Юрыя Рубцова дапытваюць у Следчым камітэце
Гомельскага актывіста Юрыя Рубцова, які адбывае пакаранне ў спецкамендатуры вёскі Куплін Пружанскага раёну, 9 лютага адвезлі ў раённы Следчы камітэт на допыт. Гэтую інфармацыю палітвязень паспеў перадаць па тэлефоне.
Адной з магчымых прычын зацікаўленасці следчых Рубцовым, праваабаронцы называюць узбуджэнне крымінальнай справы за ўхіленне ад адбыцця пакарання, што прадугледжана артыкулам 415 Крымінальнага кодэкса РБ. Санкцыі гэтага артыкула - да 3 гадоў пазбаўлення волі. Верагодна, пасля допыту інфармацыі з’явіцца больш.
1 лютага Юрый Рубцоў атрымаў ад кіраўніцтва папраўчай установы адкрытага тыпу №7 папярэджанне па арт 415 КК за ўхіленне ад адбыцця пакарання. Юрый Рубцоў лічыць гэта поўнай лухтой. Як можна знаходзіцца ў месцы пакарання і адначасова ўхіляцца ад пакарання.
А ў тым, што ён патрабуе працу з сярэднім заробкам 600 долараў, нічога дзіўнага няма: кожны хоча нармальна жыць. Тым больш, што вязні знаходзяцца на поўнай самаакупнасці, - лічыць актывіст.