Грамадскасць абараніла салігорскі лес
Яшчэ напрыканцы мінулага году ў Салігорску разгарнулася барацьба жыхароў гораду з мясцовымі ўладамі за права на
здаровы навакольны асяродак. Прычынай канфлікту стаў пачатак высечкі значных
лесапаркавых тэрыторыяў пад будаўніцтва жылля.
Выдомыя грамадскія дзеячы Салігорску адразу распаўсюдзілі адмысловы адкрыты ліст
з падрабязна выкладзенай сутнасцю праблемы. Ліст быў адрасаваны кіраўніцтву
раёна, праваахоўным органам, жыхарам гораду і нават усім кандыдатам у
прэзідэнты.
У снежні актывістамі салігорскай грамадскай кампаніі “Абаронім лес” за некалькі
дзён было сабрана больш за тысячу подпісаў супраць вырубкі дрэваў у
лесапаркавай зоне. Гэтае пытанне ўздымалася на сустрэчы з кожным кандыдатам у
прэзідэнты, у тым ліку з даверанай асобай дзеючага кіраўніка краіны Міхаілам
Батурай.
Адразу пасля выбараў абаронцы лесу зазналі ціск і пераслед з боку ўладаў. Найбольш вядомыя з іх у студзені былі аштрафаваныя на агульную суму 2 275 000 рублёў за
той самы збор подпісаў. Прысуд быў абскарджаны, але Мінскі абласны суд прызнаў актывістаў
вінаватымі ў парушэнні ўсталяванага парадку арганізацыі і правядзення
пікетавання.
Тым не менш, вырубку дрэваў у салігорскай лесапаркавай зоне ўдалося спыніць. У
сваім апошнім лісце кіраўнік мясцовай вертыкалі паведаміў, што “лес па вуліцыі
Лясной г.Салігорску застаецца рэзевовым участкам”. Таксама ў лісце
паведамляецца, што замест вырубленага лесу ў межах вуліц Казлова і К.Засловнава
“у вяснова-зімовы перыяд 2011 году на тэрыторыі гораду Салігорску будзе
высаджана 252 дрэваў”.
“Праваабарончая хроніка”