"Любіш біць міліцыю? Зараз мы цябе паб’ем". Рэчыцкі нафтавік упершыню выйшаў на пратэсты і патрапіў ў калонію
Палітзняволенага нафтавіка з Рэчыцы Канстанціна Міхальцова затрымалі ў траўні 2021 года. Да яго прыйшлі за працоўны тэлеграм-чат "Вольнае паньства", дзе Канстанцін з калегамі абмяркоўвалі пратэсныя падзеі. Хлопец выказваўся ў чаце пра Лукашэнку, а ў 2020 годзе заступіўся за пратэстоўца падчас затрымання і адштурхнуў сілавіка. За гэта рэчычаніна асудзілі па трох артыкулах на тры гады калоніі. Па вызваленні палітвязня не пакінулі ў спакоі і працягвалі выклікаць у міліцыю. Пасля завядзення новай адміністрацыйнай справы ён не стаў чакаць чарговага затрымання і вясною 2024 года з’ехаў з Беларусі.
Канстанцін распавёў "Вясне", як прамяняў ідэалагічную лекцыю на канцэрт любімага гурта, як у калоніі супрацоўнікі зневажаюць вязняў, як на судзе давялося вывучаць розніцу паміж "штуршком" і "ўдарам". Як канваіры забылі яго ў "стакане". А таксама пра тое, як хлопец стаў завадатарам пратэста ў калоніі.
BYSOL адкрыў збор, каб дапамагчы былому вязню Канстанціну Міхальцову ўладкавацца на новым месцы і аднавіць здароўе пасля зняволення.
Дапамагчы можна тут.
"Будзеш выступаць – і цябе забярэм"
Канстанцін родам з Рэчыцы, працаваў ва Упраўленні палявых сейсмаразведачных прац "Беларуснафта" памочнікам геолага.
Вечарам 9 жніўня 2020 пасля выбараў Канстанцін з сябрамі пайшоў гуляць у цэнтр горада, дзе ўжо сабраліся пратэстоўцы.
"Я прагаласаваў у сваёй школе № 7 за Ціханоўскую і паехаў у горад. Там каля фантану ўжо сабраліся людзі, якія проста абмяркоўвалі, што ў каго было на ўчастку. У пэўны момант з’явіліся міліцыянты і пачалі хапаць людзей. Хтосьці спрабаваў заступацца за сваіх, на машынах перакрывалі дарогу".
Суразмоўца распавядае, што заступіўся за незнаёмага хлопца, штурхануў міліцыянта ў спіну і спытаў, навошта той затрымлівае людзей.
"Будзеш выступаць – і цябе затрымаем", – адказаў сілавік.
Вяртаючыся дамоў на ўскраек гораду Канстанцін з сябрамі праходзілі ўчасткі для галасавання і бачылі, як людзі стаялі пад імі і чакалі вынікаў галасавання.
"На адным з участкаў мы бачылі, як міліцыянты з людзьмі ў цывілыным выносілі нейкія торбы праз чорны ўваход. Апублікаваных вынікаў у той вечар мы так нідзе не дачакаліся".
Усё забыў і жыў далей
Пра жнівеньскія падзеі рэчычанін больш не ўзгадваў, у іншых пратэсных акцыях не ўдзельнічаў і жыў ціхім мірным жыццём, кажа Канстанцін.
"Але 12 траўня а пятай раніцы да мяне пагрукаліся ў дзверы. На той момант мы разам з калегам арэндавалі кватэру. Як я пазней даведаўся, да нас прыйшлі кдбшнікі.
У мяне адразу забралі тэлефон і айпад. На вобшуку былі два гомельскія амапаўцы ў цывільным і невядомы следчы".
Першапачаткова да Канстанціна прыйшлі за тое, што ён быў удзельнікам працоўнага тэлеграм-чату "Вольнае паньства", у якім нафтавікі з Гомеля і Рэчыцы абмяркоўвалі як працу, так і выказвалі сваё стаўленне да вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.
У той дзень затрымалі шэсць з 12 удзельнікаў чату. Кагосьці пасля адміністрацыйнага арышту выпусцілі, хтосьці паспеў з’ехаць за мяжу. Канстанціну пашанцавала меней.
На той момант сілавікі не ведалі, што хлопец быў на пратэсце і штурхануў міліцыянта. Яго павезлі ў Рэчыцкі РАУС для "высвятлення абставінаў" і каб даведацца болей пра чат.
"Мы думалі, што сілавікі проста памыліліся"
"У аддзяленні я ўбачыў, што на аднаго з нашых завялі крыміналку за "абразу Лукашэнкі". З 5 раніцы да 17 вечара нас з сябрам трымалі без ежы і вады. Сілавікі дапытвалі нас і разам, і па асобку. Сілавікі хацелі даведацца, хто арганізатар чату".
Вечарам пасля допыту следчы сказаў, што затрыманых адпусцяць і нават выдаў грошы на праезд да дому.
"І тут жа з размовы з сілавікамі мы разумеем, што нас зараз будуць саджаць на 10 сутак за непадпарадкаванне міліцыянтам падчас вобшуку".
Канстанцін кажа, што зусім не чакаў, што пасля гэтых сутак яго чакае яшчэ тры гады калоніі.
"Мы з калегам думалі, што вось-вось выйдзем. Што сілавікі проста памыліліся, бо мы ж нічога такога не рабілі. Я ім адразу сказаў паролі ад усіх гаджэтаў, бо мне не было чаго хаваць.
Зусім не разумеў, за што мне даюць нават гэтыя суткі. Раней нават у аддзяленне міліцыі ніколі не заходзіў. Таму затрыманне для мяне аказалася сюрпрызам".
Калі да хлопцаў прыходзіў супрацоўнік КДБ, у іх бок пачыналіся пагрозы. Як казаў Канстанціну следчы, супрацоўніка КДБ спецыяльна выклікалі для ўздзеяння на тых, хто "адмаўляўся гаварыць".
"Ён нам казаў: "Вы што хочаце сесці ў турму? Распавядайце, як усё было!". А мы нават не разумелі, што ён ад нас хацеў. Перапытвалі яго: "Дык а што менаівта вам распавесці? Пытайце канкрэтна, мы ўсё раскажам".
Крымінальная справа, з-за якой прыйшлі да Канстанціна і яго калегі, была заведзена на былога палітвязня Міхаіла Лапенаса. Супрацоўнік КДБ хацеў высветліць, ці меў рэчычанін з ім якія-небудзь кантакты.
"Ён хацеў, каб мы далі супраць Міхаіла паказанні. Спрабавалі праз нас даведацца, хто ў чаце быў зачынальнікам і падбухторшчыкам і выставіць яго вінаватым. Выяглядала, што менавіта Лапенаса і хацелі такім зрабіць".
У выніку Канстанціну прызначылі дзесяць сутак арышту за нібы "непадпарадкаванне міліцыянту" падчас вобшуку.
"Я шчыра спадзяваўся, што за гэтыя 10 сутак яны зразумеюць, што на мяне нічога няма і адпусцяць".
Увесь час ад затрымання ў хлопца не было ніякай сувязі з бацькамі. Яны штодзень безвынікова прыходзілі да ІЧУ даведацца лёс Канстанціна. Толькі праз тры дні, калі адбыўся суд, бацька хлопца змог перадаць яму неабходныя рэчы.
"На той момант на мяне яшчэ не завялі крыміналку і ставіліся як да звычайнага вязня. Таму дазволілі перадаць рэчы".
Напрыканцы дзясятых сутак Канстанцін даведаўся, што супраць яго завялі крымінальную справу.
"Спачатку мне паставілі ў віну ўдзел у пратэснай акцыі (ч. 1 арт. 342 КК) і пагрозу гвалту ў дачыненні да міліцыянта (арт. 364 КК). Я сам не адмаўляў свой удзел у Маршы. На пытанне міліцыянтаў, дзе быў падчас пратэстаў, адказаў, што выйшаў на гарадскую плошчу".
Завялі крыміналку і адразу забралі матрац
На наступны дзень пасля завядзення крымінальнай справы стаўленне сілавікоў да Канстанціна рэзка змянілася, распавядае былы палітвязень.
"Па-першае, мяне перавялі ў адзіночную камеру. Калі я сабраў свае рэчы, мне сказалі матрац не браць. Нібы выдадуць вечарам новы. Канешне, мне яго так і не выдалі".
Як кажа суразмоўца, канваіры ставіліся да яго з шкадаваннем, прасілі іх зразумець і казалі, што ў іх "проста такая праца". Пры гэтым два разы за ноч яны будзілі Канстанціна, каб той рабіў ім даклад. Да таго ж у камеры ноччу не выключалі святло.
"Пры гэтым непалітычныя нармалёва елі-спалі, у іх было ўсё добра", – кажа хлопец.
Да суда Канстанцін знаходзіўся ў гомельскім СІЗА. На следчыя дзеянні яго этапавалі ў рэчыцкі ІЧУ. Такіх паездак было некалькі, кожная з каторых доўжылася каля тыдня.
Падчас знаходжання хлопца ў ІЧУ для яго не прыймалі рэчавыя перадачы. Бацьку Канстанціна сілавікі казалі, што сына ў іх няма, і каб ехаў шукаць яго ў Гомель.
"У СІЗА мяне адразу паставілі на прафулік як "схільнага да экстрэмізма, нападу на адміністрацыю, захопу закладнікаў і праявы агрэсіі". Праз гэта мяне пастаянна вадзілі толькі ў кайданках. Але, нягледзячы на гэта, там было больш лагодна: можна было прыймаць перадачы і спаць на матрасе. Але супрацоўнікі СІЗА ставіліся да палітычных перадузята. Калі даведаліся, што ў мняе “палітычны” артыкул, адразу пачалі казаць: “Ах ты яшчэ і ўладу хацеў змяніць! Што табе не падабалася? Колькі табе плацілі?".
"Канваіры забылі мяне ў "стакане"
Па вяртанні ў СІЗА пасля этапу вязня спачатку памяшчаюць у так званы "стакан" (маленькая камера без вакна памерам 1 м. кв. – заўв. рэд.). Там праводзяць дагляд і затым пераводзяць у звычайную камеру.
"Перад пераводам у камеру часам можна было схадзіць у душ. Але мяне туды ніколі не вадзілі", – распавядае хлопец.
Здаралася, што Канстанціна трымалі ў "стакане" па пяць-шэсць гадзін, хаця ў гэтым не было патрэбы.
"Аднойчы пасля этапа мяне проста забылі ў "стакане". Ужо перад самым адбоем а 22 гадзіне да мяне падыйшоў канваір і спытаў са здзіўленнем, што я тут так позна раблю".
У ІЧУ да хлопца падсаджвалі непалітычных вязняў, якія супрацоўнічалі з адміністрацыяй. Яны ўвесь час выпытвалі Канстанціна абставіны яго справы.
Два месяцы спаў на падлозе і застудзіў ныркі
Канстанцін кажа, што ўмовы ўтрымання ў рэчыцкім ІЧУ былі значна больш жорсткімі, чым у гомельскім СІЗА.
"У Рэчыцы ніякага табе матраса, спі на падлозе. Таксама забаранялі прывозіць з сабою ежу з перадач, якія я атрымліваў у Гомелі. Я з дзяцінства не ем мяса, таму гэта было дадатковай складанасцю. У рэчыцкім ізалятары было халодна, спаць вымушаны быў на падлозе. Але сілавікі забаранялі браць з сабою ў этап дадатковае цёплае адзенне".
З кожным этапам у рэчыцкі ІЧУ стаўленне да хлопца пагаршалася.
"У пэўны момант сілавікі сказалі, што мне забаронена ляжаць на ложку. Аргументавалі гэта загадам "зверху". У адваротным выпадку пагражалі карцарам. Агулам я правёў у ІЧУ 74 дні. За ўвесь гэты час мяне толькі два разы звадзілі ў душ. З моманту затрымання да этапу ў Гомель прайшоў месяц. Падчас яго мяне ні разу не адвялі памыцца.
Амаль увесь час знаходжання ў ІЧУ я спаў на падлозе. Я застудзіў сабе ныркі, бо быў скразняк, а ноччу ўжо было вельмі халодна. Пасля бацька перадаваў мне лекі".
Суразмоўца кажа, што праз такое нечалавечае стаўленне ў ІЧУ не хацеў вяртацца ў родны горад.
"Падчас этапу ў Рэчыцу я бачыў у вакно родныя краявіды, мясціны, дзе гуляў. І адначасова не хацеў туды вяртацца. У Гомелі было лепш".
Хіба можна даваць ежу палітвязню?
Як распавядае суразмоўца, адміністрацыя рэчыцкага ізалятара баялася наступстваў з-за “лагоднага” стаўлення да палітвязня. Аднойчы, калі бацька Канстанціна прынёс яму лекі для нырак, іх не прынялі, схлусіўшы, што палітвязень знаходзіцца ў СІЗА. Канстанцін кажа, што гэтая ініцыятыва сыходзіла асабіста ад тагачаснага начальніка ІЧУ Лабанава.
Супрацоўнікі ізалятара так баяліся хоць неяк камунікаваць з палітзняволеным, што часам даходзіла да зусім абсурдных сітуацый, кажа суразмоўца.
"Аднойчы ў ізалятары малады практыкант развозіў ежу і не спыніўся каля маёй камеры. Я пачаў грукаць у дзверы, каб ён выдаў маю порцыю. Пасля пачуў, як ён спытаў старшага супрацоўніка: "А што, хіба яго можна карміць?". Таксама палітычных там пазбаўлялі кіпня і цыгарэт".
Да апошняга спадзяваўся на "хатнюю хімію"
"Я думаў, ўсе разумеюць, што я проста штурхнуў супрацоўніка. Нават калі гэта трактуецца як гвалт, усё адно спадзяваўся на мінімальны тэрмін, што дадуць "хатнюю хімію". Як аказалася, быў занадта аптымістычным", – кажа Канстанцін.
Праз два месяцы пасля завядзення крымінальнай справы сілавікі знайшлі каментар Канстанціна пра Лукашэнку ў тэлеграм-чаце і паставілі яму ў віну, акрамя ўдзелу ў пратэснай акцыі, яшчэ і "абразу Лукашэнкі".
"У наш чат хтосьці зрабіў рэпост публікацыі, што на акцыі пратэсту выйшла 200000 чалавек, а на лукашэнкаўскую акцыю – 2000 чалавек, якіх звезлі ў Мінск з усёй краіны. Я напісаў, што 2 тысячы – гэта 97%, а 200 тысяч – 3%. І пакінуў подпіс: "Вучым матэматыку разам з Залупашэнкам". За гэта мне далі яшчэ адзін год".
У СІЗА ніхто не пытае "за базар"
Канстанцін ацэньвае ўмовы ўтрымання ў следчым ізалятары, як больш лагодныя.
"Там я быў у камеры з іншымі вязнямі, то бок было з кім камунікаваць. Спаў на матрасе і выходзіў у прагулачны дворык.
Я зусім па-іншаму ўяўляў сабе людзей у зняволенні. Раней думаў, што там знаходзяцца толькі мацёрыя небяспечныя зэкі, якія жывуць "па паняццях" і абавязкова спытаюць "за базар". Я зразумеў, што калі сам нармальны чалавек, то ніхто не стане да цябе дрэнна ставіцца і задаваць пытанняў, якіх ты не зразумееш. У далейшым у калоніі я адчуў падобнае: паўсюль ёсць добрыя людзі з чалавечым стаўленнем".
Як кажа суразмоўца, у камеры СІЗА людзі былі нават больш згуртаваныя, чым у студэнцкім інтэрнаце. Вязні шчодра дзяліліся ежай і іншымі рэчамі з тымі, каго затрымалі "голага" і без нічога".
"Ты ніколі не будзеш знаходзіцца ні з якімі людзьмі так шмат, як з вязнямі ў камеры. Ты нават у туалет з імі ходзіш у адным пакоі".
"Цяпер дакладна ведаю, што такое ўдар, а што – штуршок"
Увесь апошні месяц лета над Канстанцінам доўжыўся судовы працэс, які расцягнуўся на шэсць пасяджэнняў. На адным з іх сведкам выступаў міліцынт, якога штурхануў Канстанцін падчас пратэстаў. Ён быў амаль аднаго з ім узросту. Хлопец кажа, што заява сілавіка пра гвалт над ім выглядала камічна.
"У мяне рост 170 см., у міліцыянта – 193 см. і вага 110 кг. То бок, ён дастаткова моцны хлопча. Было забаўна слухаць, як ён прасіў кампенсацыю маральнай шкоды 1000 рублёў".
У першапачатковым абвінавачванні Канстанціна фігураваў "штуршок у спіну", які пасля перакваліфікавалі на “рэзкі ўдар”, кажа суразмоўца.
"Суд прысвяціў цэлае пасяджэнне разбіральніцтву, што ж я зрабіў з міліцыянтам. Цяпер я дакладна ведаю, што такое удар, а што – штуршок".
"Любіш біць міліцыю? Зараз мы цябе паб’ем". ПК № 15
Па прыбыцці ў калонію, яшчэ ў этап-пакоі (памяшканне, куды вязня змяшчаюць па прыбыцці ў калонію для першаснага агляду – заўв. рэд.), Канстанцін зразумеў, што да яго ў адміністрацыі асаблівая ўвага. Супрацоўнікі калоніі пагражалі яму збіццём, а іншыя вязні правакавалі.
"Да нас прыйшлі начальнік рэжымнага аддзелу, мой зямляк, Весялоў Арцём Віктаравіч і яго намеснік Кавалёў Дзяніс Аляксандравіч. Яны загадзя прачыталі, за што мяне асудзілі і размову пачалі з пагрозаў: “Ну што, будзем цябе біць. Ды што ты, мы ж жартуем". Магчыма, яны правяралі, ці буду я іх баяцца. Але мне было ўсё роўна".
"Дык ты яшчэ і бчбшнік"
Суразмоўца распавядае, што сутыкнуўся з перадузятым і зняважлівым стаўленнем і з боку так званых "актывістаў" – вязняў, якія супрацоўнічаюць з адміністрацыяй. Па іх указцы палітвязняў па надуманых прычынах выклікалі на праверкі, дзе збівалі або прымушалі адціскацца.
"Актывісты казалі: "Дык ты яшчэ і бчбшнік" . А таксама называлі палітычных "экстрэмістамі". Сярод іх быў Кіслякоў Ілля Мікалаевіч, які пастаянна імкнуўся мяне і іншых паддзець і справакаваць: "Любіш біць міліцыю? Зараз мы цябе будзем біць". Мяне, напрыклад, "жартаўліва" маглі ўдарыць у прэс. Але іншых палітвязняў збівалі даволі моцна.
"Актывіст" рукою пакідаў на чужым ложку ўмяціны. Гэта залічвалі як дрэнна засцелены ложак і выклікалі на праверку, дзе збівалі ці па іншаму фізічна каралі".
Як распавядае былы палітвязень, "актывісты" і самі траплялі ў няласку да аператыўнікаў.
"У нас быў такі заўгас Вяроўчанка ("Верёва"), які часткова выконваў функцыі адміністрацыі і займаўся размеркаваннем працы. Ён быў "брудным" чалавекам. Вельмі любіў адміністрацыю і шчыраваў, каб зрабіць горш іншым вязням. Яго, канешне, за гэта не асабліва любілі. У выніку заўгаса адправілі на крытую турму".
Канстанцін распавядае, што калі яго толькі перавялі ў калонію, у ягоным атрадзе было прыкладна пяць-сем "палітычных". А бліжэй да канца тэрміна ў атрадзе на 110-120 чалавек было ўжо 15-17 палітвязняў. З іх тры-чатыры чалавекі пастаянна ўтрымліваліся ў ШІЗА.
"Пакуль я сядзеў, палітычных станавілася ўсё болей і болей. Я не разумеў, за што яшчэ можна саджаць людзей".
За лішні рулон туалетнай паперы выпісалі парушэнне
Праз паўгода з Канстанціна зрабілі “злоснага парушальніка рэжыму” і абмежавалі магчымасць атаварвацца ў краме. Так, падчас чарговай праверкі ў палітвязня знайшлі ў тумбачцы два рулоны туалетнай паперы. А паводле вопісу значыўся толькі адзін. Другое “парушэнне” яму далі за тое, што нібы не зрабіў даклад перад супрацоўнікам калоніі.
"Мяне выклікалі ў пакой захоўвання асабістых рэчаў. Я ўжо разумеў, што супрацоўнікі выклікаюць, каб выпісаць парушэнне. Нават калі ўсё скажаш правільна і выканаеш усе правілы, яны знойдуць, за што. Таму я проста павітаўся без дакладу. Мне адразу зрабілі заўвагу і выпісалі парушэнне.
Іншы раз супрацоўнік залез у торбу з маімі рэчамі, дзе ляжала гарбата. У вопісу было пазначана, што я маю 200 грамаў. А ён прычапіўся, што ў мяне гарбата ў пакеціках. Адразу парушэнне.
У тых умовах мы нічога не можам абскардзіць. А начальнік калоніі ніколі не стане на бок зняволенага. Зрэшты, з яго загаду звычайна ўсе гэтыя “парушэнні” і выпісваюць".
"Пазычаў пальчаткі ў іншых вязняў". Прамзона ў калоніі
Першы год зняволення Канстанцін "чысціў алюміній2 – ашышчаў алюмініевыя правады ад ізаляцыі.
"Працавалі з 8 раніцы да 16:20. Праца жудасная, працоўнае памяшканне вельмі бруднае і пыльнае. Спецвопратку нам ніякую не выдавалі. Даводзілася пазычаць пальчаткі ў іншых вязняў. Бо нам выдавалі нейкія аднаразовыя.
Але больш за ўсё там усіх хвалявала аплата працы – да аднаго рубля ў месяц. Я, напрыклад, атрымліваў 80 капеек у месяц за ачыстку алюмінія".
У кожнага вязня была абавязковая норма выпрацоўкі. Аднойчы начальства яе падвысіла, адпаведна, шмат хто не змог яе выканаць. За гэта на вязняў склалі рапарты, але толькі на палітычных, кажа Канстанцін.
Іншая сур’ёзная праблема на прамзоне – адсутнасць душа, кажа суразмоўца. А каб памыцца пасля працы ў атрадзе, трэба выканаць шмат доўгіх і марудных маніпуляцый з вадою і вядром.
"Ты ўвесь брудны ў мазуце прыходзіш пасля працы ў атрад. Набіраеш 10-літровае вядро вады і закідваеш туды "машыну" (Награвальны элемент. Напрыклад, гэта можа быць пераробленая платформа ад электрачайніка або спіраль ад кіпяцільніка – заўв. рэд.). Затым ідзеш у душ. Там у тазу разбаўляеш кіпень халоднаю вадою і паліваеш сябе, чэрпаючы ваду з таза тэхнічным кубкам. І так цэлы атрад. Таму шмат хто проста не мыўся, чакаючы пахода ў нармальны душ, у які водзяць толькі раз на тыдзень".
Пазней ён перайшоў працаваць на дрэваапрацоўку.
"Асноўнае, чым адрознівалася новая праца – там трэба было сапраўды працаваць. Але там быў душ. Да таго ж на дрэваапрацоўцы я мог займацца спортам. На стадыён мне было забаронена. У адрозненні ад папярэдняй працы, на новай да мяне ставіліся як да проста рабочага, а не палітвязня".
Не пайшоў у краму пасля “нізкага статуса” і патрапіў у ШІЗА на 10 сутак
У калоніі "актывісты" вызначаюць, у якім парадку вязні ходзяць у краму. Адзін з вязняў пасварыўся з імі. І начальнік калоніі загадаў, што цяпер палітвязні будуць наведваць краму толькі пасля вязняў з "нізкім сацыяльным статусам".
"Праз тое, што я адносна іншых сядзеў ужо даўно, з 2021 года, то некаторыя з вязняў пыталі ў мяне меркавання на гэты конт. Я выступіў супраць і сказаў, што мы з іншымі палітвязнямі проста не будзем хадзіць у краму. Так мы прапусцілі тры паходы. Затым на мяне напісалі рапарт і пасадзілі ў ШІЗА на 10 сутак. Аператыўнік мне наўпрост сказаў: "Ну ты ж разумееш, за што гэта".
Па вызваленні з ШІЗА аператыўнік наўмысна запужваў палітвязня: "Ну што ты, Міхальцоў, выйшаў? Ідзі троху адпачні, бо хутка назад вернешся".
"У атрадзе ты заўсёды баішся"
Як распавядае суразмоўца, ШІЗА з голымі бетоннымі сценамі знаходзілася на мінусавым паверсе. Ацяплення не было, таму вязні моцна мёрзлі.
"Цёплыя рэчы браць было забаронена. Толькі шкарпэткі. І на выба: або майткі, або нацельную бялізну. Ноччу, каб сагрэцца, я адціскаўся кожныя дзве гадзіны".
Начальнік калоніі дамагаўся, каб супраць Канстанціна завялі новую крымінальную справу за "злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі" (арт. 411 УК). Пасля суразмоўцу пасадзілі яшчэ на 10 сутак у ШІЗА. Але ў выніку гэтым абыйшлося.
Нягледзячы на жудасныя ўмовы ў ШІЗА, Канстанцін кажа, што ў пэўным сэнсе яму было там нават лепш, чым у атрадзе.
"У ШІЗА я сяджу спакойна сам. А ў атрадзе ты заўсёды сядзіш і баішся, што зараз будзе ісці "актывіст" ці супрацоўнік, які спыніць цябе і прычэпіцца. Напрыклад, каб паслухаць даклад, спытаць, чаму не зашпілены гузік, высока задраны шалік ці проста за нібы неахайны выгляд".
Канстанцін нават прасіўся ў выходныя дадаткова хадзіць на прамзону, каб не знаходзіцца ў пастаяннай атмасферы страху і трохі адцягвацца ад думак пра зняволенне.
"Як толькі ў барак заходзіць супрацоўнік, ты адразу думаеш, што гэта прыйшлі да цябе. Пачынаеш правяраць, каб не было нагодаў прычапіцца.
Мяне ў 26 гадоў як дзіця адчытваюць за два рулоны туалетнай паперы ў тумбачцы. Гэта проста смешна. Цябе там абражаюць, а ты мусіш у адказ ставіцца з павагай, інакш табе гэта абыйдзецца высокім коштам. Часам было цяжка стрымацца, каб не адказаць. Да тых, хто хоць штосьці казаў адміністрацыі, ужывалі фізічны гвалт. Міліцыя цябе там можа паўсюль збіць і ім за гэта нічога не будзе".
Замест ідэалагічнай лекцыі паехаў з сябрамі ў Мінск на канцэрт
Канстанцін адбыў увесь тэрмін і сёлета ў лютым выйшаў на волю. Праз тыдзень да яго ноччу пачалі прыходзіць з праверкамі міліцыянты. Таксама трэба было адзначацца ў аддзяленні міліцыі і наведваць ідэалагічныя лекцыі. Адну такую лекцыю суразмоўца прапусціў, паехаўшы з сябрамі ў Мінск на канцэрт любімага гурта. За гэта на яго завялі адміністрацыйную справу. Канстанцін асцерагаўся, што на яго могуць завесці новую крымінальную справу, таму вырашыў з’ехаць з Беларусі ў Польшчу. Часова ён жыве ў свайго сябра і паплечніка. Аднаўляе здароўе і займаецца ўладкаваннем на новым месцы.