Фатографу забаранілі прайсці з фотаапаратам у Глыбоцкі райвыканкам

2015 2015-03-02T18:01:59+0300 2015-03-02T18:01:59+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/zabaronena.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Зміцер Лупач, незалежны журналіст і прыватны прадпрымальнік, кіраваўся ў аддзел эканомікі, каб перадаць дакументы па сваёй прадпрымальніцкай дзейнасці. У сумцы меў фотаапарат "Nikon", які і стаў прадметам прэтэнзій дзяжурнага міліцыянера.
Спадар Лупач азадачаны тым, што адбылося:

"Я зайшоў у адміністрацыйны будынак з невялікай сумкай. Міліцыянер, які дзяжурыць пры ўваходзе, папрасіў паказаць, што там ляжыць. А ўнутры ляжаў фотаапарат, і міліцыянер заявіў, што "з прафесійнымі фотаапаратамі" ўваход у райвыканкам забаронены. Нібыта ёсць такое распараджэнне кіраўніка справамі райвыканкаму. Давялося пакінуць сумку сябру, з якім мы былі ўдвух, каб пайсці наверх са сваімі паперамі"…

Заадно Зміцер Лупач вырашыў завітаць і да кіраўніцы справамі райвыканкаму. Каб распытаць, чым выклікана забарона фотаапаратаў у грамадскім будынку, дзе, дарэчы, месціцца не толькі райвыканкам, але і шэраг грамадскіх арганізацый, і мясцовы ЗАГС.

"Як быць у тым выпадку, калі давядзецца фатаграфаваць вяселле? Я ж зарэгістраваны прыватным прадпрымальнікам, і адзін з відаў маёй прадпрымальніцкай дзейнасці – гэта якраз фатаграфаванне… Але запытацца пра гэта ў кіраўніцы справамі райвыканкаму Іны Анатольеўны Пачопкі не атрымалася: мне сказалі, што яна пайшла на нараду. Потым яшчэ 2 гадзіны я тэлефанаваў да яе ў кабінет, і ўрэшце працоўны дзень скончыўся, а адказу я так і не атрымаў", - працягвае спадар Лупач.

На сайце райвыканкаму ён адшукаў яшчэ адзін тэлефонны нумар – "гарачай лініі" для аператыўнага вырашэння сацыяльна-бытавых праблем". Патэлефанаваў па ім, аднак аператыўнага вырашэння не адбылося: журналісту сказалі, што гэта нумар прыёмнай выканкаму, і што там ніколі не чулі пра распараджэнне наконт забароны "прафесійных фотаапаратаў". Зноў-такі параілі звярнуцца непасрэдна да кіраўніцы справамі, на распараджэнне якой спасылаўся міліцыянер.

Зміцер Лупач вырашыў, што раз не атрымліваецца "па-добраму", то заўтра ён пойдзе афіцыйным шляхам: звернецца ў выканкам з афіцыйным запытам: якую канкрэтна фотатэхніку там лічаць "прафесійнай", і чым выкліканы такія надзвычайныя захады перасцярогі. Бо ён не выключае, што забарона мае не агульны характар, а прызначаецца для яго асабіста, таму што ў райцэнтры яго добра ведаюць у якасці незалежнага журналіста і чалавека з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй.

 

 

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international