“Найноўшая гісторыя ў асобах” – па-англійску

2014 2014-07-17T09:33:43+0300 2014-07-17T09:34:03+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/tamkovich-3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Аляксандр Тамковіч. Фота Радыё Свабода

Аляксандр Тамковіч. Фота Радыё Свабода

16 ліпеня ў амбасадзе Германіі ў Мінску прэзентавалі чарговую кнігу сябра Рады ГА “БАЖ” Аляксандра Тамковіча – “Найноўшая гісторыя ў асобах” у перакладзе на англійскую мову. У гутарцы з прэс-службай ГА “БАЖ” аўтар распавёў, каму адрасуе новае выданне, у чым бачыць яго сэнс і ўласную місію.

А.Тамковіч: За кожнай кнігай стаіць праца многіх людзей, таму пачну з падзякаў. Найперш – нямецкай амбасадзе і яе кіраўніку Вольфраму Маасу за ветлівасць.

Таксама я ўдзячны зарэгістраванаму ў Вільні Незалежнаму інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў і асабіста прафесару Алегу Манаеву за магчымасць прэзентаваць кнігу.

Вельмі дапамаглі мне ў працы над выданнем сябра Рады ГА “БАЖ” Андрусь Клікуноў і перакладчыкам, якія выканалі якасную работу аб’ёмам у 492 старонкі. Роўна столькі, з улікам агульнага фотаальбома, склалі 70 нарысаў кнігі “Найноўшая гісторыя ў асобах”, якая ўпершыню на беларускай мове пабачыла свет летась.

Адрозненне гэтага выдання ад мінулагодняга – не толькі ў колькасці нарысаў (іх тут крыху менш). Спецыяльна для іншаземцаў кніга багата ілюстраваная – амаль трыста фота, большая частка якіх паходзяць з прыватных архіваў. Усе зроблена для таго, каб чытач лепш зразумеў асобу героя.

Калі выйшаў беларускамоўны варыянт, яго слушна назвалі “энцыклапедыяй выкрэсленых імёнаў”. Спадзяюся, выдадзеная па-англійску кніга будзе вельмі карыснай замежным дыпламатам, бо фактычна яна з’яўляецца пашыраным літаратурным варыянтам даведніка “Хто ёсць хто”.

Для чалавека, які ўпершыню трапляе ў Беларусь, будзе не залішнім завочнае знаёмства адразу з усім палітычным бамондам нашай краіны. Гаворка не толькі пра палітыкаў, але і пра вядомых кіраўнікоў “трэцяга сектару”. Зрэшты, ў нашай непрыстойна-стабільнай краіне палітыкай лічыцца ўсё, што так называе ўлада. Таму ўдакладняю: з “апазіцыйным” бамондам.

Але там ёсць і перакананыя камуністы, і прынцыповыя нацыяналісты. На мой погляд, калі кіравацца толькі ўласнымі палітычнымі сімпатыямі, не атрымаецца нічога вартага. Асабліва калі размова ідзе пра людзей творчых. Памятаю, як адзін паэт вельмі настойліва раіў мне не пісаць пра другога таму, што некаторым не падабаюцца яго вершы…Так што папрокі наконт нейкай “неразборлівасці” – не да мяне. Калі энцыклапедыі пачынаюць пісаць “пад некага”, яны абавязкова рана ці позна трапляюць у макулатуру.

Дарэчы, пра энцыклапедыі. Я даволі часта прыводжу гэты прыклад, аднак лічу мэтазгодным агучыць яго яшчэ раз. У маёй хатняй бібліятэцы – дзве падобныя серыі. Адна надрукавана 20 гадоў таму, другая – цяпер. У першую многія асобы трапіць яшчэ не паспелі, у другую не ўвайшлі з-за цэнзуры – быццам бы іх і не было ў найноўшай гісторыі Беларусі.

Цэлае пакаленне вырасла “пад дыктоўку” ўлады. Можа так здарыцца, што праз пэўны час усё наша нядаўняе мінулае будзе “падагнана” пад пэўныя ідэалагічныя догмы. У гісторыі такое ўжо здаралася не раз. Каб гэтага не адбылося, я і пішу свае кнігі.

 

Прэсавая служба ГА "БАЖ".

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international