viasna on patreon

Святар Аляксандр Шрамко: “Смяротнае пакаранне ўступае ў супярэчнасць з Евангеллем”

2013 2013-10-07T10:32:53+0300 2013-10-07T10:32:53+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sviatar-shramko.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Святар Аляксандр Шрамко

Святар Аляксандр Шрамко

Пра тое, чаму смяротнае пакаранне ў Беларусі павінна быць адменена, гаворыць праваслаўны святар Аляксандр Шрамко, які служыць у царкве Святога Архангела Міхаіла ў Мінскім мікраёне Сухарава

- На сённяшні дзень, які хрысціянскі погляд на смяротнае пакаранне?

- Складанасць хрысціянскага погляду на смяротнае пакаранне звязана з тым, што з боку праваслаўнай царквы няма дакладнай сацыяльнай канцэпцыі, няма дакладнай забароны адносна смяротнага пакарання. Але гэта, калі фармальна разважаць, але калі разважаць больш па змесце хрысціянскага вучэння, то можна прыйсці да іншай высновы. Па-першае,  нават у Старым Запавеце, законы якога больш жорсткія, у тым ліку, і на знішчэнне чалавека бываюць накіраваны - «вока за вока», «зуб за зуб». Але нават у Старым Запавеце гэта «вока за вока» і «зуб за зуб» накіраванае на тое, каб стрымаць грамадства, якое знаходзілася на той час у дзікім стане, каб чалавек, які забіў, не забіў бы больш. «Вока за вока» - гэта азначае абмежаванне, не загад, не заклік, каб чалавек забіў забойцу, а каб не зрабіў горш і не забіў больш. Часта і ў наш час можна чуць «трэба, каб на кол пасадзілі», каб не проста забіць, а вельмі жорстка. Вось таму гэта ўжо тады было абмежаваннем. Гэта раз. Па-другое, нават у Старым Запавеце ў некаторых прытчах паказваецца, што помслівасць, гэта дрэнна. Напрыклад, як кажа Святое пісанне, «помслівы атрымае помсту ад Госпада». Помста не падтрымліваецца нават у Старым Запавеце. А цяперашнія прыхільнікі смяротнага пакарання, хоць яны кажуць, што гэта справядлівае пакаранне, але псіхалагічна людзі выступаюць за смяротнае пакаранне па матывах помсты.

- А калі казаць пра Новы Запавет? 

- Гэта новая эпоха, гэта эпоха міласэрнасці, гэта зусім іншыя маральныя крытэрыі, накіраваныя на ўдасканаленне чалавека. Нагорная пропаведзь заканчваецца словамі: «Будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш Нябесны». Хоць Ісус Хрыстос не казаў, што трэба адмяніць смяротнае пакаранне, ён не мог так сказаць, таму што ён прыйшоў прапаведаваць Новае Царства, Царства Божае ў супрацьвагу царству зямному. Таму ён не даваў загадаў, якія законы даць у гэтым зямным царстве, ён казаў, што мы павінны расці, расці да Царства Божага - нам даецца ласка, і мы ўзрастаем да Валадарства Божага. І калі мы думаем аб смяротнай кары, то мы павінны думаць з пункту гледжання хрысціяніна - як гэта будзе ўплываць на пропаведзь Хрыста. І ў гэтым сэнсе мы бачым, што смяротнае пакаранне уступае ў супярэчнасць з Евангеллем. Усё Евангелле, увесь Новы Запавет пабудаваны на міласэрнасці, дараванні. А ў выпадку смяротнага пакарання прабачэнне і міласэрнасць не працуюць. Хрысціянства накіравана на ўдасканаленне чалавека, на яго свабодныя праявы пачуццяў, не проста на тое, каб ён стрымліваў свае інстынкты, а на тое, каб  у ім нараджаліся пачуцці хрысціяніна, бо ў сэрцы жыве Хрыстос - так гэта ў Новым Запавеце.

- Калі прыхільнікі смяротнага пакарання кажуць пра яго неабходнасць, то ёсць такі аргумент - страх, каб людзі баяліся здзейсніць злачынства...

- Але гэта зноў уступае ў супярэчнасць з Евангеллем. Таму што адна справа страх Божы, а іншая справа страх чалавечы, які вядзе да прыгнёту асобы, якія вядзе не да свабоднага выяўлення асобы, не да раскрыцця, а да закрыцця, да кансервацыі. Таму, калі з хрысціянскага пункту гледжання мы паглядзім, то ў перспектыве Валадарства Божага мы не ўбачым смяротнае пакаранне. Таму будзем сыходзіць з таго, што з пункту гледжання Новага Запавету смяротнай кары няма месца. Гасподзь Ісус Хрыстос, калі вучні яго хацелі пакараць вінаватых, сказалі: «Госпадзе, ці хочаш ты, каб агонь сышоў з Неба» і знішчыў, як Ілля зрабіў? Але Ён забараніў ім і сказаў: «Я прыйшоў не губіць душы чалавечыя, а ратаваць ». Таму мы павінны думаць пра гэта, пра выратаванне душ чалавечых.

Часам прыхільнікі смяротнага пакарання прыводзяць такі аргумент, што самае галоўнае выратаваць душу, а не цела - маўляў, нават, калі чалавек незаслужана будзе забіты, то яго душа ўратуецца, бо ён нявінна пацярпеў. Але царква выступае супраць самагубстваў, супраць эўтаназіі, супраць усяго, што перапыняе жыццё чалавека, таму што Бог даў чалавеку цела, жыццё зямное. Жыццё зямное як раз і дадзена чалавеку ў перспектыве жыцця вечнага, каб на працягу зямнога жыцця ён паспеў прыйсці да Госпада, здзейсніў эвалюцыю. І мы гэтую эвалюцыю абразаем. Кажуць: чалавек можа за тры хвіліны пакаяцца. Можа... А можа і за секунды, як разбойнік на крыжы. А можа і за дзесяць гадоў.  Трэба даць яму гэтую магчымасць пакаяцца, Бог даў магчымасць людзям выратавацца.

У цяперашнім грамадстве значна больш магчымасцяў абмежаваць злачынца. У старажытных супольнасцях там не было такой магчымасці, не была развіта пенітэнцыярная сістэма. Зараз ёсць магчымасць даць чалавеку жыць ізалявана ад грамадства. Жорсткасць, якая характэрная для старажытных супольнасцяў, згасае паступова менавіта дзякуючы хрысціянскаму выхаванню. Правы чалавека, павага да годнасці чалавека - гэта адпавядае духу хрысціянства. І павага да асобы, як да ўнікальнага мікракосма, у які мы не можам ўмешвацца, ламаць яго, разбураць - гэта як раз прыўнесена хрысціянствам. Як кажа апостал Павел: «Хіба вы не ведаеце, што вы - Храм Божы?» Прама гаворыцца пра тое, што чалавек - Храм Божы, і нельга проста прыйсці і яго разбурыць. Вядома, можа быць, гэта чалавек сам здзейсніў злачынства і разбурыў гэты Храм, але гэта не значыць, што яму трэба адказваць тым жа.

- Падчас сталінскіх рэпрэсій загінулі мільёны людзей, дзясяткі тысяч святароў расстрэльвалі. Гаворачы пра смяротнае пакаранне, мы часта забываемся пра тыя ахвяры расстрэлу. Як бы падзяляем паняцці «смяротнае пакаранне» і «палітычныя рэпрэсіі».

- Тады знішчалі мільёны людзей. Мы павінны памятаць пра гэтыя ахвяры, і не толькі аддаваць даніну памяці ім, але і думаць пра тое, да чаго можа прывесці жорсткасць, жаданне знішчаць, забіваць. Цяпер кажуць - па заслугах трэба караць. І ў сталінскі час думалі, што гэта справядліва, што «па заслугах». Што такое «па заслугах»? Гэта суб'ектыўна. Хтосьці кажа, што за забойства трэба пакараць смерцю. А нехта кажа: «Вось ён здрадзіў Радзіме» або «ён здрадзіў ідэі». Або проста перашкаджае як сацыяльная катэгорыя. Так паступова развіваецца такое стаўленне да людзей, што іх можна знішчаць, забіваць.

- Выканаўца прысуду, кат... як яго прафесія ацэньваецца з пункту гледжання хрысціянскай этыкі? Ёсць запаведзь «не забі ...», а кат забівае ад імя дзяржавы.

- Думаю, што гэта пакутліва. Чытаў я нават ўспаміны некаторыя такіх людзей. Гэта страшная праца. Натуральна, што хрысціянін наўрад ці зможа ажыццяўляць такую ​​працу. Гэта проста нельга ўявіць. Таму што чалавек не можа быць добрым, міласэрным, насіць Бога ў душы, прычашчацца і быць адначасова забойцам. Гэта неймаверна. Бо чалавек, які нават выпадкова забіў чалавека (напрыклад, збіў на машыне), не можа быць святаром. Гэта не дапускае царква. Гэта проста больш узмоцненыя патрабаванні, чым проста да хрысціяніна. А калі чалавек не проста выпадкова забіў, а для яго гэта праца рэгулярная? Гэта ўвогуле згублены чалавек. Існаванне такіх людзей пагібельна для грамадства. А суддзі, якія выносяць прысуд... Гэта таксама згубна для іх. Такі суддзя таксама забойца фактычна. Хоць ён не націснуў на курок, але ён сказаў - забіць. Сталін таксама нікога канкрэтна сам не расстрэльваў. Ён даваў указанні расстрэльваць. Але мы называем яго забойцам.

- А калі такі чалавек прыйдзе на споведзь?

- Усё гэта тычыцца стану душы чалавека. Мне такі чалавек не спавядаўся. І я не чуў пра такія выпадкі. Узнікае пытанне - ці можа быць нават суддзі гэтыя, якія выносяць прысуд,  і кАты не ходзяць на споведзь? Я нават дапускаю, што гэта настолькі не сумяшчальнае з хрысціянствам, што хрысціяне не выносяць такія прысуды і не працуюць выканаўцамі прысудаў. А калі вынесуць такі прысуд і пакаюцца, то гэта будзе залежаць ад канкрэтнага выпадку. Часам гэта саўдзел у забойстве, бо рашэнне вынесці такі прысуд даецца з вышэйшай інстанцыі. Чалавек жа не проста прыходзіць на споведзь у царкву - прыйшоў і сышоў... На самай справе гэта доўгая праца. Калі такі чалавек прыйдзе ў царкву, яго ніхто не адштурхне. Але ўсё будзе залежаць ад таго, як ён сам гэта адчувае. Калі ён каецца, то, значыць , адчувае, што нешта не тое.

- Акрамя рэлігійнага, які Ваш самы галоўны аргумент супраць смяротнага пакарання?

- Прысуды у нас прыводзяцца ў выкананне вельмі хутка, няма верагоднасці, што за такі кароткі час будзе выпраўленая судовая памылка. А сам факт судовай памылкі - дастатковая падстава для таго, каб смяротнае пакаранне не ўжываць. Мы ведаем, што судовых памылак было шмат, асабліва ў выпадках, звязаных з серыйнымі маньякамі. Прыхільнікі смяротнага пакарання выступаюць за ідэальны варыянт - яны ведаюць, хто забіў, што ён вінаваты, яны ведаюць, што з ім рабіць. Калі б не было смяротнага пакарання, заўсёды была б магчымасць выправіць судовую памылку.

Наш Мітрапаліт Філарэт і ў 1996 годзе падчас рэферэндуму заклікаў адмовіцца ад смяротнага пакарання. І ў гэтым годзе сказаў: «Мы хрысціяне не можам апраўдваць смяротнага пакарання, бо гэта грэх забойства. Жыццё любога чалавека належыць Богу. Не мы даравалі жыццё чалавеку, і не нам і пазбаўляць чалавека існавання. Бо за жыццё кожнага з нас Гасподзь наш Ісус Хрыстос аддаў сваё жыццё на крыжы. Дзяржава, караючы смерцю сваіх грамадзян, кожны раз наноў распінае Хрыста».

Гутарыла Паліна Сцепаненка, адмыслова для кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства