viasna on patreon

Паўла Левінава аштрафавалі на 25 базавых велічынь

2014 2014-12-17T13:23:47+0300 2014-12-17T13:23:47+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/levinau-pavel-sud-fota.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Павел Левінаў

Павел Левінаў

Віцебскі праваабаронца хадайнічаў, каб судовы працэс перанеслі з прычыны ягонай хваробы. Але суддзя Алена Цыганкова суда Чыгуначнага раёна палічыла гэта хадайніцтва спробай зацягнуць судовы працэс. Яна не задаволіла ніводнага хадайніцтва Паўла Левінава, а за тое, што іх было "зашмат", абвясціла праваабаронцу дзве афіцыйныя заўвагі.

Павел Леваінаў стаў апошнім ўдзельнікам фотасесіі "з птушкамі і клеткамі", якога асудзілі за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. Падставай для завядзення сямі адміністрацыйных спраў па арт. 23.34 КаАП за "несанкцыянаванае пікетаванне" стала фотасесія групы віцебскіх журналістаў і грамадскіх актывістаў , якія сфатаграфаваліся на фоне будынка з малюнкам – выявамі клетак, з якіх вылятаюць зробленыя з газеты птушкі.

Суд над Паўлам Левінавым распачаўся 12 снежня, і тады суддзя Алена Цыганкова дазволіла весці відэазапіс працэсу. Сёння, убачыўшы відэакамеру ў журналіста Кастуся Мардзвінцава, суддзя заявіла, што здымаць дазваляе толькі самому Левінаву. Яму давялося выступаць з хадайніцтвамі і даваць паказанні, трымаючы ў руках відэакамеру.

Зрэшты, ніводнага хадайніцтва Паўла Левінава суд так і не задаволіў. У тым ліку пра далучэнне фотаздымкаў і матэрыялаў з інтэрнэту, якія сведчаць пра наяўнасць адмысловага інтарэсу віцебскай міліцыі да фотасесіі журналістаў і актывістаў, кваліфікаванай міліцыянтамі як "несанкцыянаванае пікетаванне".

У прыватнасці, Павел Левінаў хадайнічаў, каб да справы далучылі фотаздымкі з сапраўднага пікету, які ён праводзіў у лістападзе 2013 года на тэрыторыі таго самага Чыгуначнага раёна:
"Гэтыя фотаздымкі таксама былі ўзятыя ў інтэрнэце. Але інтарэса ў міліцыі яны чамусці не выклікалі. За мінулы год у заканадаўстве не змянілася анічога, але інтарэс у міліцыі прачнуўся: падпалкоўнік Аляксандр Каліноўскі, супрацоўнік абласнога міліцэйскага ўпраўлення, напісаў рапарт у Чыгуначны РАУС, каб падначаленыя разабраліся з асобамі, у дзеяннях каторых былі "заўважаны прыкметы правапарушэння". Адкуль раптам узяўся такі надзвычайны інтарэс да фотаздымкаў журналістаў і грамадскіх актывістаў, я не ведаю. Але ён ёсць, гэта несумненна! Маёр Аляксандр Рыбакоў, які складаў пратаколы на ўдзельнікаў фотасесіі, таксама не змог нічога патлумачыць з гэтае нагоды. Толькі паўтараў адно і тое ж: што мы, калі фатаграфаваліся выказвалі "свае грамадска-палітычныя інтарэсы, бо ў нас прыгнятаюць незалежную прэсу".

Праваабаронца атрымаў 2 заўвагі ад суддзі, якая заявіла, што ён сваімі хадайніцтвамі зацягвае працэс. Спадарыня Цыганкова так спяшалася яго завяршыць, што не дазволіла нават дзвюххвілінны перапынак, каб Левінаў аднёс скаргу старшыні суда ў суседні кабінет. Калі ж Павел Левінаў папрасіў перанесці працэс, прадставіўшы суду дакумент пра тое, што ён хварэе і знаходзіцца на бальнічным, суддзя заявіла, што праваабаронца, калі ўжо ён прыйшоў у суд, у стане пачакаць завяршэння працэсу і пастановы.

Два адводы суддзі таксама прынятыя не былі, і праз 45 хвілін ад пачатку разгляду справы Алена Цыганкова зачытала пастанову: аштрафаваць Паўла Левінава "за ўдзел у несанкцыянаваным пікетаванні" на 25 базавых велічынь.

Пачынаючы з 28 лістапада, іншыя ўдзельнікі фэтасесіі, якую міліцыя лічыць несанкцыянаваным пікетаваннем, таксама былі пакараныя. Штраф памерам 20 базавых велічыняў атрымалі журналісты Алена Сцяпанава (суддзя Дзяніс Губанаў), Кастусь Мардзвінцаў (суддзя Алена Цыганкова), Зміцер Казакевіч (суддзя Алена Цыганкова). Штраф памерам 18 базавых велічыняў прысуджаны актывістцы аргкамітэта па стварэнні партыі БХД Алене Шабуні (суддзя Дзяніс Губанаў), віцебскай каардынатарцы аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Таццяне Севярынец таксама прысуджаны штраф памерам 25 базавых велічыняў (суддзя Алена Цыганкова). Гэтая ж суддзя пакарала трыма суткамі арышту жыхара Віцебска Пятра Бярлінава – выадковага мінака, які далучыўся да фотасесіі віцебскіх журналістаў і актывістаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства