viasna on patreon

Праваабаронца Алесь Бяляцкі вычарпаў усе магчымасьці для абскарджваньня прысуду на нацыянальным узроўні

2012 2012-09-21T22:49:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bialiacki-sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Старшыня ПЦ "Вясна" Алесь Бяляцкі падчас суду

Старшыня ПЦ "Вясна" Алесь Бяляцкі падчас суду

Зьняволены старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі атрымаў рашэньне Вярхоўнага Суду па нагляднай скарзе на прысуд,  вынесены яму судом Першамайскага раёна Менска 24 лістапада 2011 года. Пра гэта стала вядома з ліста палітвязьня намесьніку старшыні ПЦ “Вясна” Валянціну Стэфановічу.

У лісце з Бабруйскай калоніі Алесь Бяляцкі  піша, што  “скарга ў Вярхоўным судзе разгледжаная з праверкаю крымінальнай справы”.

І далей: “Довады асуджанага аб незаконнасьці і неабгрунтаванасьці адбыўшыхся судовых рашэньняў пры вывучэньні справы не падцвердзіліся.

Суд у адпаведнасьці з арт. 18 Крымінальна-Працэсуальнага кодэксу РБ забясьпечыў усебаковае і аб’ектыўнае даследваньне абставінаў справы, адпаведную юрыдычную ацэнку сабраным доказам і абгрунтавана прызнаў іх дастатковымі для ўстанаўленьня вінаватасьці Бяляцкага Аляксандра Віктаравіча ў здзяйсненьні злачынства, за якое ён быў асуджаны.

Прызначанае Бяляцкаму А. В. пакараньне адпавядае ўчыненаму асобе асуджанага і з’яўляецца справядлівым.

Рашэньне суду аб спагнаньні з асуджанага шкоды нанесенага дзяржаве, пераканаўча матывавана ў прысудзе са спасылкаю на нормы дзеючага заканадаўства. Выкладзеныя ў  касацыйных скаргах асуджанага і ягонага абаронцы довады правераныя судом у поўным аб’ёме і пакінутыя без задавальненьня…

Падстаў для задавальненьня скаргі асуджанага і вынясеньня пратэсту на судовае рашэньне па справе не маецца”.

Адказ, які атрымаў праваабаронца, падпісаны намесьнікам старшыні Вярхоўнага Суду  Валерыем Калінковічам.

Намесьнік старшыні  Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч, каментуючы гэтае рашэньне,  адзначыў наступнае: “Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь, як і папярэднія судовыя інстанцыі, не прыняў мераў да поўнага і ўсебаковага разгляду скаргаў Бяляцкага на прысуд суда Першмайскага р-на г. Мінска, згодна з якім ён прызнаны вінаватым у здзяйсненьні злачынства па ч.2 арт. 243 КК Рэспублікі Беларусь (утойваньне прыбыткаў у асабліва буйным памеры). Ніводзін суд так і не адказаў на пытаньне, якія ж абавязацельствы былі ўзятыя праваабаронцам  у выніку ягоных дамоўленасьцяў з шэрагам фондаў, якія пералічылі сродкі на рахункі, адкрытыя на яго імя ў Польшчы і Літве. Менавіта гэтая фармулёўка ўказаная ў вынесеным Бяляцкаму прысудзе суда Першамайскага р-на г. Мінска. Між тым, падчас суду Алесь даводзіў,  што менавіта ў сувязі з узятымі абавязацельствамі паміж Праваабарончым цэнтрам “Вясна” і шэрагам фондаў, ён перадаваў атрыманыя сродкі трэцім асобам, што паводле Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь не падлягае падаткаабкладаньню. Ні суд, ні следства так і не звярнуліся да міжнародных фондаў з запытам аб статусе атрыманых грашовых сродкаў, а проста без усякіх на тое падставаў і доказаў прызналі іх асабістым даходам А. Бяляцкага.

Намесьнік старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Валерый Калінковіч ухіліўся і ад адказаў  на пытаньне, чаму ў дачыненьні да Алеся Бяляцкага судом была прымененая і індэксацыя сумы “шкоды, нанесенай злачынствам” і пеня за яе несваечасовую ўплату, што наўпрост супярэчыць патрабаванньям Падатковага кодэксу. Усе гэтыя акалічнасьці яшчэ раз яскрава засьведчылі выключна палітычна-матываваны характар перасьледу Бяляцкага з боку беларускага рэжыму, перасьледу выключна за ягоную праваабарончую дзейнасьць.”

Варта нагадаць, што скарга старшыні Праваабарончага цэнтра "Вясна" і Віцэ-Прэзідэнта Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Алеся Бяляцкага была зарэгістраваная ў Камітэце па правах чалавека ААН. У звароце абскарджваюцца парушэнні Рэспублікай Беларусь правоў, гарантаваных міжнародным дагаворам, падпісаным і ратыфікаваным гэтай дзяржавай - Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Камітэт па правах чалавека, афіцыйна прыняўшы да разгляду скаргу ад імя Алеся Бяляцкага, 19 чэрвеня 2012 г. накіраваў яе дзяржаве, якае павінна падаць інфармацыю ці свае пярэчанні з нагоды названых у звароце фактаў на працягу шасьці месяцаў, гэта значыць да канца бягучага года.

Старшыня Праваабарончага цэнтра "Вясна"Алесь Бяляцкі ўзяты пад варту з 4 жніўня 2011 г., асуджаны 24 лістапада 2011 г. судом Першамайскага раёна г.Менску па ч.2 арт. 243 КК (утойваньне прыбыткаў у асабліва буйным памеры) да 4,5 гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці. Адбывае пакараньне ў калоніі №2 г.Бабруйску.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства