Звярнуўся ў адміністрацыю прэзідэнта - апынуўся ў Навінках

2014 2014-08-07T12:04:50+0300 2014-08-07T12:04:50+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/psihbalnica-navinki.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Жаданне грамадзянаў скарыстацца сваім канстытуцыйным правам уладам прасцей звесці да «ціхага вар'яцтва». Мінчанін-праўдашукальнік Міхаіл Мяхедка 6 жніўня звярнуўся ў адміністрацыю прэзідэнта, адкуль яго звезлі ў Навінкі.

Міхаіл Мяхедка раней прыходзіў у Праваабарончы цэнтр «Вясна» па дапамогу па звароце ў суд: ён дамагаўся праверкі Канстытуцыйным Судом практыкі судоў па прымяненні заканадаўства аб прадастаўленні кампенсацыі пры канфіскацыі зямельных участкаў і зносе жылых памяшканняў, якія належаць грамадзянам па праве долевай уласнасці, на адпаведнасць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. І мы распавядалі гісторыю аб тым, як прэзідэнцкая адміністрацыя стала перашкодай на яго шляху да канстытуцыйнага правасуддзя. Пра тое, што гэтая гісторыя літаральна днямі атрымала працяг, паведаміў юрыст Павел Сапелка.

Праблемы, звязаныя з бітвай за ўласнасць і пошукамі праўды, прывялі Міхаіла Мяхедку спачатку на бальнічны ложак - у яго здарыўся інсульт. Больш-менш прыйшоўшы ў сябе, хоць ходзіць ён зараз з цяжкасцю, мужчына вырашыў зноў звярнуцца ў адміністрацыю прэзідэнта - скарыстаўшыся тым, што ў заканадаўства былі ўнесены некаторыя змены, і спадзеючыся на ўмяшанне прэзідэнта як апошняй інстанцыі ў спрэчцы за свае правы.

«Калі 6 жніўня Мяхедка звярнуўся ў адміністрацыю прэзідэнта, то замест разгляду сваёй скаргі ён апынуўся ў руках супрацоўнікаў міліцыі спецыяльнага прызначэння. Яны спачатку прапанавалі сваякам забраць затрыманага, а калі тыя прыехалі, аказалася, што Мяхедка ўжо накіраваны для агляду ў Рэспубліканскі цэнтр псіхічнага здароўя ў Навінкі. Цяпер ён знаходзіцца там, нейкай інфармацыі пра яго пакуль няма», - распавёў падрабязнасці Павел Сапелка.

У практыцы праваабаронцаў гэта не адзіны выпадак, калі скаргі «надакучлівых» грамадзянаў сканчаюцца для іх гутаркамі з псіхіятрамі. «Замест прававых довадаў дзяржаўныя органы звяртаюцца да псіхіятрычных, паколькі прасцей патлумачыць паводзіны грамадзянаў не іх жаданнем скарыстацца сваімі канстытуцыйнымі правамі, а "ціхім вар'яцтвам"», - адзначае Павел Сапелка.

ПЦ "Вясна" працягвае сачыць за сітуацыяй з Міхаілам Мяхедкам. 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international