Мінск: Дэмакрата выключаюць з участковай камісіі за фіксаванне фальсіфікацыяў

2010 2010-12-17T10:35:09+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/skryniafalsifikacyji.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сёння ў 11 гадзін плануецца выключэнне з камісіі на выбарчым участку № 4 у Ленінскім раёне Мінска прадстаўніка Партыі БНФ Юрыя Шпак-Рыжкава. Акрамя таго, апазіцыянеру пагражаюць звальненнем з працы. Прычынай рэпрэсіўных мераў з боку ўладаў стала дакументальнае фіксаванне Ю.Шпак-Рыжкавым фактаў фальсіфікацый выбараў.

Апошняй кропляй стала тое, што ён змог сфатаграфаваць вялізныя “дзіркі” ў скрынях для бюлетэняў, праз якія лёгка ўкінуць новыя бюлетэні з “правільнымі” вынікамі галасавання. У дадатак, апазіцыянер пабачыў, што ў скрынях адсоўваюцца крышкі, а лічбы прагаласаваўшых датэрмінова выбаршчыкаў завышаюцца. Але найбольш абурыла ўлады тое, што з гэтымі парушэннямі сябра камісіі азнаёміў  міжнародных назіральнікаў з місіі АБСЕ.

“15 снежня я знайшоў вялікую дзірку ў скрыні, сфатаграфаваў яе і выклікаў на месца прадстаўнікоў АБСЕ, - распавядае пра хаду падзей сам Юрый Аляксандравіч. – Старшыня камісіі Наталля Міхайлаўна Вяроўка адразу пасля маіх здымкаў  стала тэлефанаваць у выканкам і скардзіцца на мяне. Ужо тады прагучала прапанова выкінуць мяне з камісіі. Назаўтра прадстаўнікі АБСЕ пабывалі на нашым выбарчым участку N 4 у Ленінскім раёне, які месціцца ў 123-й школе ў Серабранцы. Калі міжнародныя назіральнікі пабачылі парушэнне са скрыняй і з’ехалі, я раптам знайшоў яшчэ і 50 няўлічаных бюлетэняў. На нашым участку іх было ўлічана 2250, а аказалася ў наяўнасці чамусьці 2300”.

Праўда, працягвае суразмоўца, лішнія бюлетэні старшыня ў той жа дзень быццам бы павезла здаваць у выканкам. А каб знайсці іх не ўдалося?

Гэта адбываецца на фоне маніпуляцый камісіі з лічбамі колькасці прагаласаваўшых на ўчастку, кажа сп. Юрый. “Мае падлікі не супадаюць з афіцыйнымі, але паглядзець дакументы мне не даюць – мне, сябру выбарчай камісіі! Я маю на гэта права, і я павінен іх ведаць”, - абураецца актывіст. Лічбы колькасці прагаласаваўшых, паводле яго словаў, камісія дае вельмі вялікія. “Калі я сам лічу, атрымліваецца 13 чалавек. Калі лічаць яны, то невядома, адкуль старшыня бярэ вынікі. 58 чалавек - гэта ўзята проста з галдавы. Гэта нерэальна”, - дадае ён. Трэба дадаць, што старшыня камісіі спадарыня Вяроўка вылучалася ад структур БРСМ.

Юрый Шпак-Рыжкаў прызнаецца, што ў сваёй працы як сябра ўчастковай камісіі амаль пастаянна сустракае перашкоды: “Бюлетэні не давалі падпісваць, бо я добра іх падпісваю, так, што не пераблытаць. Фатаграфаваў, то ледзь не трымалі за рукі. Азнаёміцца з афіцыйнымі дакументамі камісіі не даюць”.  А 16 снежня, у дзень візіту АБСЕ на ўчастак, апальнаму сябру камісіі тройчы тэлефанавалі з працы і казалі, каб кінуў усё і ехаў туды. Мала таго, некалькі разоў званілі невядомыя людзі, якія не прадстаўляліся, казалі “Едзь на працу!” і кідалі слухаўку. “Дзіўна, але такія тэлефанаванні паступілі нават на нумар старшыні камісіі – нібыта паклікалі мяне. А аднаго разу тэлефанавала незнаёмая жанчына, якая не прадставілася, і сказала: маўляў, не паедзеш зараз жа на працу – будзеш мець вялікія непрыемнасці”, -- апісвае падзеі сп. Шпак-Рыжкаў. Пакуль ён яшчэ маляр дзяржаўнага прадпрыемства “Мінгарсвятло”, але згадвае, што яго ўжо не раз абяцалі адтуль звольніць з-за ўдзелу ў выбарчай кампаніі. Першыя скандальныя падзеі адбыліся ўжо ў той дзень, калі апазіцыянер атрымаў пасведчанне сябра выбарчай камісіі. З раніцы як мага раней адпрасіўся, патлумачыў прычыну. Праз пару гадзін прыехаў на працу – начальства кажа, што яму залічаць прагул. Ад хвалявання, кажа Юрый Аляксандравіч, моцна падскочыў ціск. Давялося ляжаць і піць лекі. Працаваць у той дзень не мог ужо па стане здароўя. “А потым мне паўтаралі: ты бярэш удзел у выбарах? Відаць, проста не хочаш тут працаваць!” І яшчэ гаварылі чамусьці, што мне перад уладамі трэба каяцца”. Цяпер, пасля раскрыцця механізму падману на выбарах, спадар Юрый амаль упэўнены: яго звольняць. Бо не толькі не “пакаяўся”, але і змясціў у сваім блогу кадры скрыняў – апячатаных, але з дзіркамі для падкідання галасоў за “бацьку”.         

Здымкі Ю.Шпак-Рыжкава. У яго блогу пад імі надпіс: ” У параўнаньні з тою адтулінаю афіцыйная шчыліна для бюлетэняў - папросту дзіцячая піпіська! Гэткія ж скрыніі й на астатніх двух участках, у тым ліку й апошняга дню! І гэныя "людзі" адмовіліся ад сучасных ды 'шчэ й дармовых скрыняў!”  

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international