У Віцебску Следчы камітэт шукае “Мірона”

2014 2014-03-28T12:20:07+0300 2014-03-28T12:20:07+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/hamajda-salaujan.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Прадпрыемства "Віцебскэнэрга" ініцыявала адміністрацыйную справу супраць легендарнай асобы за вывешванне бел-чырвона-белых сцягоў на электрычныя драты. Гэта здарылася пасля затрымання двух мясцовых апазіцыянераў – Барыса Хамайды і Аляксандра Салаўяна, у якіх 24 сакавіка знайшлі нацыянальны сцяг.

Абодвух затрымалі ўвечары ў пасёлку Руба, што пад Віцебскам. Двух спадароў пенсійнага веку затрымалівалі амапаўцы, паклалі тварам на зямлю, збівалі, пагражалі застрэліць… Пра гэта распавёў Барыс Хамайда:

"Было падобна на напад нейкіх бандзюкоў. Бо яны былі ў цывільным, крычалі, пагражалі, адзін прыставіў мне нешта ззаду да галавы і пагражаў забіць…. А ў Чыгуначным райсудзе яны заявілі, што мы не падпарадкаваліся іх патрабаванням, адмовіліся назваць прозвішчы. Выглядала смешна: здаровыя хлопцы і мы – мне 67 гадоў, Салаўян на пару гадоў маладзейшы. А яму пры затрыманні яшчэ і "ўрэзалі" нагой па твары…. Суддзя Алена Цыганкова дала нам па трое сутак".

Падчас адбывання арышту высветлілася, што прэтэнзіі да актывістаў яшчэ і ў іншым. Іх выклікалі на допыты і змушалі прызнацца, "хто з іх Мірон". З першага дня затрымання гэта пачаў высветляць Следчы камітэт, кажа Барыс Хамайда:

"Адразу, як нас прывезлі Чыгуначны РАУС, з'явіўся чалавек у форме, на ёй было напісана "Следчы камітэт". Ён разабраў па частках і забраў з сабой мой мабільны тэлефон. І не пакінуў пра гэта аніякага дакументу, проста забраў, і ўсё!"

Праваабаронца Павел Левінаў лічыць гэты факт вельмі небяспечным парушэннем:

"Дакументаў ніякіх няма, і хто тэлефануе зараз з гэтага апарата – невядома. Патэлефанаваць жа можна, прыкладам, пра тэракт! І тады ў Барыса Ханонавіча пачнуцца непрыемнасці куды большага маштабу".

27 сакавіка Барыса Хамайду проста з ІЧУ забралі на агляд ягонага жытла, санкцыянаваны пракурорам Раманоўскім. Дакумент пра гэта – адзіны, які пакінулі сурацоўнікі першамайскага РАУС. І гэта – таксама парушэнне, адзначае Павел Левінаў:

"Барыс Хамайда, вярнуўшыся з "сутак" размаўляў са мной пра гэтыя падзеі. Ён распавёў, што падчас агляду не было сведак, што агляд адбываўся адразу ў абодвух пакоях ягонай двухакаёвай кватэры, і што па кватэры хадзіў відэааператар з камерай, здымаў інтэр'еры, кухню, вітальню… Не выключаю, мы гэта можам неўзабаве ўбачыць па БТ. Але найгорш, што Хамайду не пакінулі пратакол пра забраныя рэчы – бел-чырвона-белыя сцяг, стужку і шалік. Гэта тое, што ён заўважыў. Верагодна, была і нешта яшчэ. А цяпер, без пратаколу, супрацоўнікі міліцыі могуць заявіць, што забралі ў яго што заўгодна! А маглі і падкласці што заўгодна, каб "знайсці" наступным разам. Сведак жа не было! Яшчэ – не сказалі адразу, што шукаюць, не папрасілі нешта выдаць добраахвотна, сказалі, што ўсё паглядзяць самі. Такім чынам, глядзелі не проста тое, што тычылася згаданай у пастанове адміністрацыйнай справы, а ўвогуле – што ім падасцца падазроным".

У пастанове на агляд жытла гаворыцца, што яго робяць у сувязі з адміністрацыйнай справай паводле артыкула 10.9 КаАП. Гэты артыкул пра знішчэнне або псаванне маёмасці ў нязначным памеры, і што справа заведзена паводле заявы РУП "Віцебскэнерга" за шматлікія выпадкі вывешвання сцягоў на электрычныя драты. Такія выпадкі фіксуюцца ў Віцебску ўжо шмат гадоў, але справу распачалі 27 сакавіка – якраз калі Аляксандра Салаўян і Барыс Хамайда адбывалі арышт.

Пасля выхаду з "сутак" сябры сустрэліся на ганках ІЧУ, і спадар Салаўян распавёў, што ператрус быў і ў ягонай прыватнай хаце ў вёсцы Зайцава Віцебскага раёну. Што ў яго забралі, ен не ўдакладняў, аднак цяпер ягоны мабільны тэлефон не адказвае – не выключана, што і ягоны апарат ужо "пад арыштам".

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international