«Ёсць беларусы за мяжой, якія не падабаюцца рэжыму Лукашэнкі»

2014 2014-08-15T11:52:15+0300 2014-08-15T11:52:15+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/lashchynski_rr.jpg
Праграмны дырэктар Беларускага Радыё Рацыя Юрка Ляшчынскі. Фота: racyja.com

Праграмны дырэктар Беларускага Радыё Рацыя Юрка Ляшчынскі. Фота: racyja.com

Праграмнага дырэктара Беларускага Радыё Рацыя, якое вяшчае з Беластоку, Юрку Ляшчынскага ўлады па-ранейшаму не хочуць бачыцьу Беларусі, аб чым сведчыць чарговы штамп у яго пашпарце - уезд забаронены”.

Падрабязнасці спадар Ляшчынскі распавёў у студыі Беларускага Радыё Рацыя.

RR: Спадар Юры, чым Вы так насалілі беларускай дзяржаве? Тлумачэнні Вам не захацелі даць?

Юрка Ляшчынскі: Сапраўды, тлумачэння не далі. Сказалі, што Консулят не дае тлумачэнняў: чаму адмоўлена. Гэты штамп: “Адмоўлена” з датай 14 жніўня. А мінулы штамп у іншым пашпарце з датай 26-га жніўня мінулага году. Яшчэ маю ў старым пашпарце яшчэ два штампы, якія анулююць візу – гэта падчас прэзідэнцкіх выбараў 2006 году і яшчэ раней. Чаму цяпер не хочуць даць візы ў прыватных турыстычных справах, каб наведаць сяброў у Менску і Гародні, гэтага я не ведаю. Думаю, што гэта звязана з тым, што працую на Беларускім Радыё Рацыя і гэтага не саромлюся, гавару пра гэта адкрыта. Мабыць, гэтая прычына. Але ў чым вінаватыя мы? Не ведаю.

RR: Напэўна, добра працуем, і ацэньваюць нас можа супрацоўнікі кансуляту ці супрацоўнікі нейкіх службаў, якія прымаюць рашэнне: каго пускаць на тэрыторыю Беларусі, а каго не пускаць, бо не аднойчы амбасада гаварыла пра тое, што не яны прымаюць рашэнне.

Юрка Ляшчынскі: Відаць, мая асоба там не пажаданая – у Рэспубліцы Беларусь, але мяне насцярожыла нешта іншае. Калі я на мінулы тыдні складаў заяву на візу, трэба было гэта аплаціць, каб яны разгледзелі гэтую заяву, і таго самага дня патэлефанавалі з кансуляту і сказалі, што забраць пашпарт мне трэба будзе, скажам, не ў сераду, а на дзень пазней. Гэта ўжо насцярожыла: штосьці яны будуць вельмі дэталёва разглядаць. Разгледзелі, відаць, дэталёва. У мінулым годзе, здаецца, чатыром супрацоўнікам Беларускага Радыё Рацыя адмовілі даць візу. У гэітым годзе з людзей, звязаных з Радыё Рацыя, мне першаму адмовілі.

RR: Вядома, што старшыня Управы нашага Радыё з 2011 году мае ануляваную візу ў Беларусь. Некалькі разоў спрабаваў атрымаць візу, яму адмаўлялі. Даследчыцы беларускай культуры Лене Глагоўскай была ануляваная віза. Старшыні Саюзу бларусаў у Польшчы Яўгену Вапу была ануляваная віза. На Вашую думку, такія выпадкі, калі не даюць візы прадстаўнікам беларускай меншасці, ці гэта не паказчык таго, як Беларусь ставіцца да беларусаў замежжа: не падабаешся – мы табе забараняем заехаць.

Юрка Ляшчынскі: Ёсць беларусы за мяжой, якія падабаюцца цяперашняй уладзе Рэспублікі Беларусь, якой кіруе Аляксандр Лукашэнка, а ёсць некалькі дзясяткаў асобаў ці некалькі асобаў, якія не падабаюцца рэжыму Лукашэнкі. Да іх належу, на жаль, і я. Але істотнае тое, што ў Рэспубліцы Беларусь гаворыцца пра супрацу з суайчыннікамі за мяжой, гаворыцца пра пацяпленне адносінаў з Польшчай ці Еўразвязам, а гэтае пацяпленне толькі на словах. А на практыцы пацяплення няма, ёсць “лепшыя” беларусы, ёсць “горшыя” беларусы замежжа, якія не падабаюцца ўладзе ў Менску. Як можна гаварыць пра кантакт з Бацькаўшчынай, калі нельга туды ўехаць, можна толькі тутака сустрэцца.

RR: Падыход беларускай улады да беларусаў замежжа здавалася змяніўся, быў прыняты Закон пра беларусаў замежжа. Праўда, доўга вызначаліся: хто такія беларусы замежжа. Увесну было інтэрв’ю з консулам Беларусі ў Беластоку і там, між іншым, гучала, што мы адкрытыя, калі чалавек з’яўляецца беларусам, мы яму дапамагаем… Ці беларусы замежжа бачаць гэтую падтрымку беларускай дзяржавы, нават тыя, якія “падабацца”? Ці ёсць канкрэтная дапамога?

Юрка Ляшчынскі: Нельга гаварыць, што гэтай дапамогі няма, бо прыязджаюць нейкія народныя калектывы з Беларусі на розныя святы. Дапаможнікі ёсць для школаў. Але гэта на такім нізкім узроўні, каб усё беларускае за мяжой гібела. Каб раптам не аказалася, што беларусы на Беласточчыне альбо на Віленшчыне апынуліся П’емонтам Адраджэння Беларусі. Проста Беларусь ў гэтай геапалітычнай сітуацыі мусіць заставацца пад кіраўніцтвам таго самага чалавека, таго самага рэжыму. Дарэчы, тое, што ва Украіне адбываецца, у кантэксце Беларусі паказвае, што рэжым беларускі не збіраецца дэмакратызаваць краіну, а будзе яшчэ больш жорстка кіраваць.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international