Сёння Міжнародны дзень ахвяр гвалтоўных знікненняў

2010 2010-08-30T09:38:49+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/161109action01.jpg
Фота Наша ніва

Фота Наша ніва

Сёння адзначаецца Міжнародны дзень ахвяр гвалтоўных знікненняў. Міжнародная канвенцыя аб абароне ўсіх асоб ад гвалтоўных знікненняў была прынятая 20 снежня 2006 года Генеральнай асамблеяй ААН. Дакумент падпісалі 57 дзяржаў. 19 краін ужо ратыфікавалі Канвенцыю. Беларусь яе дагэтуль не ратыфікавала.

Тым часам праблема гвалтоўных знікненняў для Беларусі актуальная. Восенню 1999 года ў краіне бясследна зніклі адразу два вядомыя апазіцыянеры — былы міністр унутраных спраў Юрый Захаранка і віцэ-спікер Вярхоўнага Савета XIII склікання Віктар Ганчар, а таксама буйны прадпрымальнік Анатоль Красоўскі. Летам 2000 года бясследна знік аператар расійскага тэлеканала ОРТ, былы асабісты аператар прэзідэнта Лукашэнкі Дзмітрый Завадскі.

Родным і блізкім дагэтуль нічога невядома пра іх лёс.

Паводле меркавання праваабаронцы Гары Паганяйла, які ўжо доўгі час займаецца справамі гучных знікненняў, «на аператыўным узроўні справы па зніклых даўно раскрытыя». «Аднак следства блакуецца вышэйшым кіраўніцтвам краіны, якое не дае давесці расследаванні да канца», — заявіў ён у інтэрв’ю БелаПАН.

Як лічыць праваабаронца, усе гэтыя справы могуць быць перададзеныя ў суд «толькі тады, калі зменіцца ўлада».

«Я размаўляў са следчымі, якія заяўлялі: у выпадку змены ўлады дастаткова будзе двух тыдняў, каб завяршыць следства і перадаць справу ў суд. Трэба толькі адхіліць замешаных у знікненнях ад улады, скончыць следства і перадаць справу ў суд», — гаворыць Гары Паганяйла.

«Мы разглядаем гэтыя справы не так, як тлумачыць іх следства — па артыкуле „выкраданне чалавека“, тэрмін даўнасці па якім складае 15 гадоў, — дадаў юрыст.

— Мы лічым, што знікненні ў Беларусі падпадаюць пад артыкул 128 Крымінальнага кодэкса — злачынствы супраць бяспекі чалавецтва, па якой тэрмін даўнасці адсутнічае.

І я веру ў тое, што найбліжэйшым часам гэтыя знікненні будуць раскрытыя і суды над абвінавачанымі адбудуцца».

Як паведамлялася раней, 4 жніўня 2010 года лідэры апазіцыі, грамадзянскай супольнасці, праваабаронцы і іншыя вядомыя беларусы звярнуліся ў Савет бяспекі ААН з просьбай правесці міжнароднае расследаванне выкраданняў людзей у Беларусі. Зварот быў накіраваны міністрам замежных спраў пастаянных членаў Саўбеса ААН — Кітая, Расіі, Вялікабрытаніі, Францыі і ЗША.

Акцыя памяці Захаранкі, Ганчара, Красоўскага і Завадскага пройдзе сёння вечарам на цэнтральнай плошчы Амстэрдама (Нідэрланды). Яе правядуць актывісты беларускай грамадзянскай ініцыятывы «Мы памятаем» з дазволу муніцыпальных улад.

Тым часам улады Брэста забаранілі актывістам дэмсіл правесці мітынгі за ратыфікацыю Беларуссю Міжнароднай канвенцыі па абароне ўсіх асоб ад гвалтоўных знікненняў.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international