую».

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international