viasna on patreon

Палітычныя сілы ў Польшчы маюць кансалідаваную пазіцыю па Беларусі

2013 2013-10-21T23:27:00+0300 2013-10-21T13:34:56+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bialiacki_sud3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі

Працяг лістоў зняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, напісаных ім у бабруйскай калоніі. З блогу на “Беларуском партизане”. Першыя лісты-успаміны з гэтай серыі былі напісаныя ў верасні 2012 года, апошнія – у чэрвені 2013:

18 кастрычніка 2012 г., Бабруйск

У Варшаву за першую палову 2011 года я езьдзіў тройчы. Першая паездка была на канферэнцыю, зладжаную найбольш уплывовай на той час партыяй Грамадзянская платформа, 13 студзеня. І прэм’ер-міністр, і прэзідэнт, і большасьць міністраў — прадстаўнікі гэтай партыі. Усе значныя палітычныя сілы ў Польшчы, як бы яны ні канкуравалі паміж сабой, маюць кансалідаваную пазіцыю па Беларусі. Усе яны выступаюць за падтрымку дэмакратыі, свабоды слова і правоў чалавека ў Беларусі.

Такая пазіцыя палякаў склалася ў выніку перажытага імі перыяду камуністычнай дыктатуры і шматгадовага змаганьня за сваю свабоду і дэмакратычны лад. Палякі першыя на пачатку 80-х гадоў стварылі магутны масавы рух, незалежны прафсаюз працоўных “Салідарнасьць”, і ўзарвалі, здавалася б, непарушны бастыён дзяржаў прасавецкага камуністычнага блока. І нягледзячы на шматлікія рэпрэсіі і ахвяры, у канцы 80-х гадоў яны першыя скінулі ненавісную ім камуністычную дыктатуру. Таму ў сучаснай палітычнай культуры польскіх грамадскіх і палітычных элітаў прысутнічаюць поўнае разуменьне, што такое дыктатура і аўтарытарны рэжым, непрыняцьце падаўленьня правоў чалавека ў любых формах, шчырая спагада і жаданьне дапамагчы іншым паняволеным народам. Менавіта польскія палітыкі зьяўляюцца пасьлядоўнымі ініцыятарамі падтрымкі дэмакратыі правоў чалавека як у межах Еўрасаюза, так і праз уласнапольскія праграмы і ініцыятывы. У значнай ступені яны накіраваныя на суседнія з Польшчай дзяржавы — Беларусь, Украіну, Малдову, але таксама і на далёкія краіны, такія, як Бірма, Куба, дзе адчуваецца дэфіцыт дэмакратыі.

Дык вось гэтая канферэнцыя была прысьвечана бягучай сітуацыі ў Беларусі. Праходзіла яна ў адным з урадавых памяшканьняў. Прыйшло багата палітыкаў, прадстаўнікоў няўрадавых арганізацыяў, журналістаў. Было, можа, каля 200 асобаў. Цікавасьць да таго, што ў нас адбылося 19 сьнежня і што адбывалася пасьля, спагада, жаданьне дапамагчы былі велізарнымі.

Не ўсе запрошаныя зь беларускага боку здолелі патрапіць на канферэнцыю. Шэраг выпрабаваньняў і прыгодаў чакалі жонку кандыдата ў прэзідэнты палітычнага зьняволенага Алеся Міхалевіча. Спачатку перад самым ад’ездам у іхняй кватэры ў Менску арганізавалі вобшук. Падчас вобшуку яе папярэдзілі, што лепей ёй гэтым разам нікуды не езьдзіць і сядзець удома. У выніку яна спазьнілася на цягнік, але ўсё ж паехала на машыне. Машыну спынілі на трасе каля Баранавічаў, у Міланы “для праверкі” забралі пашпарт, і на канферэнцыю яна так і не патрапіла.

Усе астатнія ўдзельнікі з Беларусі, у тым ліку і я, даехалі без праблемаў. І тым больш было незразумела тады, навошта было перасьледаваць бедную Мілану і чаму менавіта яе. Лагічнага адказу ў мяне няма і дасюль. Можна было б зразумець, калі б адлоўлівалі і не пускалі ўсіх беларускіх удзельнікаў канферэнцыі ці самых “важных” і “небясьпечных”. А так усе даехалі, можна сказаць, камфортна. А Мілане адной дасталося за ўсіх. І яе непрыезд яшчэ больш падкрэсьліў і вылучыў усю непрывабнасьць і абсурднасьць сітуацыі ў Беларусі.

На канферэнцыі зь беларускага боку выступілі: жанчына, зьбітая дубінкамі на плошчы Незалежнасьці каля Дома ўрада, актывіст каманды аднаго з кандыдатаў у прэзідэнты, якога шукалі пасьля плошчы сьпецслужбы і які, апасаючыся арышту, зьехаў у Польшчу. Таксама выступалі адзін з назіральнікаў палітычнай партыі, якая брала ўдзел у выбарах, і я. Я казаў пра тое, што, на погляд праваабаронцаў, нічога нечаканага ў краіне не адбылося. Так, можа, хто ў Беларусі і за яе межамі і меў ілюзіі наконт магчымых паступовых пазітыўных зьменаў у краіне, але зараз, паралельна зь пераасэнсаваньнем сітуацыі, патрэбна як мага хутчэй арганізаваць дапамогу дэмакратычнай супольнасьці Беларусі па ўсіх неабходных накірунках.

Здаецца, сваю місію мы выканалі. Далі агульную аб’ектыўную карціну таго, што адбывалася ў краіне пасьля выбараў, як для шырокай грамадскасьці, так і для палітыкаў Польшчы. І ўжо падчас канферэнцыі была агучаная і ўхваленая ідэя правядзеньня наступнай шырокай канферэнцыі з удзелам краінаў-донараў, якія былі б гатовыя вылучыць фінансавыя сродкі на падтрымку ахвяраў палітычных рэпрэсіяў і дэмакратычнай супольнасьці ў Беларусі ў гэтыя няпростыя і цяжкія часы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства