“Паміж Расіяй і Украінай ідзе інфармацыйная вайна”

2014 2014-03-07T17:21:00+0300 2014-03-07T16:22:11+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/aleh-khamenok-telekritika.ua.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алег Хамянок, фота telekritika.ua

Алег Хамянок, фота telekritika.ua

Вядомы ўкраінскі медыя-аналітык Алег Хамянок увесь мінулы тыдзень правёў у Міжгор’і, дзе вывучаў фінансавыя справаздачы, якія экс-прэзідэнт Януковіч пакінуў у рэзідэнцыі. Журналіст распавёў, у чым каштоўнасць гэтых дакументаў і як украінская прэса супрацьстаіць у інфармацыйнай вайне з Расіяй.

-  На ваш погляд, што паслужыла асноўнай прычынай пратэстаў на Майдане?

-   У грамадстве накаплівалася негатыўная энэргія. Гэта было звязана з тым, што былі заблакаваныя сацыяльныя ліфты, адсутнічала сістэма правасуддзя, сістэма празрыстасці і падсправаздачнасці ўраду. Пры гэтым існавала гіганцкае расслаенне паміж багатымі і беднымі ўкраінцамі, прычым колькасць бедных імкліва павялічвалася. Наезды і ціск на бізнэс, адток замежных інвестараў, - усё гэта накаплівала крытычную масу. Каталізатарам, як вядома, стала раптоўная адмова ад падпісання пагаднення аб Асацыяцыі з ЕС. Першыя акцыі на Еўрамайдане сапраўды насілі мірны характар, гэта прызнаваў нават Януковіч. Але неабгрунтаваная агрэсія “Беркута” кожны раз выклікала ўсё большы і большы супраціў народа. Пасля першага разгона студэнтаў на Майдан у Кіеве выйшла каля мільёна чалавек. І гэта ўжо быў пратэст супраць гвалту, які дапусцілі сілавікі. Далей падзеі развіваліся па нарастаючай. Майдан стаў больш масавым, кожная спроба яго разагнаць сустракала ўсё больш і больш актыўныя пратэсты – гэта быў сапраўдны выбух у сацыяльных сетках, Міхайлаўскі сабор біў у званы, гэта быў час пад лозунгам “Кіеў, уставай!” Людзі сярод ночы прачыналіся і ехалі на Майдан. І з некалькі сотняў на плошчы з’яўлялася некалькі дзясяткаў тысяч чалавек – іх ужо проста фізічна не маглі выцясніць.

-  Увесь свет ускалыхнулі кадры з рэзідэнцыі Януковіча ў Міжгор’і, у тым ліку фота дакументаў, якія экс-прэзідэнт і ягоныя паплечнікі ў спешцы пакінулі. Чаму Януковіч ці ягоныя паплечнікі проста не знішчылі гэтыя дакументы?

-  Відавочна, спяшаліся пакінуць Міжгор’е. Хутка знішчыць дакументы не так проста. Частку яны сапраўды спалілі, частку – знішчылі ў шродары, астатняе паспрабавалі ўтапіць у Кіеўскім вадасховішчы. Карэспандэнты, абыходзячы тэрыторыю рэзідэнцыі, убачылі, што ў вадаёме плаваюць дакументы. Спачатку выцягнулі тое, што было на паверхні. Пасля прыцягнулі дайвераў, якія апусціліся на дно і знайшлі не толькі дакументы, але і 25 скрыняў з кулямі – пачынаючы ад куляў для ручнога кулямёта Калашнікава, сканчваючы кулямі для падводнай стральбы. Агулам з вады дасталі каля 160 тэчак з дакументамі, у кожнай было ад 100 да 500 старонак. Паперы адразу перанеслі ў ангар, дзе журналісты пачалі іх сушыць, фатаграфаваць, а пасля і сканаваць. Дакументы са знішчальніка паперы таксама будуць справабаць узнавіць пры дапамозе адмысловых кампутарных праграм.

-  Што цікавага журналісты знайшлі ў гэтых дакументах?

-  Аналітычных ці палітычных нататкаў там няма, гэта фінансавыя справаздачы некалькіх кампаній, якія фінансавалі будаўніцтва рэзідэнцыі, займаліся зборам сродкаў для яе абслугоўвання. Дакументы ахопліваюць перыяд з 2006 па 2014 год і паказваюць, колькі каштавала будаўніцтва або аказанне іншых паслуг. На многіх паперах мы пабачылі форму разліку “два” – гэта значыць наяўнымі. Сумы, якія фігуруюць у дакументах, часта перавышаюць мільён долараў.

-  У інтэрнэце фігураваў здымак распіскі пра хабар на суму 14 млн долараў наяўнымі. Такія лічбы здзівілі ўкраінскіх журналістаў ці гэтыя паказальнікі былі чаканымі?

-  Многія нашыя калегі займаліся расследаваннямі, таму мы меркавалі, што абароты карупцыі вар’яцкія. Але знойдзеныя дакументы дапамагаюць дакладна ўстанавіць факты. Напрыклад, кампанія МТС на працягу месяца перадала 300 тыс. долараў наяўнымі ў абслугоўваючую Міжгор’е кампанію “Танталіт”. Таксама мы знайшлі расходна-касавыя ордэры на атрыманне заробку. Кіраўнік кампаніі “Дэліт”, якая займалася аховай унутранага перыметру рэзідэнцыі,  за адзін месяц атрымаў заробак больш за 300 тыс. долараў.

-  Праваахоўчыя органы праявілі цікавасць да гэтых дакументаў?

-  Следчыя генпракуратуры прыехалі ў Міжгор’е, калі мы ўжо адсканавалі большасць папер, з пастановай суда аб выманні дакументаў і электронных носьбітаў па крымінальнай справе -арганізацыя наўмысных забойстваў падчас масавых акцый пратэсту, дзе падазраванымі выступаюць экс-прэзідэнт Януковіч і былы міністр унутраных спраў Захарчанка. Крымінальную справу па карупцыі і фінансавых махінацыях пакуль не заводзілі. Для гэтага следчым трэба дэталёва вывучыць пісьмовыя доказы.

-  Распавядзіце, як з’явіўся сайт YanukovychLeaks?

-  Пасля таго, як былі скончаныя “палявыя” работы, трэба было сістэматызаваць і апублікаваць матэрыялы. Так з’явіўся нацыянальны праект YanukovychLeaks, на якім зараз размешчана 6 225 дакументаў. Доступ свабодны. Мы плануем дадаць на сайт пошукавую базу дадзеных з апісаннем кожнага дакументу – з указаннем сумаў хабараў, асобаў, датычных да гэтага. Журналісты ўжо пачалі працаваць над расследаваннямі.  

-   Наконт працы журналістаў. Ці можна сказаць, што зараз ідзе інфармацыйная вайна паміж Расіяй і Украінай? І як вы ставіцеся да ініцыятывы некаторых палітыкаў адключыць на тэрыторыі Украіны трансляцыю расійскіх тэлеканалаў?

-  Я катэгарычна супраць такіх прапановаў. Свабода слова павінна быць аднолькавай для ўсіх, інакш чым мы адрозніваемся ад тых, хто калісьці адключаў ва Украіне “5 канал”, “ТВі”? Безумоўна, ідзе інфармацыйная вайна, але наша задача – ствараць больш якасны прадукт і абвяргаць хлусню. У Інтэрнэце хлусіць можна, але нядоўга – студэнты-журналісты, напрыклад, стварылі адмысловы праект StopFeak, дзе абвяргаюцца ілжывыя навіны пра сітуацыю ва Украіне.

-  Ці спрабавалі ўкраінскія саюзы журналістаў звярнуцца да расійскіх калег з пытаннямі наконт прафесійнай этыкі ў асвятленні палітычных падзей?

-  Група гендырэктараў і рэдактараў буйных украінскіх тэлеканалаў звярнулася да сваіх расійскіх калегаў з заклікам працаваць аб’ектыўна і адмовіцца ад ролі палітычнай прапаганды. Падобны зварот быў і ад украінскага саюза журналістаў, але ён, па сутнасці, быў праігнараваны расійскім бокам.

 

Даведка

Алег Хаменок - нарадзіўся ў Бярдзянску. Скончыў гістарычны факультэт Сімферопальскага дзяржаўнага універсітэта (1987-1992), аспірантуру кафедры гісторыі Украіны (1993-1997). Сертыфікаваны медыя-кансультант і трэнер па журналістыцы, старшыня праўлення ГА «Інстытут развіцця рэгіянальнай прэсы", дарадца па пытаннях СМІ Internews Network (Кіеў). У 2012 годзе яму быў забаронены ўезд у Рэспубліку Беларусь.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international