Андрэй Палуда: “Калі дзяржава лічыць, што смяротнае пакаранне стрымлівае злачыннасць, то чаму ўтойвае інфармацыю пра смяротныя прысуды”?

2014 2014-01-13T11:38:06+0300 2014-01-13T11:50:06+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/paluda1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Андрэй Палуда

Андрэй Палуда

Праваабаронца разглядае самыя папулярныя аргументы "за" і "супраць" смяротнага пакарання і аналізуе грамадскую думку беларусаў на гэтую тэму.

Андрэй, прадстаўнікі ўлады ў абароне смяротнага пакарання часта спасылаюцца на грамадскае меркаванне і вынікі рэферэндума ў 1996. Маўляў, гэта рашэнне беларускага народа, нельга ісці супраць яго. Ці сапраўды большасць беларусаў сёння выступае за смяротнае пакаранне?

- Калі спасылацца на апошнія даследаванні, якія рабіла кампанія Satio, сапраўды, большасць беларусаў выступае за смяротнае пакаранне. Але гэта вельмі зменлівая сітуацыя. Нават калі ўзяць пад увагу вынікі рэферэндума, легітымнасць якога незалежныя эксперты і праваабаронцы ставяць пад сумнеў, з 1996 года вырасла ўжо новае пакаленне, якое тады не галасавала. І як паказваюць апытанні, большасць маладзёнаў супраць смяротнага пакарання. Таксама хачу адзначыць, што калі быў судовы працэс над Кавалёвым і Канавалавым, грамадства яскрава падзялілася на тых, хто выступае за і супраць найвышэйшай меры пакарання. Ізноў такі, калі паглядзець на вынікі апытання, многія за смяротнае пакаранне, але пры пэўных умовах – “калі б у Беларусі была незалежнай судовая сістэма”, “калі б у Беларусі быў суд прысяжных”, “калі б віна злачынцы была даказаная на 100%” і г.д. І гэтыя ўсе ўмоўнасці кажуць, што многія беларусы так і не маюць упэўненага адказа на пытанне пра смяротнае пакаранне.

Вы адзначылі пункт пра незалежнасць судовай сістэмы. Сапраўды, і даследаванне Satio, і іншыя апытанні паказваюць, што беларусы не давяраюць судовай сістэме. Як вы думаеце, у чым прычына? Далёка не кожны ж асабіста сутыкаўся з несправядлівасцю ў судзе…

- Калі паглядзець на колькасць адміністратыўных пакаранняў па краіне, то можна казаць, што, напэўна, кожны беларус ці сам, ці праз сваіх сваякоў сутыкаўся непасрэдна і з нашай судовай сістэмай, і з праваахоўчай. І на сабе адчуў і залежнасць гэтых органаў ад рэжыма, і недасканаласць заканадаўства. Да таго ж, хапае ў нас незаконна асуджаных грамадзянаў. Яскравы прыклад – Міхаіл Гладкі, якога асудзілі на 8 год пазбаўлення волі нібыта за забойства брата. А калі ён ужо выйшаў на волю, знайшлі нібыта сапраўднага злачынцу, Эдуарда Лыкава, якому, дарэчы, вынесены смяротны прысуд.

-  Дарэчы, аб справе Лыкава грамадскасці стала вядома толькі пасля заяваў ад праваабаронцаў. Чаму праваахоўчыя органы і суд вырашылі замаўчаць такую гучную справу – усё ж такі чалавека абвінавачваюць у пяці забойствах?

-  Сапраўды, першымі пра гэту справу паведамілі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”. Пасля тэму актыўна пачалі раскручваць журналісты. Суд і Следчы камітэт ужо вымушаныя былі каментаваць сітуацыю. Гэта яшчэ раз падкрэслівае, што дзяржава ўтойвае інфармацыю аб вынясенні смяротных прысудаў і іх выкананне. Адпаведна, мы не можам да канца быць упэўненыя ў лічбах, якія прадастаўляюць дзяржорганы. З аднаго боку, чыноўнікі кажуць, што смяротнае пакаранне дапамагае стрымліваць злачыннасць у грамадстве. Але тады чаму яны маўчалі пра справу Лыкава? Чаму не паведамілі пра гэтыя пяць забойстваў, калі яны так зацікаўленыя спыніць і прадухіліць цяжкія злачынствы ў краіне? Выходзіць, не спрацоўвае іх аргумент!

-  Апошнім часам можна заўважыць, што тэма смяротнага пакарання стала цікавай не толькі для праваабарончых сайтаў, але і для дзяржаўных і недзяржаўных СМІ. Матэрыялы на гэту тэму збіраюць тысячы праглядаў і каментароў…

-  Сапраўды,  тэма смяротнага пакарання стала медыйнай. Гэта вельмі важна для нас, кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”, бо яшчэ год-два таму не было ў СМІ такога актыўнага абмеркавання.

-  Але часта каментатары выказваюцца ў абарону смяротнага пакарання, прычым у вельмі рэзкай і жорсткай форме…

-  На гэтым этапе, я лічу, важна не тое, за якую пазіцыю людзі выказваюцца, а тое, што яны наогул дыскутуюць. Меркаванне можа змяніцца толькі тады, калі людзі пачуюць важкія аргументы. Да таго ж, аргументы за адмену смяротнага пакарання часта становяцца “топавымі”, збіраюць найбольш “лайкаў” – гэта кажа аб падтрымцы такой пазіцыі сярод карыстальнікаў інтэрнэта.

-  У каментарах часта можна пачуць меркаванне – навошта нам, падаткаплацельшчыкам, утрымліваць пажыццёва злачынцу (як альтэрнатыва – смяротнаму пакаранню), хай гэтыя грошы лепш пойдуць на сацыяльную сферу. Ці сапраўды для бюджэта гэта такая агромністая сума?

-  Насамрэч гэта лічба мізерная. Адзін з удзельнікаў нашай дыскусіі па тэме смяротнага пакарання падлічыў, што на ўтрыманне злачынцы ідзе прыкладна 150 тыс. руб. у суткі, або 4.5 млн. руб. у месяц. Насельніцтва Беларусі складае прыкладна 9,464 млн. чалавек. Калі палічыць, выходзіць, што ў месяц на ўтрыманне асуджанага грамадзянін марнуе менш адзін рубель (!) - усяго 0.475 руб. Але бываюць выпадкі, калі асуджаюць невінаватых. Значыць , бываюць і выпадкі, калі караюць смерцю невінаватых  - яскаравы прыклад справа Міхасевіча ў Віцебску. Таму я б хацеў спытаць у тых, хто адстойвае аргумент пра ашчаджэнне дзяржаўных сродкаў - ці варта такая эканомія чалавечых жыццяў?

-  Яшчэ адзін з папулярных аргументаў за смяротнае пакаранне – суразмернасць пакарання. Маўляў, калі злачынца кагосьці забіў, ён заслугоўвае роўна таго ж...

-  Вельмі слушна пра гэта сказаў Гандзі: “Прынцып вока за вока робіць свет сляпым”. У беларускім грамадстве вельмі нізкі ўзровень асветы ў галіне правоў чалавека дый права наогул. Калі пачынаеш праглядаць розныя фільмы, артыкулы праз прызму правоў чалавека, то ты па-іншаму ўспрымаеш рэчаіснасць. Я як праваабронца ведаю, што чалавек пры нараджэнні атрымлівае правы, і яны з’яўляюцца неад’емнымі, найперш – права на жыццё.
І я яшчэ раз хачу вярнуцца да тэмы доказнасці віны і працы нашай судовай сістэмы. На жаль, мы маем сёння прыклады, калі невінаватыя людзі знаходзяцца за кратамі. У 80-я за справу ман’яка Міхасевіча адзін чалавек быў расстраляны, яшчэ некалькі несправядліва адпраўленыя ў турму, з іх праз катаванні выбілі прызнанні... У любым выпадку, судовая сістэма ў любой краіне свету можа памыляцца. Я асабіста знаёмы з чалавекам, які ў ЗША быў прыгавораны да смяротнага пакарання. 24 гады ён прасядзеў у турме ў Фларыдзе. Але пасля экспертызы ДНК яго вызвалілі, бо высветлілася, што ён быў невінаваты. Калі паглядзець, як хутка ў Беларусі выконваюцца смяротныя пакаранні (Уладзіслава Кавалёва, напрыклад, расстралялі праз 3,5 месяцы пасля вынясення прысуду), баюся, гэты чалавек у нашай краіне проста не дачакаўся б ні паўторнай экспертызы, ні вызвалення, нягледзячы на сваю невінаватасць. Маючы на ўвазе ўсе гэтыя аргументы, мы выступаем катэгарычна супраць найвышэйшай меры пакарання ў Беларусі.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international