Ці лічыць Кірыла Сілівончыка палітвязьнем?

2015 2015-04-23T12:03:22+0300 2015-04-23T12:03:22+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/silivonchyk.jpg
Кірыл Сілівончык

Кірыл Сілівончык

Свабода папрасіла беларускіх праваабаронцаў пракамэнтаваць справу арыштаванага ў Расеі беларускага грамадзяніна, 22-гадовага Кірыла Сілівончыка.

Маскоўскі акруговы вайсковы суд прысудзіў яго да двух гадоў калёніі-пасяленьня, прызнаўшы вінаватым паводле артыкула «Публічнае апраўданьне тэрарызму альбо публічныя заклікі да яго».

Стэфановіч: «Вясна» будзе зьвязвацца з расейскімі праваабаронцамі ў справе Сілівончыка

Намесьнік старшыні Праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч устрымліваецца ад канчатковых ацэнак прысуду Сілівончыку, адзначаючы, што пра ягоную справу мала што вядома:

«Я справы ня ведаю. Я магу толькі меркаваць па тым, што зьяўляецца ў сеціве, а гэтага не зусім дастаткова, каб нейкія канчатковыя высновы рабіць», — падкрэсьліў ён у размове з Радыё Свабода.

Пры гэтым Стэфановіч адзначыў, што калі Сілівончык сапраўды разьмяшчаў заклікі да гвалтоўных дзеяньняў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы, то палітвязьнем ён лічыцца ня можа.

«Па ўсіх міжнародных нормах такіх людзей (якія распальваюць рэлігійную, міжнацыянальныя або расавую варожасьць) палітвязьнямі ніхто не прызнае. Таму я і кажу, што тут трэба разьбірацца. Калі ён у сеціве сапраўды разьмяшчаў малюнкі зь нейкімі расейскімі арламі, то гэта ня ўтрымлівае складу злачынства. А калі ён пісаў пасты і распальваў міжнацыянальную варожасьць, то гэта іншая справа. Але трэба разьбірацца, бо ў такіх справах вельмі часта ня ўсё дагаворваюць. Няма гарантыі, што тое, што цяпер пішуць, гэта сапраўды ўсё і там няма чагосьці іншага», — тлумачыць праваабаронца.

Стэфановіч паведаміў, што ён будзе зьвязвацца па справе Сілівончыка з расейскімі праваабаронцамі, каб тыя дапамаглі разабрацца.

«Ніжні Ноўгарад, у прынцыпе, мае сумную гісторыю ў гэтым сэнсе. Бо была там калісьці праваабарончая арганізацыя „Таварыства расейска-чачэнскай дружбы“, якую ў свой час абвінавацілі таксама ў распальваньні варожасьці і прапагандзе экстрэмізму. Але насамрэч гэта была арганізацыя, якая выступала супраць вайны ў Чачні, супраць таго, што там рабілі расейскія войскі ў дачыненьні да мірных жыхароў. Гэтае абвінавачваньне, вядома, не было зьвязана зь ніякім распальваньнем варожасьці», — узгадвае праваабаронца.

Гулак: «Трэба дапамагаць, пакуль прысуд не набыў законную сілу»

Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак мяркуе, што трэба праверыць, ці даказаная віна Сілівончыка:

«У гэтай сытуацыі ёсьць два галоўныя пытаньні: што дакладна было сказана і аналіз гэтага выказваньня. А другое — ці гэта ён сказаў, ці гэта сапраўды ягоныя выказваньні. Складанасьць гэтай сытуацыі ў тым, што не праводзілася судовае сьледзтва. Бо працэдура даказваньня — гэта яшчэ адно асобнае пытаньне. Калі глядзець на сытуацыю ў чыстым выглядзе, што праз інтэрнэт былі распаўсюджаныя выказваньні, якія несьлі варожасьць, то адказнасьць можа наступаць. Але ізноў жа, я не адмысловец у расейскім заканадаўстве. Наколькі адпаведна былі выкарыстаныя артыкулы Крымінальнага кодэксу — распальваньне тэрарыстычнай дзейнасьці, варожасьці ці заклікі да тэрарыстычнай дзейнасьці — гэта павінна быць дасьледавана.

У гэтай сытуацыі з боку беларускай дзяржавы павінны паўстаць пытаньні прававой дапамогі, а менавіта — высьвятленьня пытаньняў працэдуры даказваньня і высьвятленьня самой сытуацыі, што там насамрэч было. Тут дзяржава мае магчымасьць і абавязаная чалавеку дапамагчы з прававога пункту гледжаньня. Калі гэта было даказана і асуджана ў прававым полі, то тут ніхто нічога ня зробіць і рабіць няма чаго. А калі былі рознага кшталту парушэньні, то трэба дапамагаць змагацца зь імі, пакуль прысуд не набыў законную сілу».

Бастунец: «Галоўнае — зьмест допісаў Сілівончыка»

Юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец мяркуе, што за допісы ў інтэрнэце чалавек можа быць прыцягнуты да адказнасьці ня толькі ў Расеі альбо Беларусі:

«Галоўнае — зьмест гэтых допісаў. Паколькі невядома, за што менавіта быў прыцягнуты да адказнасьці Кірыл Сілівончык, то вельмі цяжка сказаць, наколькі гэта было зроблена правамерна. Аднак складаецца ўражаньне, што сутнасьць і дапушчальныя абмежаваньні свабоды выказваньня былі трактаваныя вельмі шырока».

Сілівончык пісаў у сацыяльных сетках на тэрыторыі Расеі. Калі б ён рабіў гэта на тэрыторыі Беларусі, то сытуацыя выглядала б іначай, лічыць Бастунец:

«Калі б ён быў на тэрыторыі Беларусі, то мусіў бы падпарадкоўвацца законам нашай краіны. Але тэарэтычна, калі нейкія запісы накіраваныя супраць іншых дзяржаў, то тут могуць дзейнічаць іншыя прынцыпы. Гэта досыць складаныя пытаньні, і калі іх спрасьціць, то я ня думаю, што ён быў бы прыцягнуты да адказнасьці па гэтым артыкуле Крымінальнага кодэксу, калі б быў у Беларусі і зьмясьціў бы гэтыя запісы ў інтэрнэце».

Беларус Кірыл Сілівончык працаваў сыстэмным адміністратарам у Ніжнім Ноўгарадзе і зьмяшчаў у сацыяльнай сетцы запісы, якія, нібыта, заклікалі «забіваць маскалёў» і «вярнуць Крым Украіне». 9 красавіка паводле артыкула Крымінальнага кодэксу Расейскай Фэдэрацыі аб закліках да тэрарыстычнай дзейнасьці Кірыл Сілівончык быў асуджаны на два гады пасяленьня.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international