Суды за Плошчу: Някляеў, Рымашэўскі, Дзмітрыеў, Фядута, Палажанка, Вазняк (дзень дзесяты). Прысуды - 20 траўня

2011 2011-05-18T15:12:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/niakliaeu1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Уладзімір Някляеў. Фота Радыё Свабода

Уладзімір Някляеў. Фота Радыё Свабода

18 траўня ў судзе Фрунзенскага раёна Менску аднавіўся працэс па абвінавачванні кандыдатаў на прэзыдэнта Ўладзімера Някляева і Віталя Рымашэўскага, а таксама сяброў штабу Някляева Андрэя Дзьмітрыева, Аляксандра Фядуты і Сяргея Вазьняка і даверанай асобы Рымашэўскага Насты Палажанкі.

10-00. Суд працягваецца чацверты дзень. У зале суду прысутнічаюць прадстаўнікі АБСЭБ, амбасадар Швэцыі Стэфан Эрыксан. Не зьявіўся адвакат Дзьмітрыева, і адразу ж судзьдзя абвясьціла перапынак на 5 хвілін для высьвятленьня месца знаходжаньня абаронцы.  У залю суду прыйшоў амбасадар Швэцыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан.

10-15. Працягваецца допыт сьведкаў. Выступае Наста Лойка. Распавядае пра падзеі 19 сьнежня на Кастрычніцкай. Характар акцыі быў мірны. Музыка заглушала выступы кандыдатаў на прэзыдэнты. Бачыла шэрагі супрацоўнікаў ДАІ. Значная частка калёны перасоўвалася па праезнай частцы. Машын на праспэкце не было. Сама яна ішла асобна, крыху наперадзе.Судзьдзя запытваецца, каго сьведка бачыла на Прывакзальнай плошчы. Лойка адказала, што Рымашэўскага і Палажанку. Што прамаўлялі прамоўцы, не было чуваць. Настрой у людзей быў мірны і сьвяточны. Папярэджаньні супрацоўнікаў міліцыі пра тое, што мітынг несанкцыянаваны, яна ня чула. Фядута пытаецца пра каток, ці каталіся людзі. Наста Лойка кажа, што людзей на катку было мала, у асноўным падлеткі. Рымашэўскі пытаецца, ці фатаграфавала яна. Лойка кажа, што так, але фотаздымкі знаходзяцца ў канфіскаваным кампутары. 

12-10. У судзе даюць паказанні сведкі: Сяргей Луканін, эксперт-распрацоўшчык выбарчай праграмы Някляева Пётр Марцаў, намесьнік рэдактара "Белгазеты" Віктар Марціновіч, дырэктар ЗАТ "Ніць Арыядны" Павал Жук. Гэта тая друкарня, што  вырабляла агітацыйную прадукцыі кандыдатаў у прэзыдэнты Някляева. Прадукцыя ўзгаднялася з Цэнтарвыбаркамам, замову падпісвала Лідзія Ярмошына. Ён асабіста прадукцыю праглядаў. Дакумэнты падпісвалі Вазьняк, Дзьмітрыеў, Някляеў.

* * *

10 траўня ў судзе Фрунзенскага раёна Менска прадоўжыцца разгляд крымінальнай справы Уладзіміра Някляева, Віталя Рымашэўскага, Андрэя Дзьмітрыева, Аляксандра Фядуты, Насты Палажанка і Сяргея Вазняка. Усе яны абвінавачваюцца на падставе часткі 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх), што караецца максімальным тэрмінам у тры гады.

Нагадаем, што другі дзень судовага працэсу скончыўся тым, што Аляксандра Фядуту забрала «хуткая» — яму стала кепска. Праз гэта паседжанне было перанесенае на 10 траўня.

Падрабязна пра першыя дні судовага працэсу.

10-00. Дзяржабвінаваўца пачаў апытаньне Уладзіміра Някляева.

Пракурор распытвае Някляева аб закліках яго прыйсці на плошчу і забароне акцыі пратэсту. Някляеў адказвае наступным чынам: "Я пра забарону нават не думаў. Нельга сказаць, што я не ведаў аб ёй, але значэння не надаваў. З генпракуратуры ніякіх пісьмовых папярэджванняз я не атрымліваў. Пазваніў нейкі чалавек адтуль і сказаў мне, што я не маю права быць на Плошчы... Я палітык, я ўмею прагназаваць, я не чакаць, калі мне скажуць, што і як рабіць. Менавіта таму я заклікаў на Плошчу... Калі б кандадатам дазволілі даставіць на Плошчу апаратуру, то ўсё б мірна скончылася. Але некаму гэта перашкаджала".(Наша Ніва)

11-30. Някляеву задаюць пытанні адвакаты. Ён паўтарае ўжо раней агучаныя сведчанні. У. Някляеў трымаецца пазіцыі, агучанай ім падчас выступу ў вольнай форме, які ён зрабіў у другі дзень судовага пасяджэння.

«Былі два ўдары. У той момант я крычаў "не біце людзей", мне спачатку нанеслі ўдар па твары каля вока, а потым дубінай па галаве, я паваліўся. Пабачыў сябе толькі ў СІЗА, калі сукамернік даў мне люстэрка і параіў паглядзець, які я прыгажун. Я увогуле не бачыў адным вокам першапачаткова, думаў, што страціў зрок. Я павінен падзякаваць сваёй Вользе. Гэта яна мяне прымусіла перад выхадам адзець тую цёплую тоўстую шапку. Шапка мяне ўратавала».

Някляеў падаў два хадайніцтвы: аб далучэнні да матэрыялаў справы фактаў фальсіфікацыі выбараў і аб дазволе сустрэчы з дочкамі. На думку абароны Някляева, факты фальсіфікацыі выбараў могуць вытлумачыць, што змусіла кандыдата ў прэзідэнты заклікаць да ўдзелу ў акцыі пратэсту. Пракурор выказаўся за адхіленне хадайніцтваў. Суддзя выйшла ў іншае памяшканне для разгляду хадайніцтваў абвінавачанага. Перапынак у разглядзе справы. (Наша Ніва)

12-20. Някляеў падаў яшчэ адно хадайніцтва аб выкліку ў якасці сведкі на працэс міністра Куляшова і Лукашэнкі ў якасці асобаў, якія кіравалі дзеяннямі праваахоўных органаў 19 снежня. Пракурор з хадайніцтвам не пагадзіўся, на яго думку, прысутнасць Куляшова і Лукашэнкі ў якасці сведак на працэсе неабгрунтававаная, бо яны не былі відавочцамі падзей. Суддзя на месцы падтрымала пазіцыю пракурора. Някляеў абурыўся, і атрымаў папярэджанне. (Наша Ніва)

13-30. Суд вырашае, у якім парадку працаваць далей. Абвінавачаныя настойваюць, каб спачатку заслухалі ўсіх сьведкаў, а потым пераходзілі да вывучэньня пісьмовых матэрыялаў справы. Адвакаты іх падтрымліваюць. Просяць абвесьціць перапынак да 14 гадзін, каб высьветліць, дзе сьведкі. Судзьдзя абвяшчае перапынак да 14 гадзін. (Радыё Свабода)

14-45. У другой палове дня працягнуўся допыт сведак.

16-40. Пракурор чытае пісьмовыя паказаньні Уладзімера Някляева, даведкі, пратаколы. З санкцыі намесьніка генпракурора Конана праслухоўваліся тэлефонныя размовы Някляева па некалькіх мабільных тэлефонах. пракурор зачытвае расшыфроўкі перамоваў напярэдадні выбараў паміж Саньнікавым і Някляевым.  Абвінаваўца зачытвае дакумэнты, датычныя кампаніі "Гавары праўду!" і выбарчай кампаніі. Пералічвае сцэнары, пры якіх абставінах які будзе рэалізоўвацца. Маўляў, плошча стаіць да той пары, пакуль Лукашэнка не пагадзіцца на перамовы. Наступны дакумэнт -- дастаўка грошай у Беларусь, пералічаны варыянты. Тлустым шрыфтам -- легалізацыя грошай. Фігуруюць словы "Майстар-карт", безнаяўны разьлік і г.д. Наступны дакумэнт зноў пра фінансавыя ўмовы праекту. Някляеў запытваецца, якое дачыненьне маюць гэтыя дакумэнты да абвінавачваньня? І сам адказвае, што ніякага. Перапынак 5 хв. (Радыё Свабода)

12 траўня. Пяты дзень працэсу.

10-05.  Працэс адноўлены. Прысутнічаюць прадстаўнікі АБСЭ.
Някляеў заяўляе хадайніцтва. Дакумэнты і матэрыялы, якія зачытваліся ўчора, тычыліся кампаніі "Гавары праўду!", і да гэтай справы яны ня маюць адносінаў. Ніякай крымінальнай справы ў дачыненьні кампаніі не вядзецца, таму яны павінны быць вынятыя з матэрыялаў гэтай справы, ці, прынамсі, не павінны зачытвацца ў гэтым працэсе. Судзьдзя адказала, што гэта пытаньне яна будзе вырашаць ў дарадчым пакоі.

Фядута таксама выступае з хадайніцтвам выклікаць ў якасьці сьведкі кіроўцу "Фальксвагену". Пракурор супраць. Адвакат Някляева Тамара Сідарэнка абгрунтоўвае неабходнасьць, але пракурор зноў пярэчыць. Адвакат настойвае. (Радыё Свабода)

10.30 Пракурор працягвае зачытваць пісьмовыя матэрыялы справы. Доўга гартае старонкі справы, ня можа знайсьці. Адвакат Сідарэнка просіць агучыць яе скаргу на імя старшыні Вярхоўнага Суду Сукалы і іншых службовых асобаў на тое, што ёй не дазвалялі цягам сьнежня і студзеня сустракацца са сваім падабаронным, калі той знаходзіўся ў ізалятары КДБ. Яна падрабязна апісвае, колькі часу правяла ў чэргах у КДБ, спасылаецца на крымінальна-працэсуальны кодэкс, пералічвае, колькі скаргаў яна напісала ў пракуратуру ды іншыя органы. Някляеў дадае, што ў той час яго дапытвалі без адвакату. а гэта грубейшае парушэньне закону, ён тройчы пісаў пракурору, але ніводная скарга не далучаная да матэрыялаў справы. Пракурор зачытвае пратакол ператрусу ў Някляева ў кватэры. (Радыё Свабода)

* * *

13 траўня ў судзе Фрунзенскага раёна Менску аднавіўся працэс па абвінавачванні кандыдатаў на прэзыдэнта Ўладзімера Някляева і Віталя Рымашэўскага, а таксама сяброў штабу Някляева Андрэя Дзьмітрыева, Аляксандра Фядуты і Сяргея Вазьняка і даверанай асобы Рымашэўскага Насты Палажанкі.

10-10. Ранішняе паседжанне пачынаецца з допыту сведкаў.

11-00. Адвакатка Палажанкі заяўляе хадайніцтва запрасіць кіраўнікоў прадпрыемстваў, якія закрыліся раней з-за масавага шэсьця і недаатрымалі прыбытак. Пракурор зноў супраць. Судзьдзя адмаўляе на дадзенай стадыі ў задавальненьні хадайніцтва, але да гэтага пытаньня абяцае вярнуцца.
Судзьдзя прымае хадайніцтвы заслухаць сьведкаў абароны. Пракурор супраць. Някляеў пратэстуе: маўляў. абвінаваўца пастаянна пераходзіць на асобы. Судзьдзя сказала, што сьведкі будуць заслуханыя.

16 траўня

10-20. Судовае паседжаньне пачалося з прагляду відэаматэрыялаў. Праглядаюць ролік сустрэчы з выбарцамі ў Барысаве. Давераная асоба Віктар Гарбачоў прадстаўляе кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева.

17 траўня

17 траўня Фрунзенскі суд Менску працягнуў працэс над экс-кандыдатамі ў прэзідэнты Уладзімірам Някляевым і Віталём Рымашэўскім, а таксама Аляксандрам Фядутам, Андрэем Дзмітрыевым, Сяргеем Вазняком, Настай Палажанкай.

Пасьля прагляду відэаматэрыялаў у судзе дзяржабвінаваўца Пракурор выступіў з жаданнем зачытаць некаторыя дакументы справы, датычныя дзейнасці кампаніі «Гавары праўду». Супраць гэтага выступіла адвакат А.Фядуты і Наста Палажанка.

Пракурор  зачытвае паказанні Фядуты, дадзеныя падчас следства. Там вядзецца пра фінансаванне кампаніі «Гавары праўду». Паводле пратакола, А.Фядута гаворыць пра сустрэчу з донарамі на тэрыторыі Польшчы і называе суму ў 4,5 млн. амерыканскіх долараў. Паводле матэрыялаў следства, А.Фядута прызнаваў, што шэсце па праспекце Незалежнасці было запланава. Меркавалася, што такім чынам можна будзе перамясціць людзей да Дома ураду з мэтай перадачы рэзалюцыі С.Сідорскаму.

Акрамя гэтага, гаворыцца пра магчымыя сцэнары развіцця сітуацыі падчас прэзідэнцкіх выбараў у снежня 2010 году. А.Фядута прызнае, што змена прэзідэнта падчас выбараў немагчымая, адпаведна больш верагодны сцэнар дзеянняў — перамовы з прадстаўнікамі ўладаў. У прыватнасці, С.Сідорскім.

У другой палове дня пасьля доgыту Аляксандра Фядуты, абвінаваўца Андрэй Кажэўнікаў пачынае судовыя спрэчкі. Кажа, што за парушэньні заканадаўства прадугледжваецца адказнасьць ў прававой дзяржаве. Абвінавачаныя ўчынілі дзеяньні супраць грамадзкага парадку. Роля кожнага канкрэтызаваная ў абвінавачваньнях. Схематычна нагадвае, што каму інкрымінуецца. Ніхто з абвінавачваных фактычна не прызнаў віны. Абвінавачаны Вазьняк яшчэ даваў непраўдзівыя паказаньні наконт сродкаў, кажа пракурор.


Пракурор апісвае тое, што адбылося 19 сьнежня, пералічвае відэазапісы, дакумэнты, доказы сьледзтва. Кажа, што некаторыя абвінавачаныя скандавалі лёзунгі, выкрыквалі асобныя фразы. Распавядае пра выхад калёны на праезную частку, прарыў ланцуга ДАІ, пра выступ экс-кандыдатаў. Сьведчаньні супрацоўнікаў ДАІ, паводле пракурора, цалкам пацьверджаны відэаматэрыяламі. Паводле пракурора, на Калектарнай таксама было непадпарадкаваньне супрацоўнікам ДАІ. Не далі агледзець аўтамабіль з гукаўзмацняльнай апаратурай, была спроба адпіхнуць аўтамабіль ДАІ. Раздаліся выбухі, супрацоўнікі спэцпадразьдзяленьня ў форменным адзеньні спрабавалі спыніць непадпарадкаваньне. Патрабаваньні прадстаўнікоў улады былі праігнараваныя, таму была ўжытая сіла. Паказаньні сьведкаў, а таксама відэазапісы сьведчаць, што абвінавачаныя неаднаразова заклікалі людзей выйсьці на плошчу, — кажа пракурор.

Пракурор: Паказаньні сьведкаў, а таксама відэазапісы сьведчаць, што абвінавачаныя неаднаразова заклікалі людзей выйсьці на плошчу. Кажа пра віну Палажанкі, якую пацьвердзілі яе ж сьведкі: Наста Лойка, Мікола Дземідзенка, а таксама запісы зь яе запісной кніжкі. Яна быццам бы прымала актыўны ўдзел у разьмяшчэньні людзей. Віна іншых таксама цалкам пацьвярджаецца матэрыяламі справы (ідзе доўгі пералік).У Менгарвыканкам не паступалі заяўкі на правядзеньне масавых мерапрыемстваў, абвінавачаным было вядома пра недапушчальнасьць правядзеньня акцый на цэнтральных плошчах, кандыдатам былі вынесены папярэджаньні.

Пракурор заяўляе, што ўсе гэтыя фактары прывялі да жорсткага, брутальнага біцьця шкла ў Доме ўраду. Абвінавачаныя разумелі, што вялікая гурма людзей да гэтага прывядзе. Факт змовы Фядуты, Някляева, Дзьмітрыева і Вазьняка пацьвярджаецца шматлікімі дакумэнтамі кампаніі «Гавары праўду». Былі два сцэнары: «Плошча. Перамога» і «Перамены тут і цяпер». Зноў пракурор пераходзіць да дакумэнтаў і канцэпцый кампаніі «Гавары праўду» і кажа, што гэта сьведчыць пра змову чатырох абвінавачаных.(Радыё Свабода)

Пракурор просіць:
Някляеву — 3 гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на 2 гады.
Дзьмітрыеву — 3 гады пазбаўленьня волі ўмоўна з выпрабаваўчым тэрмінам 2 гады.
Фядуту — 2 гады ўмоўна з выпрабаваўчым тэрмінам 2 гады.
Вазьняку — 2 гады абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу з адтэрміноўкай на 2 гады.
Рымашэўскаму — 2 гады пазбаўленьня волі ўмоўна з выпрабаваўчым тэрмінам 2 гады.
Палажанцы — 1 год 6 месяцаў умоўна з выпрабаваўчым тэрмінам на 1 год

18 траўня

10.00 Сёньня ў працэсе чакаюцца выступы адвакатаў Насты Палажанкі і Ўладзімера Някляева. Потым будуць апошнія словы абвінавачаных. На суд прыйшло вельмі шмат народу, трапілі ня ўсе. Сярод прысутных назіральнікі АБСЭ, дыпляматы, палітык Аляксандар Мілінкевіч, літаратары Ўладзімер Арлоў і Леанід Дранько-Майсюк, старшыня БАЖ Жанна Ліцьвіна ды іншыя. (Радыё Свабода)

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства