Гарадоцкім апазіцыянерам не ўдалося аспрэчыць вынікі фармаванне ўчастковых камісій
Раённы суд адхіліў скаргі Віцебскай Рады Партыі БНФ і абласнога камітэту БСДП(Грамада), дзе патрабавалася адмяніць рашэнне Гарадоцкага райвыканкаму наконт стварэння ўчастковых выбарчых камісій.
Ва ўчастковыя камісіі Гарадоччыны не трапіў ніводзін з двух апазіцыянераў, якія выказалі жыданне ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі ў гэтай якасці. Так, падчас фармавання Савецкай участковай камісіі № 34 туды не была ўключана прадстаўніца Партыі БНФ Вольга Аўтухова, а ў склад Гагарынскай участковай камісіі № 36 не трапіў прадстаўнік БСДП(Грамада) Леанід Гаравы.
Скаргі разбіраў старшыня Гарадоцкага райсуду Аляксандр Ляшковіч. Ён не прыняў да ўвагі аргументы старшыні раённай суполкі Партыі БНФ Леаніда Аўтухова пра тое, што ў Савецкай камісіі № 34 увогуле няма ніводнага прадстаўніка ад партый, і не палічыў незаконным рашэнне Гарадоцкага райвыканкама.
Пра тое, што ў адпаведнасці з нормамі артыкула 5 Канстытуцыі і артыкула 34 Выбарчага кодэксу прыярытэт на выбарах мусіць належаць палітычным партыям, гаварыў на судзе і прадстаўнік БСДП(Грамада) Леанід Гаравы.
Напачатку ён заявіў адвод суддзі А. Ляшковічу ў сувязі з наянасцю ускосных і прамых абставін у зацікаўленасці ў выніках разгляду скаргі, бо яго жонка Наталля Ляшковіч працуе намесніцай старшыні камісіі па справах непаўнагадовых, а яе непасрэдная кіраўніца Надзея Бурунова якраз і рыхтавала пытанне аб фармаванні ўчастковых камісій. Але суддзя Ляшковіч не задаволіў гэта хадайніцтва.
Таксама не было задаволена хадайніцтва аб удзеле перакладчыка ў судовым паседжанні, бо прадстаўнік заяўніка карыстаўся роднай беларускай мовай, а ўдзельнікі працэсу маюць праблемы з яе выкарыстаннем - у першаю чаргу гэта тычылася пракурора.
Леанід Гаравы звярнуў увагу суду і на тое, што дакументы, пададзеныя на ўдзел ва ўчастковых выбарчых камісіях, прынамсі ў трох чалавек былі аформлены з памылкамі, але двое з іх усё адно трапілі ў Гагарынскую выбарчую камісію №36:
"Прадстаўніца адказчыка Ганна Гурынава так і не здолела патлумачыць, якім чынам па несапраўдных заявах у Гагарынскую участковую камісію трапілі двое членаў. Таксама юрыст райвыканкама не здолела патлумачыць, чаму праца так званай рабочай групы па фармаванні камісій не праходзіла галосна і адкрыта. Суддзя не улічыў і тое, што з 17 членаў Гагарынскай участковай камісіі № 36 больш як трэцяя частка – гэта дзяржаўныя службоўцы Гарадоцкага райвыканкама".
Актывісту не ўдалося давесці, што ён мае не толькі жаданне, але і досвед працы ва ўчастковых выбарчых камісіях, у тым ліку ў якасці старшыні, як патрабуе норма Выбарчага кодэкса для арганізацыі выбараў. А таксама, падчас працы назіральнікам, ён неаднаразова выкрываў незаконнасць рашэнняў Гарадоцкай раённай камісіі на мясцовых выбарах 2010 года і масавыя парушэнні ў працы Гагарынскай камісіі ў час мінулай прэзідэнцкай кампаніі.
Прысутны на судзе пракурор падчас апошняга слова заявіў, што члены райвыканкама ўвогуле "могуць мець асабістае стаўленне да Леаніда Гаравога і таму не ўключаць яго ў склад камісіі".
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”