Лесапарк Салігорску будуць высякаць пад футбольныя палі

2011 2011-10-21T16:20:42+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/salig-les-3.gif Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Мясцовыя ўлады не пакідаюць спробаў знічшчыць салігорскую лесапаркавую зону. Гэтым разам замест некалькіх гектараў катэгарыйнага лесапарку чыноўнікам прыйшла ідэя зрабіць футбольныя палі.

Канфлікт мясцовых жыхароў з гарадскімі ўладамі пачаўся яшчэ ў лістападзе 2010 году. Тады па загадзе кіраўніцтва Салігорску пад забудову элітнага жытла, якога, між іншым, дагэтуль не пабудавалі, у экстраным парадку было высечана некалькі гектараў дваццацігадовых дрэваў. Каб супрацьстаяць далейшай незаконнай высечцы і бараніць сваё права на здаровы навакольны асяродак салігорскія грамадскія актывісты распачалі экалагічную кампанію “Абаронім лес”. Цягам году іх намаганнямі ўдалося спыніць некалькі спробаў высечкі гарадскіх зялёных зонаў. Апошняя такая спроба мела месца на пачатку верасня, але, пасля публікацыі інфармацыі аб гэтым у незалежных СМІ, была таксама прыпынена.

На днях абаронцам лесу стала вядома аб новых планах чыноўнікаў. Кіраўнік мясцовай “вертыкалі” Аляксандр Рымашэўскі загадаў кіраўніцтву ЖКГ “Комплекс” пачаць падрыхтоўчыя працы па высечцы лесапаркавай зоны каля былога прафілакторыя “Жамчужына”. На месцы знішчанага лесу мусяць паўстаць трэніровачныя футбольныя палі. Справа ў тым, што яшчэ год назад Аляксандр Лукашэнка падпісаў распараджэнне аб бязвыплатнай перадачы ва ўласнасць футбольнаму клубу “Шахцёр” будынкаў былой здраўніцы. Але не аб якой высечцы катэгарыйнага лесу гутаркі і побач не было.

Начальнік Салігорскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Гарнішэўскі паведаміў ініцыятару кампаніі “Абаронім лес” Уладзіміру Шылу, што на дадзены момант любая вырубка дрэваў у азначаным месцы салігорскага лесапарку з’яўляецца незаконнай. Дазволу інспекцыі на гэткую вырубку няма і даваць яго ніхто не плануе. Правядзення абавязковай дзяржаўнай экалагічнай экспертызы, як таго патрабуе Лясны кодэкс  Рэспублікі Беларусь, таксама не было. Парушэнне ж заканадаўства ў дадзеным выпадку трапляе пад крымінальную адказнасць.

Варта адзначыць, што ў непасрэднай блізкасці ад месца вызначанай высечкі знаходзяцца новыя гарадскія водазаборныя свідравіны з адпаведнай ахоўнай зонай, што накладае дадатковыя забароны. Тым не менш, ЖКГ “Комплекс” ужо пачало тэхналагічную і сметную падрыхтоўку вынішчэння лесапарку. Пляцоўкі каля новай базы ФК “Шахцёр”, вызначаныя пад знішчэнне, ужо адмежаваныя адмысловай сігнальнай лентай (на фота).

Актывісты кампаніі “Абаронім лес” будуць патрабаваць ад уладаў правядзення мясцовага рэферэндуму па пытанню абароны ляснога фонду ў рэгіёне. “Органы дзяржаўнага кіравання павінны спрыяць правядзенню такіх рэферэндумаў”, пазначана ў артыкуле 14 Ляснога кодексу.

 

Спасылка на мапу з лесам: http://maps.google.com/?hl=by&ll=52.770033,27.528048&spn=0.008867,0.022724&hnear=Salihorsk,+Minsk+Province,+Belarus&t=h&z=16&vpsrc=6&lci=com.panoramio.all

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international