Алесь Бяляцкі: Практыка катаванняў, гвалту, непраўдзівых сфабрыкаваных паказаньняў з боку супрацоўнікаў міліцыі ўваходзіць у паўсядзённы ўжытак

2010 2010-02-23T22:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/bialiackialies.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Масавыя затрыманні і арышты прадстаўнікоў непрызнанага Саюза палякаў, нервовае стаўленне супрацоўнікаў міліцыі да працы журналістаў, суды і абвінавачванні ў хуліганстве грамадскіх і палітычных актывістаў маюць пад сабой канкрэтныя прычыны, якія ўлада спрабуе прыхаваць за дэмагагічнымі разважаннямі аб правах і свабодах чалавека. Гэтыя прычыны называе віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, старшыня праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі ў інтэрвію з нашым карэспандэнтам.

Спадар Алесь! Апошнія падзеі грамадска-палітычнага жыцця ў Беларусі і рэакцыя на іх уладаў непакояць многіх грамадзян і, зразумела,  найперш праваабаронцаў. Ці праглядаюцца за жорсткімі дзеяннямі беларускіх сілавікоў нейкія тэндэнцыі, альбо гэта проста выпадковыя з’явы?

А. Б.: На жаль, песімістычныя прагнозы правабаронцаў, якія прагучалі напрыканцы мінулага году, рэальна пачынаюць збывацца. Яшчэ два месяцы таму я казаў, што існуе вялікая верагоднасць пагаршэння ўзаемаадносінаў паміж грамадзянскай супольнасцю і беларускімі ўладамі найперш з прычыны двух вялікіх нацыянальных кампаніяў, якія прыпадаюць на 2010 год: адна з якіх –  выбары ў мясцовыя Саветы, другая – прэзідэнцкія выбары, падрыхтоўка да якіх пачнецца ўжо сёлета.

Як паказвае папярэдні вопыт “падрыхтоўкі” ўладаў да падобных кампаніяў – такія этапы суправаджаюцца шырокамасштабнымі рэпрэсіямі актыўных грамадзянаў па розных накірунках. Становіцца бачна, што існуе пэўны план, згодна з якім пад жорсткі прэсінг дзяржавы чарговы раз падпадаюць грамадскія арганізацыі, незалежныя прафсаюзы, сродкі масавай інфармацыі.

Напачатку гэтага года мы адзначылі разгон некалькіх мірных нешматлікіх акцый, якія праводзіла моладзь:  14 лютага, дзень закаханых і Дзень салідарнасці 16 лютага. Мы бачым ціск на Саюз палякаў Беларусі, траўля якіх, дарэчы, была распачатая яшчэ перад папярэднімі прэзідэнцкімі выбарамі ў 2005 годзе, калі  Саюз палякаў быў штучна расколаты на дзве арганізацыі.  З тых часоў непрызнаная ўладамі частка саюзу палякаў,  якая аб’ядноўвае найбольш актыўных і незалежных прадстаўнікоў польскай нацыянальнай меншасці, спрабуе адстаяць свае правы, сваю годнасць і тую частку маёмасці, якая яшчэ засталася за імі. Характэрным выглядае нядаўні скандал вакол польскага дому ў Івянцы, які быў гвалтам захоплены міліцыяй і паказаў цалкам варожае стаўленне беларускіх уладаў да непрызнанай арганізацыі.

Таксама неабходна адзначыць актыўную і паслядоўную практыку нерэгістрацыі няўрадавых арганізацый і палітычных партый, якой улады цвёрда прытрымліваліся ў 2009 годзе.  Ужо спачатку 2010 году атрымалі канчатковую адмову ў рэгістрацыі ў Вярхоўным судзе Беларуская хрысціянская дэмакратыя, у мінюсьце -- Асамблея няўрадавых арганізацый і прафсаюз прадпрыймальнікаў “Разам”.

Мы фіксуем беспрэцэндэнтны ціск на прэсу, на незалежных журналістаў, якія спрабуюць асвятляць падзеі грамадскага жыцця ці акцыі,  якія адбываюцца ў Беларусі.

Бачна жаданне ўладаў не дапусціць правядзенне мірных маніфестацый і акцый.  Апроч разагнаных у Менску акцыяў, можна прыгадаць нядаўнія арышты  прадстаўнікоў польскай меншасці ў Гародні – намесніка старшыні Саюза палякаў, прэс-сакратара і сябра рады гэтай арганізацыі,   пакаранне  вялікім штрафам старшыні непрызнанага уладамі Саюза палякаў Анжалікі Борыс  за правядзенне мірнага мітынгу, які адбыўся ў Гродні якраз з прычыны ўціску актывістаў гэтай арганазацыі.

Кар.: Але чаму ўлады так жорстка ставяцца да звычайнай недзяржаўнай арганізацыі, пры гэтым выкарыстоўваючы неадэкватныя метады пераследу яе сябраў? У чым дзяржава  бачыць небяспеку з боку непрызнанага ж імі Саюзу палякаў?

А.: Што датычыцца пагрозы з боку польскай нацыянальнай меншасці для дзяржавы – дык ня ведаю, якія таемныя разлікі маюцца ў нашага КДБ, складаецца ўражаньне, што яны паўсюль шукаюць нейкую небяспеку, але рэальна патрэбна памятаць, што мы жывем зусім у іншым часе, на календары – 21 стагоддзе. Сёння любая разумная  і рацыянальная дзяржава стварае спрыяльныя ўмовы для развіцця нацыянальных меншасцяў, бо гэта такія ж самыя грамадзяне як і ўсе астатнія,  яны плоцяць аднолькавыя падаткі, яны маюць права на культурнае і нацыянальнае развіццё, на адукацыю на роднай мове, яны зьяўляюцца зарукаю добрых стасункаў з іхняй роднай краінаю. А ў Беларусі мы бачым адваротны працэс. Адбываецца ўціск ня толькі навучаньня на беларускай мове, (колькасьць вучнаяў у беларускіх школах з году ў год няўхільна і імкліва скарачаецца), але гэта датычыць і вывучэньня польскай мовы ў дзяржаўных школах, я ўжо не кажу пра ўкраінскую ды іншыя мовы нацыянальных меншасцяў у Беларусі.

Напрыклад, у мінулым годзе на Гарадзеншчыне шмат у якіх школах польская мова была пераведзеная з абавязковага прадмету на факультатыўнае навучанне, што рэзка зменшыла колькасць дзяцей, якія наведваюць такія заняткі.  Гэта мы лічым няправільным. Па-першае, у сумежным з Польшчаю рэгіёне вывучаньне польскай мовы было б карысным для ўсіх, а ня толькі для дзяцей з польскіх сем’яў. Відавочна, што гэта ў перспектыве паспрыяла б эканамічнай канкурэнтназдольнасці ўсяго гарадзенскага рэгіёну. Па-другое, не мусіць дзяржава аніякім чынам ціснуць на меншасці, наадварот, згодна ўсіх міжнародных дамоўленасцяў, падпісаных Беларуссю, яна павінна ім дапамагаць.

Але, на жаль, у нас адсутнічае дзяржаўная канцэпцыя ўзаемаадносінаў паміж дзяржавай і нацыянальнымі меншасцямі.  Ёсць закасцянелы камітэт па справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў пры саўміне, які ачольвае таварыш Гуляка з ягонымі савецкімі метадамі і падыходамі, галоўная задача якога, падаецца, складаецца ў тым, каб “не пушчаць!”. Ну і зразумела, ёсць КДБ, якое спрабуе ўсунуць свае два пальцы ў любыя грамадзкія ініцыятывы і, я перакананы,  таксама спрычыніўся  да расколу Саюзу палякаў  Беларусі.  Вось і ўся нацыянальная палітыка.

Русіфікацыя беларускаў, палякаў, яўрэяў ды іншых адбываецца ў Беларусі вось ужо болей за 200 гадоў. І гэтыя ўлады ў нацыянальным пытаньні такія ж закарэлыя, як былыя царскі і савецкі рэжымы.

Кар.: Вяртаючыся да тэмы пальцаў… Абвешчаны прысуд па справе віцебскагага актывіста Алега Сургана, які атрымаў 6 месяцаў турмы і вялікі штраф па абвінавачванні  ў хуліганстве, а менавіта за тое, што нібыта ўкусіў за палец міліцыянта. Ці прысутнічае тут палітычны пераслед?

А.Б.: Увогуле, сітуацыя ў Віцебску дастаткова напружаная і пачалося гэта ад пачатку году, пасля таго,  як Сяргей Каваленка вывесіў нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг на святочнай навагодняй ёлцы. Пасля гэтай падзеі мясцовыя спецслужбы і праваахоўныя органы літаральна ашалелі: пачаліся бясконцыя затрыманні грамадзкіх актывістаў, далі ход справе Алега Сургана, якая была ўзбуджаная яшчэ ў мінулым годзе, а затым прыпыненая.  Гэта дастаткова брыдкая справа, што тычыцца паводзінаў якраз прадстаўнікоў віцебскіх праваахоўных органаў. Нагадаю, што А. Сургана затрымалі і моцна збілі за вывешванне нацыянальнага сцяга, яго падвешвалі за кайданкі і збівалі ужываючы пры гэтым катаванні і гвалт. А тое, што ён нібыта пад час яго перавозкі, з кайданкамі за спінаю, лежачы на падлозе “казла”, біўся галавою аб дзверы і ўкусіў міліцыянта за палец -- дык гэта ж абсалютна непераканаўча. Нават сустрэчны зыск міліцыянты вылучылі толькі пасля таго, як А. Сурган зняў пабоі і была пададзеная скарга ў пракуратуру на супрацьпраўдыя дзеянні работнікаў міліцыі.  Тады яны заварушыліся,  каб замяць гвалт і катаваньні, што самі і ўчынінілі, і падалі сустрэчны зыск.

Трэба сказаць, што справа гэтая вельмі нагадвае справу іншага віцебляніна  Сяргея Парсюкевіча, які быццам таксама напаў на міліцыянта ў менскім сьпецпрыёмніку на Акрэсьціна, і быў пры гэтым моцна збіты.

Мы перакананя, што і тут бачна падаплёка уладаў судамі і арыштамі збіць актыўнасць прадстаўнікоў дэмакратычных колаў Віцебску, пастарацца запалохаць людзей, якія маюць права на выказванне сваёй думкі. А тое, што ў нас такім чынам забараняееца нацыянальны сцяг,  за гэта людзей прыцягваюць да адміністратыўнай, ці вось такім чынам і да крымінальнай адказнасці,  гэта проста ганьба сённяшнім беларускім уладам.

Кар.: Ці сведчыць гэты пераслед аб тым, што Алег Сурган пацярпеў з-за сваёй грамадзянскай пазіцыі і можна казаць пра чарговага палітвязня на Беларусі?

А.Б.: Я асабіста перакананы, што А.Сурган атрымаў свой тэрмін не за хуліганства, а менавіта за палітыку, што б там у міліцыі не выдумлялі. Ён быў затрыманы за бел-чырвона-белы сцяг і жаданне спісаць гэта на хуліганства, на супраціў міліцыі – гэта ўсё неабгрунтавана і мае пэўны горкі трагікамічны прысмак. Я згадваю навелу Чэхава, калі пасярод горада сабачка ўкусіў залатніка Хрукіна за палец і дзеля гэтага ўзнік вялікі скандал.

Сродкі, якія выкарыстоўваюцца зараз міліцыяй супраць грамадскіх актывістаў – непрыстойныя. Гэта спробы абвінаваціць у хуліганстве нават журналістаў, якія выконваюць свой прафесійны абавязак. Нядаўна мы пачулі прамыя пагрозы ў бок кіраўніка АГП Анатоля Лябедзькі, які быў затрыманы ў Валожыне і якому прыгразілі, што супраць яго таксама можа быць узбуджана крымінальная справа. Гэтыя факты складаюць непрывабную карціну. Праваабаронцы не пагаджаюцца з такой тактыкай сілавых структур па навешванні брудных ярлыкоў на грамадскіх актывістаў, якія, адно, дабіваюцца сваіх грамадзянскіх і палітычных правоў, прычым легальнымі, мірнымі сродкамі.

Кар.: Спадар Алесь! Прадстаўнікі многіх беларускіх праваабарончых арганізацый накіравалі запрашэнні ў Міністэрства ўнутраных спраў, КДБ, іншым сілавым ведамствам з прапановай прыняць удзел у перамовах па пытаннях  свабоды сходаў і забеспячэння правапарадку пры правядзенні мірных сходаў.  Чаго Вы хацелі дамагчыся ў выніку гэтых перамоў?

А.Б.: Сапраўды, у тэрміновым парадку прадстаўнікі розных праваабарончых арганізацый сабраліся разам і прапанавалі кіраўніцтву Міністэрства унутраных спраў, КДБ, менскаму міліцэйскаму начальству, а таксма дэпутатам, якія па ідэі павінны адказваць за гэтую праблематыку, сустрэцца на перамовах. Мне асабіста спадабалася менавіта такая ідэя: не “круглага стала”, які звычайна ні да чога не прыводзіць, не просьбаў, а менавіта – перамоваў. 

Мы хацелі б выкласці тыя прэтэнзіі, якія маем на сённяшні дзень да прадстаўнікоў праваахоўных органаў. Мы бачым, што практыка ўжывання катаванняў, гвалту, непраўдзівых сфабрыкаваных паказаньняў з боку супрацоўнікаў міліцыі супраць грамадскіх і палітычных актывістаў Беларусі ўваходзіць у паўсядзённы ўжытак.

Я перакананы, што гэта не мясцовая ініцыятыва сяржантаў альбо прапаршчыкаў, што іх адпаведным чынам інструктуюць і скіроўваюць. Пасля таго, як мы збіраем скаргі ад людзей, якіх збівалі АМАПаўцы пад час акцый і затрыманняў і накіроўваем іх у пракуратуру, дык пракуратура фактычна пакрывае гэтыя злачынствы.

Пры такой сітуацыі кіраўніцтва унутраных спраў, спецслужбаў павінны задумацца аб тым, што яны робяць і прыпыніць крыміналізацыю малодшага саставу праваахоўных органаў, які амаль што легальна займаецца такімі бруднымі справамі як збіццё, гвалт і катаванні грамадзянаў, актывістаў грамадзянскай супольнасці. Пры гэтым людзей часам проста падстаўляюць, як у справе А.Сургана, ці А.Лябедзькі.

У дадзеным выпадку даводзіцца канстатаваць, што беларуская міліцыя з органа, які павінен ахоўваць парадак, ахоўваць правы і свабоды грамадзян, паступова ператвараецца ў карны орган, накіраваны на ахову беззаконня і ўседазволенасці, орган, які сам бесцырымонна парушае і заканадаўства, і Канстытуцыю Беларусі.

Гэтая сустрэча, на жаль, не адбылася, з боку запрошаных не з’явіўся ніх адзін чыноўнік, яны нават не прыслалі, вобразна кажучы, сяржанта з гумовым дручком. Ці пабаяліся, ці пасаромеліся, ня ведаю.

Але тым не меней, зараз праваабаронцы  падрыхтавалі афіцыйны зварот да шэрагу прадстаўнікоў сілавых міністэрстваў з прапановай сустрэцца па вызначаных тэмах у любы зручны для іх час. А з другога боку мы безумоўна будзем максімальна прыцягваць да гэтых праблемаў увагу міжнароднай супольнасці, бо сённяшняя сітуацыя супярэчыць падпісаным краінай міжнародным дамовам і пагадненням і ў рамках ААН і АБСЕ, і ў рамках новай праграмы ЕС і Беларусі “Усходняе партнёрства”.

Фота \

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international