Ваенная пракуратура пацьвердзіла факт зьбіцьця Ф.Вячоркі ў дзень “прызыву”

2009 2009-02-24T10:18:02+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/emblema_vaenprakuratury_rb1.jpg

Вінцук Вячорка як прадстаўнік гвалтам забранага ў войска Францішка Вячоркі атрымаў зь Менскай міжгарнізоннай ваеннай пракуратуры адказ на скаргу ад 29 студзеня, адрасаваную Беларускаму ваеннаму пракурору.

 

У адказе, падпісаным намесьнікам Менскага міжгарнізоннага ваеннага пракурора падпалкоўнікам юстыцыі А.Васілюком, В.Вячорку адмоўлена ва ўзбуджэньні крымінальнай справы супраць службоўцаў Савецкага раённага ваенкамату і “432 Галоўнага ваеннага клінічнага мэдычнага цэнтру” з прычыны ўжываньня імі гвалту і перавышэньня ўлады.

 

Разам з тым ваенная пракуратура вылучыла з праверкі і накіравала паводле падсьледнасьці ў іншыя сьледчыя органы матэрыялы пра ўжываньне супраць Ф.Вячоркі гвалту “супрацоўнікамі міліцыі (у тым ліку неўстаноўленымі асобамі ў цывільным адзеньні)”.

 

Ваенная пракуратура правяла экспэртызу Ф.Вячоркі ў вайсковай частцы ў Баранавічах:

 

“Паводле заключэньня экспэрта № 263 ад 30.01.2009, пры асьведчаньні Вячоркі Ф.В. 29.01.2009 выяўлены крывепадцёк на пярэднеўнутранай паверхні правага пляча (1), крывепадцёк (1) і ранка (1) на задняй паверхні правага перадплечча ў праекцыі правага прамянёвазапясьцевага суставу, крывепадцёкі на тыльнай паверхні правай пясьці ў праекцыі цела трэцяй пясьцевай косткі (1), на вонкавай паверхні левага пляча (1), на задняй паверхні левага перадплечча ў праекцыі левага прамянёвазапясьцевага суставу (1), на пярэдневонкавай паверхні правай галёнкі (1). Гэтыя цялесныя пашкоджаньні ў колькасьці 7 з улікам магчымасьці аднамомантавага ўтварэньня некаторых зь іх утварыліся ў выніку ня менш як 6 траўматычных узьдзеяньняў тупымі прадметамі (…). Магчымасьцяў ўтварэньня вышэйзгаданых цялесных пашкоджаньняў у тэрмін і пры акалічнасьцях, указаных самім пацярпелым, не выключаецца”.

 

Адказ міжгарнізоннай пракуратуры камэнтуе прадстаўнік пацярпелага В.Вячорка:

 

“Мы амаль не сумняваліся, што крымінальную справу не пачнуць. Але акалічнасьці гэтак званага “прызыву” відавочныя. Спэцслужбы – ад бяздарнасьці альбо ад самаўпэўненасьці – пакінулі гэтулькі сьлядоў, у тым ліку на целе майго сына, што праігнараваць усё гэта немагчыма. У адказе міжгарнізоннай пракуратуры пацьверджана, што яго білі. Ёсьць паказаньні сьведак, што 16 студзеня яго выводзілі з вайсковага шпіталя невядомыя; што 28 студзеня яго везьлі ў вайсковую частку ў наручніках. Трэба спыніць нахабнае бяспраўе. Мы ня будзем маўчаць. Гэтую адмову будзем абскарджваць па інстанцыі, а таксама рабіць ншыя захады”.

             

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international