«Словы Міхалевіча пра катаваньні — праўда»
З былым міліцыянтам Аляксандрам Класкоўскім у турме сустрэлася жонка. Павал Севярынец дапамагае сукамэрнікам вывучаць Біблію. Што думае Наста Палажанка пра будучыя суды над удзельнікамі плошчы? Вязьня Дзьмітрыя Буланава вярнулі са шпіталя на Валадарку.
Вязень Аляксандр Класкоўскі падчас спатканьня з жонкай Натальляй пацьвердзіў тое, што казаў пра «амэрыканку» Алесь Міхалевіч. Размова вязьня з жонкай адбылася падчас іх спатканьняў у СІЗА КДБ. Натальля Класкоўская:
– Ён пацьвердзіў словы Міхалевіча. Сказаў: «Наташа, тое, што казаў Міхалевіч – ўсё праўда». Яшчэ паведаміў, што прыходзіў да яго чалавек з пракуратуры і пытаўся, ці ёсьць у яго скаргі. Саша гэта ацаніў так: «Сьмешна. Калі б я сказаў, што ёсьць скаргі, то з табой тут бы не сядзеў». Відаць, меў на ўвазе, што адбілі б ужо ўсё, што магчыма.
Яшчэ казаў, што, канешне, вінават перад намі і што самы вялікі тэрмін яму пагражае. Нават задаваў пытаньне сьледчаму, чаму такі вялікі тэрмін? «Ну ладна, удзел. Тут, мяўляў, згодзен з абвінавачаньнем. А арганізацыя? Якой я арганізатар?» Але, кажа, сьледчы нічога нават ня мог адказаць.»
Акрамя ўдзелу ў беспарадкаў Аляксандар Класкоўскі абвінавачваецца ў іншых злачынствах. Пад куртку былы міліцыянт апрануў міліцэйскі кіцель, што стала падставай абвінаваціць яго ў прысваеньні ўлады. Пры затрыманьні 21 сьнежня Аляксандр Класкоўскі быў моцна зьбіты спэцназаўцамі. Сваякі мяркуюць, што яму помсьцілі як былому міліцыянту.
Нагадаю, пра катаваньні ў СІЗА КДБ заявіў у сакавіку экс-кандыдат на прэзыдэнта Алесь Міхалевіч, калі яго вызвалілі з «амэрыканкі» пад падпіску пра нявыезд. Міхалевіч казаў пра расьцяжкі, катаваньні холадам і сьвятлом ды іншыя незаконныя захады ўзьдзеяньня на вязьняў. КДБ гэтыя зьвесткі Міхалевіча абверг, а вось былы вязень «амэрыканкі» Алесь Атрошчанкаў, ужо асуджаны на 4 гады, пацьвердзіў. Аляксандр Фядута, які выйшаў з «амэрыканкі» на мінулым тыдні, ня лічыць, што да яго ўжывалі катаваньні, хаця і распавёў, што на кароткі час яго таксама ставілі «на расьцяжку».