КДБ лічыць законнымі дзеяньні супраць А.Меха

2008 2008-08-07T14:34:26+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

6 жніўня адзін з патэнцыйных кандыдатаў на парлямэнцкіх выбарах, кіраўнік Кобрынскай арганізацыі Партыі БНФ Аляксандар Мех атрымаў адказ на сваю скаргу ў КДБ.

На пачатку чэрвеня супрацоўнік КДБ разам з кіраўніком Кобрынскага ўпраўленьня магістральных газаправодаў “Белтрансгазу”, дзе Аляксандар Мех да нядаўняга часу працаваў, угаворвалі яго ня йсьці на выбары — па адной зь ім акрузе мае балятавацца вэтэран беларускага парлямэнту Віктар Кучынскі.

Тую гутарку спадар Мех запісаў, потым яна зьявілася на інтэрнэт-рэсурсах і ў прэсе. Палітык ад “зьдзелкі” адмовіўся і пры канцы чэрвеня быў звольнены. Цяпер праз суд ён дамагаецца аднаўленьня на працы, а таксама патрабуе тлумачэньня ў кіраўніцтва КДБ наконт законнасьці мэтадаў ціску на апазыцыю. Дарэчы, падчас першага судовага паседжаньня 4 жніўня начальнік Упраўленьня магістральных газаправодаў Уладзімер Галашка на пытаньне судзьдзі прызнаў, што гутарка са спадаром Мехам сапраўды была, але нібыта “не ў такіх аб’ёмах”. Сёньня спадар Мех атрымаў ліст з КДБ:

“Я падаваў скаргу ў КДБ на дзеяньні іх супрацоўніка Андрэя Басько ў сувязі з тым, што 4 чэрвеня я быў выкліканы ў кабінэт кіраўніка Кобрынскага ўпраўленьня магістральных газаправодаў Уладзімера Галашкі, дзе ўжо знаходзіўся іх супрацоўнік. І вось яны разам мне пагражалі, што калі я не здыму сваю кандыдатуру на выбарах, то буду звольнены з працы.

Гэтая гутарка была запісаная на мабільны тэлефон. Было ўжо некалькі артыкулаў у “Народнай волі”, дзе апісваецца тое, што адбывалася, а таксама ёсьць расшыфроўка гэтай размовы. Я калі падаваў скаргу да кіраўніка КДБ па Берасьцейскай вобласьці, таксама дадаў вось гэты артыкул. І вось які адказ я атрымаў за подпісам намесьніка начальніка ўпраўленьня Дзядкова:

“Ваша заява Ўпраўленьнем КДБ разгледжана. У дачыненьні да выкладзеных вамі фактаў праведзена службовая праверка. У выніку парушэньняў дзейнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь ня выяўлена”.

Як я зразумеў, фактычна яны справу адмовіліся разглядаць. Я мяркую, тое, што адбываецца зараз у Кобрыне, гэта вельмі сур’ёзная справа, яна сёньня сьведчыць на тое, у якіх умовах праходзіць выбарчая кампанія. І тое, што ідуць такія адказы, гэта ні што іншае, як рэакцыя ўладаў, лякмусавая паперка, якім чынам яна будзе праводзіць гэтыя выбары, якія ўжо пачаліся”.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international