Віцебскія журналісты і актывісты працягваюць абскарджваць штрафы за фотасесію

2015 2015-01-17T18:11:06+0300 2015-01-17T18:11:06+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/vicebsk-grafici.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Прызнаўшы фотасесію на фоне гарадскога графіці несанкцыянаваным пікетаваннем, суд Чыгуначнага раёна Віцебска аштрафаваў шэсць удзельнікаў. Спробы абскардзіць гэта рашэнне ў абласным судзе поспеху не мелі. Цяпер пададзеня скаргі на імя старшыні абласнога суда.

Паводле праваабаронцы Паўла Левінава, удзельнікі фотасесіі вырашылі давесці справу да канца – калі прыйдзецца, то звярнуцца і ў Камітэт па правах чалавека ААН:

"Былі спробы аспрэчыць рашэнне суда першай інстанцыі – не атрымалася. Тады мы паспрабавалі звярнуцца да старшыні абласнога судв, каб адкласці час выканання рашэння, пакуль ён не азнаёміцца з нашымі справамі. Але і тут усе атрымалі адмовы. Вырашылі звярнуцца ў раённы суд, каб нам дазволілі заплаціць штраф у растэрміноўку, бо ў аштрафаваных не такія вялікія прыбыткі, каб адным разам сплаціць больш як па тры мільёны рублёў – і тут адмовілі".

Павел Левінаў таксама быў адным з удельнікаў фотасесіі, якая прайшла ў Віцебску ў пачатку лістапада 2014 года. Удзельнікі вырашылі сфатаграфавацца на фоне вядомага ў горадзе графіці – малюнка трох клетак, з якіх вырываюцца на волю птушкі, зробленыя з газеты. Каб працягнуць тэму свабоды прэсы, узнятую невядомым мастаком, людзі на фотаздымках таксама трымалі ў руках хто папярэвыя клеткі, а хто – зробленых з газет птушак-арыгамі.
Гэтыя фотаздымкі трапілі ў інтэрнэт 5 лістапада, калі ў свеце праводзілася міжнародная кампанія салідарнасці "Станем за журналістыку". Удзельнікаў фотасесіі, сярод якіх былі і праваабаронцы, і журналісты, і грамадскія актывісты, аштрафавалі як удзельнікаў несанкцыянаванага пікетавання. Фотасесія прайшла без увагі міліцыі, але праз два тыдні пасля з'яўлення фотаздымкаў у інтэрнэце ўсіх, каго пазналі па фота, выклікаў начальнік аддзела аховы прафілактыкі і правапарадку міліцыі Чыгуначнага раёна Аляксандр Рыбакоў. Ён апытваў удзельнікаў фотасесіі, і, нягледзячы на іх тлумачэнні, складаў пратаколы правапарушэння.

На судзе над кожным удзельнікам фотасесіі маёр міліцыі Рыбакоў быў адзіным сведкам. Ён казаў, што загад разабрацца з людзьмі на фотаздымках атрымаў ад свайго кіраўніцтва з абласной управы МУС, і што, на ягоную думку, удзельнікі фотасесіі "выказвалі свае грамадска-палітычныя інтарэсы". Тое, што ўсе людзі маюць права на свабоднае выказванне ўласных думак, не ўлічыў ні міліцыянт, ні суд. Штраф памерам 20 базавых велічыняў атрымалі журналісты Алена Сцяпанава (суддзя Дзяніс Губанаў), Кастусь Мардзвінцаў (суддзя Алена Цыганкова), Зміцер Казакевіч (суддзя Алена Цыганкова). Штраф памерам 18 базавых велічыняў прысуджаны актывістцы аргкамітэта па стварэнні партыі БХД Алене Шабуні (суддзя Дзяніс Губанаў), віцебскай каардынатарцы аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Таццяне Севярынец і праваабаронцу Паўлу Левінаву былі прысуджаны штрафы памерам 25 базавых велічыняў (суддзя Алена Цыганкова). Гэтая ж суддзя пакарала трыма суткамі арышту жыхара Віцебска Пятра Бярлінава – выпадковага мінака, які далучыўся да фотасесіі віцебскіх журналістаў і актывістаў.

Сплаціць штрафы ў растэрміноўку не дазволілі нікому з вышэй пералічаных асоб. Суддзі суду Чыгуначгнага раёну не ўлічылі, што сярод аштрафаваных ёсць беспрацоўныя, пенсіянеры з невялікай пенсіяй, прыкладам, як Тацяна Севярынец, а Алена Шабуня з'яўляецца інвалідам 3-й групы па зроку, і таксама жыве на адну пенсію, пры гэтым яна адна гадуе траіх дзяцей, двое з якіх – непоўнагадовыя.

"Я ўжо спрабаваў аспрэчыць рашэнне пра адмову ў растэрміноўцы, -- кажа Павел Левінаў. Паказаў квіток, што атрымліваю пенсію, і другі – што 600 тысяч мушу плаціць толькі за камунальныя паслугі. Паказаў пасведчанне аб смерці бацькі, якога толькі нядаўна пахаваў, а гэта, як вядома, таксама вялікія выдаткі… Аднак суддзя Алена Цыганкова так і не знайшла дастатковых падстаў, каб дазволіць пагашэнне штрафаў цягам некалькіх месяцаў – ні для мяне, ні для астатніх. Да нас ставяцца так, нібыта мы нанеслі дужа вялікую шкоду гораду і правапарадку ў ім, усяго толькі сфатаграфаваўшыся на фоне графіці! Нідзе ў свеце за падобныя фотаздымкі не караюць".

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international