viasna on patreon

Алесь Бяляцкі: Рэгістрацыя альбо нерэгістрацыя “Нашай Вясны” вызначыць гатоўнасьць ўладаў да зьменаў у дачыненьні да няўрадавых арганізацый

2009 2009-02-09T13:43:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bialiacki5.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі

Спадар Алесь! У сродках масавай інфармацыі зараз якраз актыўна абмяркоўваецца інфармацыя аб тым, што ў Мінюст пададзеныя дакументы на рэгістрацыю грамадскага праваабарончага аб’яднаньня “Наша Вясна”, сярод заснавальнікаў якога – сябры ліквідаванага ўладамі праваабарончага цэнтру “Вясна”…

А.Б.: Сапраўды,  гэта аснова былога цэнтру “Вясна”, праваабаронцы, якія там працавалі і працуюць зараз, паколькі быць праваабаронцам гэта пэўная місія чалавека, а не толькі пасада. Мы, каля 70 чалавек з усёй Беларусі, правялі ўстаноўчы сход і падалі дакументы на рэгістрацыю “Нашай Вясны”, паколькі беларускае заканадаўства патрабуе зьмены назвы арганізацыі, каб яна не супадала з назваю арганізацый, што былі раней зачыненыя.
Нагадаю, што “Вясну” ліквідавалі ў кастрычніку 2003 года за яе актыўную пазіцыю, за крытыку уладаў, абвінавачваньні іх у фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў 2001 году. Гэта была пэўная помста з боку улады. Аднак сілавыя захады дзяржавы не прывялі да спыненьня праваабарончай працы, паколькі ніхто ня мае права забараніць любому грамадзяніну Беларусі займацца праваабарончай дзейнасьцю ў межах нейкай арганізацыі, ці аднаасобна. Увесь гэты час мы не спынялі спробы атрымаць ізноў свой легальны статус і падцвердзіць сваё імя актыўнай праваабарончай арганізацыі, якой і быў Праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Мы падалі скаргу ў Камітэт ААН і дабіліся таго, што Камітэт па правах чалавека ААН зрабіў выснову, што сваімі дзеяньнямі па ліквідацыі “Вясны” беларускія ўлады парушылі Міжнародны Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах. У сваім рашэньні Камітэт падцвердзіў правы сяброў “Вясны” на сродкі прававой абароны: перарэгістрацыю і кампенсацыю за несправядлівае закрыцьцё. Гэтае рашэньне таксама абавязвала прыняць меры па прадухіленьні падобных дзеяньняў у дачыненьні да іншых няўрадавых арганізацыяў. На жаль, гэтае рашэньне улада ня выканала і нашая рэгістрацыя не была адноўленая.
У 2007 годзе мы паўтарылі спробу і падалі дакументы на рэгістрацыю новай праваабарончай арганізацыі. Але, на маю думку, было палітычнае рашэньне нас не рэгістраваць. Мы ізноў не атрымалі рэгістрацыі.

Новая спроба, у сённяшнім кантэксце, калі лібералізацыі працы няўрадавых арганізацый у Беларусі патрабуе фактычна ўвесь цывілізаваны сьвет, у тым ліку і апошняя рэзалюцыя Парламенту Еўраўзвязу, дзе канкрэтна стаіць пытаньне ад рэгістрацыі аб’яднаньня “Наша Вясна”, мае важнае значэньне. У гэтай сітуацыі, безумоўна, мы патрабуем ад беларускіх уладаў выправіць палітычныя памылкі, зробленыя імі ў дачыненьні да нас і фактычна аднавіць рэгістрацыю ПЦ “Вясна” вось пад такой крыху змененай назвай, якую мы прапануем сёньня. Гэтая рэгістрацыя альбо нерэгістрацыя, як мне падаецца, вызначыць, наколькі ўлады гатовыя да сур’ёзных зьменаў у дачынені да няўрадавых арганізацый у Беларусі ў сучасных умовах.


Пэўныя спадзяваньні грамадзянская супольнасьць Беларусі ўскладвала на перамовы дырэктара Бюро АБСЭ ў дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Янеза Ленарчыча з кіраўніком адміністрацыі прэзідэнта Ўладзімерам Макеем і міністрам замежных справаў Сяргеем Мартынавым, якія адбыліся 23 студзеня. Спадар Ленарчыч таксама сустрэўся з прадстаўнікамі партый, няўрадавых арганізацый і праваабаронцамі і  абмеркаваў рэформу беларускай выбарчай сыстэмы. Якія галоўныя высновы Вы зрабілі пасьля гэтай сустрэчы?

А.Б.: Яшчэ некалькі месяцаў таму было дамоўлена, што напрыканцы студзеня распачнуцца кансультацыі наконт зменаў выбарчага заканадаўства ў Беларусі. Гэтым разам  і улады, і Цэнтрвыбаркам не адмовіліся ад правядзеньня гэтай сустрэчы, хаця цягам апошніх гадоў  яны вельмі пасьлядоўна і ўпарта адмаўляліся ад такіх кантактаў.
Трэба нагадаць, што пачынаючы з 1996 году ніводныя выбары ў Беларусі не былі прызнаныя АБСЕ. Пасьля кожнага назіраньня АБСЕ пад час выбараў рабіліся рэкамендацыі па зьмене беларускага заканадаўства, па паляпшэньні самога выбарчага працэсу, але любыя прапановы адхіляліся беларускімі ўладамі.

Сустрэча спадара Ленарчыча мела дыпламатычны, рамачны, характар. Яна ставіла на мэце яшчэ раз прагаварыць сам механізм абмеркаваньня экспертамі беларускага заканадаўства. Таму пад час сустрэчы Янез Ленарчыч падкрэсліваў, што не задача АБСЕ выпраўляць заканадаўства, а менавіта падказаць недахопы і найлепшыя шляхі па іх выпраўленьні. А ўжо справа і ЦВК, і дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў даводзіць выбарчае заканадаўства да еўрапейскага стандарту.

Падчас сустрэчы, на якой прысутнічалі праваабаронцы з розных арганізацыяў, уздымаўся шэраг пытаньняў, сярод якіх – паляпшэньне беларускага выбарчага заканадаўства, паколькі на гэта конт усе праваабаронцы маюць адзінадушную пазіцыю -- Закон аб выбарах трэба неадкладна мяняць. Таксама закраналася пытаньне па свабодзе асацыяцыяў, у прыватнасьці, па рэгістрацыі няўрадавых арганізацый і ў тым ліку рэгістрацыі грамадскага праваабарончага аб’яднання “Наша Вясна”, якая зараз праходзіць. Тут неабходна адзначыць, што ў апошні час шмат якія няўрадавыя арганізацыі альбо зьбіраюцца, альбо ўжо падалі дакументы на рэгістрацыю. Гэта, на маю думку, будзе пэўнай праверкай “добрай волі” беларускай улады да зьменаў сваіх мягка кажучы непрыхільных стасункаў да няўрадавых арганізацыяў.

Сп. Алесь, з якой доляй верагоднасьці можна спадзявацца на рэальныя зьмены ў выбарчым заканадаўстве. Гэта будзе касметычная “чыстка”, альбо сапраўды кардынальныя змены?

А.Б.: Гэты працэс яшчэ толькі акрэсліваецца. Яшчэ толькі пачнуць працаваць эксперты БДІПЧ разам з беларускімі уладамі. Апроч таго, мы ўздымалі пытаньне, каб да гэтай працы былі далучаныя прадстаўнікі няўрадавых арганізацыяў і палітычных партыяў, як суб’ектаў выбарчага працэсу, тых, хто непасрэдна зацікаўленыя ў празрыстасьці, дэмакратычнасьці і справядлівасьці выбараў. Ёсьць пэўны комплекс патрабаваньняў і з боку беларускіх удзельнікаў выбарчага працэсу – палітычных партыяў, грамадскіх аб’яднаньняў, ёсьць заўвагі БДІПЧ, якія, патрэбна адзначыць, на 99% супадаюць. Мы ўсе бачым і слабыя месцы Закона аб выбарах,  выбарчага працэсу, і магчымасьці для фальсіфікацыі выбараў у Беларусі, якія зараз існуюць.

То бок, можна лічыць, што, што “ахілесавая пята” выбарчага заканадаўства добра вядомая ня толькі еўрапейскім экспертам, але і праваабаронцам?


А.Б.: Так, мы вызначылі слабыя месцы выбарчага працэсу досыць даўно. Гэта тры асноўныя блокі. Першае --  фарміраваньне выбарчых камісіяў, якое зараз адбываецца недэмакратычным шляхам. Другі важны момант – правядзеньне папярэдняга галасаваньня, якое патрабуе большай празрыстасьці і кантролю з боку ўдзельнікаў выбараў. Трэці момант – непасрэдна дзень галасаваньня, а менавіта празрыстасьць механізму падліку галасоў.

Зразумела, існуюць і іншыя, не менш важныя неадпаведнасьці. Таму, калі з’явіцца магчымасьць далучыцца да працы над удасканаленьнем выбарчага заканадаўства, праваабаронцы гатовыя прапанаваць пазітыўныя зьмены ў ім.

Сп. Алесь, ці можна неўзабаве чакаць іншых зьменаў у законах, у першую чаргу я маю на ўвазе ганебны артыкул 193. п.1 Крымінальнага Кодэксу?

А.Б.: Тут таксама мы маем агульную думку з кіраўніцтвам АБСЕ,  гэтае пытаньне падкрэсліваецца таксама і ў апошняй рэзалюцыі Парламенту Еўразьвязу па Беларусі. Мусяць адбыцца зьмены у заканадаўстве, якое сёньня рэпрэсуе прадстаўнікоў няўрадавых арганізацыяў і асабліва незарэгістраваных.  Увогуле, заканадаўства, якое датычыць свабоды асацыяцыяў, таксама патрабуе перагляду і больш дабразычлівага і дакладнага яго выкананьня з боку Міністэрства юстыцыі.

Ці можна расцэньваць нядаўняе выказваньне Генеральнага пракурора Беларусі Рыгора Васілевіча аб тым, што “збольшага, адмена сьмяротнага пакараньня магчыма”, як рэальнае, асэнсаванае жаданьне ўладаў, альбо гэта чарговая слоўная эквілібрыстыка?


А.Б.: Вядома, выказваньне гэтае досыць цікавае, паколькі, на маю думку, на сённяшні дзень Генеральны пракурор ня мае сваёй уласнай пазіцыі, альбо, калі яна і ёсьць, дык глыбока схаваная. Так, ён згодны, што пакараньне сьмерцю можна адмяніць. Але “крэхчучы”, толькі з тае нагоды, што надта ціснуць еўрапейскія структуры. Аднак, у той жа час ён лічыць, што пакуль сьмяротнае пакараньне неабходна дзеля “прафілактычных мэтаў”. Але ж што гэта за такая цынічная сярэднявечная “прафілактыка” -- пакараньне праз сьмерць? Таму пазіцыю гэтую можна расцаніць, як “нашым” і “вашым”. Аднак дадам, мне падаецца, што беларускія ўлады псіхалагічна гатовыя да сур’ёзных зменаў, прынамсі для ўводу мараторыя на такі від пакараньня. З боку ж беларускай грамадскасьці таксама мусіць быць больш выразная і акрэсьленая пазіцыя, якая павінна гучаць, павінен быць грамадзкі ціск на ўлады.
Сацыялагічнае апытаньне паказвае, што грамадства фактычна пароўну падзеленае на прыхільнікаў і праціўнікаў смяротнага пакараньня. Таму зараз трэба больш актыўна працаваць няўрадавым арганізацыям, уплываць на грамадскую думку, і безумоўна мусіць быць палітычная воля дзяржавы.

Ці лічыце, што для адмены сьмяротнага пакараньня патрэбна праводзіць рэферэндум, як часта гэтай умовай прыкрываюцца афіцыйныя асобы?

А.Б.: Справа ў тым, што для ўвядзеньня мараторыю на сьмяротнае пакараньне аніякіх рэферэндумаў не трэба, заканадаўча гэта можна зрабіць вельмі хутка, а праз пэўны час вярнуцца да канчатковай яго адмены, якраз тады, калі  будзе праведзеная адпаведная асьветніцкая тлумачальная праца.  Думаю, што беларусы здолеюць даволі хутка разабрацца, што і ў маральным, і ў этычным плане адмена ўзаконенага забойства – для нас рэч неабходная.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства