Адмова ў рэгістрацыі “Нашай Вясны” – сістэматычная і мэтанакіраваная дыскрымінацыя праваабаронцаў
Заява
2 сакавіка 2009 года Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь прыняло рашэнне аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі Грамадскага праваабарончага аб’яднання “Наша Вясна” -- спадкаемцы ліквідаванага ўладамі Грамадскага аб’яднання “Праваабарончы цэнтр “Вясна”.
Мы, заснавальнікі Грамадскага праваабарончага аб’яднання “Наша Вясна”, заяўляем, што адмова ў рэгістрацыі:
-- носіць неабгрунтаваны і незаконны характар;
-- з’яўляецца адкрытай праявай сістэматычнай дыскрымінацыі заснавальнікаў і сяброў арганізацыі па палітычных матывах;
-- з’яўляецца парушэннем нашага канстытуцыйнага права на свабоду асацыяцыяў;
-- парушае міжнародныя пагадненні ў галіне правоў чалавека, ратыфікаваныя Рэспублікай Беларусь;
-- сведчыць пра негатоўнасць беларускіх уладаў да правядзення сістэмных зменаў, скіраваных на далейшую лібералізацыю ў краіне.
Звяртаем увагу, што рэгістрацыю Грамадскага праваабарончага аб’яднання “Наша Вясна” мы расцэньвалі як кампенсацыю дзяржавай нашага парушанага права на асацыяцыю, здзейсненага ліквідацыяй Праваабарончага цэнтру “Вясна” ў кастрычніку 2003 года. 24 чэрвеня 2007 года Камітэт па правах чалавека ААН у сваім рашэнні прызнаў парушэнне Рэспублікай Беларусь нашых правоў і пацвердзіў права на адпаведныя сродкі прававой абароны, уключаючы перарэгістрацыю арганізацыі і кампенсацыю, а таксама абавязаў беларускую дзяржаву прыняць меры па прадухіленні здзяйснення падобных парушэнняў. Сістэматычны характар дыскрымінацыі ў адносінах да нас пацвярджаецца тым, што адмову ў рэгістрацыі аб’яднання мы атрымліваем ужо другі раз: падобнае рашэнне Міністэрства юстыцыі выносіла ў верасні 2007 года.
Мы лічым, што адмовіўшы ў рэгістрацыі Грамадскага праваабарончага аб’яднання “Наша Вясна”, органы дзяржаўнай улады Беларусі не толькі прадэманстравалі непавагу да правоў грамадзянаў краіны, але і цынічна праігнаравалі ўзятыя на сябе міжнародныя абавязацельствы ў галіне правоў чалавека.
Заснавальнікі Грамадскага праваабарончага аб’яднання “Наша Вясна”: Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімер Лабковіч, Тацяна Рэвяка.
3 сакавіка 2009 г., Мінск