Зьбітага міліцыянтам на Акрэсьціна прадпрымальніка Сяргея Парсюкевіча абвінавачваюць у крымінальным злачынстве

2008 2008-03-04T14:13:16+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Пракуратура Маскоўскага раёну Менску распачала крымінальную справу супраць віцебскага прадпрымальніка Сяргея Парсюкевіча паводле арт. 364 КК РБ - "Гвалт альбо пагроза прымяненьня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка міліцыі". Сёньня ён выкліканы на допыт.

Сяргея Парсюкевіча затрымалі 13 студзеня ў Віцебску і прывезьлі ў турму на вуліцы Акрэсьціна. Сяргей паведаміў, што падчас адбыцьця арышту яго зьбіў супрацоўнік турмы на вуліцы Акрэсьціна, але справу распачалі супраць яго самога.

Сяргей Парсюкевіч лічыць, што пракуратура можа абвінаваціць яго ў гвалтоўных дзеяньнях супраць міліцыянта ня толькі дзеля таго, каб вызваліць ад адказнасьці вінаватага ў зьбіцьці супрацоўніка міліцыі, але і каб запалохаць прадпрымальнікаў.

Сяргей Парсюкевіч апавёў “Свабодзе”, што праз тыдзень у камэру прыйшоў супрацоўнік турмы — прапаршчык. Ён загадаў усім падняцца. Сяргея, які знаходзіўся бліжэй за ўсіх да дзьвярэй, прапаршчык ударыў па нагах. Сяргей зрабіў яму заўвагу на неправамоцныя дзеяньні. Празь нейкі час міліцыянт вярнуўся ў камэру і загадаў яму выйсьці ў калідор.

Гаворыць Сяргей Парсюкевіч:

“Я зайшоў у кабінэт, і там ён пачаў мяне моцна зьбіваць. Я трымаў яго за рукі. Тады ён паклікаў на дапамогу яшчэ сяржанта. Яны павалілі мяне на падлогу, надзелі кайданкі і гэты прапаршчык працягваў мяне зьбіваць. Ён мяне біў і рукамі, і нагамі. Яму гэтага падалося мала, і ён пачаў душыць мяне за горла. З апошніх сіл мне ўдалося вырвацца і падбегчы да дзьвярэй. Я закрычаў: “Людзі, ратуйце, забіваюць!” Пасьля гэтага выклікалі фэльчарку, і яна пачала аказваць мне дапамогу. У мяне быў прыступ астмы”.

Сяргей Парсюкевіч лічыць, што да крымінальнай адказнасьці, паводле лёгікі, пракуратура павінна была б прыцягнуць міліцыянта, які зьбіваў арыштаванага. Справу ён лічыць палітычна матываванай:

“Я зьяўляюся актыўным удзельнікам прадпрымальніцкага руху, даволі вядомы міліцыі і мясцовым спэцслужбам. Лічу, што гэтая крымінальная справа распачата ня толькі дзеля таго, каб абяліць міліцыянта, які мяне зьбіў, але й дзеля таго, каб узьдзейнічаць на іншых прадпрымальнікаў, каб яны не выяўлялі актыўнасьці”.

4 сакавіка аб 11 гадзіне Сяргей Парсюкевіч выкліканы ў пракуратуру са сваім адвакатам. Ён не выключае, што сьледчы можа надаць яму статус абвінавачанага ў крымінальнай справе і абраць мерай стрыманьня арышт.

У пракуратуры патлумачылі, што вядзецца праверка матэрыялаў справы.

Візыт у пракуратуру Маскоўскага раёну прызначаны на той самы дзень, калі пракуратура Цэнтральнага раёну будзе перадаваць у суд крымінальную справу паводле аналягічнага артыкула супраць Андрэя Кіма.

У 2006 годзе ў сакавіку паводле артыкулу 364 “Гвалт ці пагроза гвалту адносна супрацоўніка міліцыі” быў прыцягнуты да адказнасьці кіроўца кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна Юры Радзівіл. Падчас затрыманьняў 2 сакавіка, у дзень адкрыцьця ўсебеларускага народнага сходу машына, у якой сядзеў Юры Радзівіл, была абстраляная супрацоўнікамі спэцаддзелу МУС “Алмаз”.

18 траўня 2006 году Юры Радзівіл быў асуджаны судом Маскоўскага раёну Менску да трох месяцаў адміністрацыйнага арышту. Ён выйшаў на волю 2 чэрвеня 2006 году.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international