Нацыянальны Студэнцкі Зьвяз Нямеччыны FZS і міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International распачалі кампанію “Online-пэтыцыя” ў падтрымку правоў чалавека ў Беларусі.

2004 2004-11-10T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Адной з задачаў арганізацыі ставяць
аднаўленьне рэгістрацыі забароненай уладамі адзінай рэспубліканскай
студэнцкай арганізацыі ў Беларусі “Задзіночаньне Беларускіх Студэнтаў”
(ЗБС). Грамадзяне розных краінаў будуць падпісвацца пад пэтыцыяй на працягу
100 дзён, пасьля чаго яна будзе накіраваная прэзыдэнту РБ А. Лукашэнка.

Кампанія распачалася 17 ліпеня 2004 года і працягнецца да 24 кастрычніка,
Дня аб’яднаных нацыяў. У межах яе ў Нямеччыне распаўсюджваюцца друкаваныя
матэрыялы аб забароне ЗБС: плякаты, улёткі, буклеты.

Дзеля прамоцыі кампаніі распрацаваны адмысловы сайт
www.belarus-petition.org. Кожны жадаючы мае магчымасьць падпісацца пад
пэтыцыяй адразу на сайце. На дадзены момант падпісаліся 340 чалавек з розных
краінаў: ЗША, Нямеччына, Беларусь і іншыя.

З 12 па 21 ліпеня Amnesty International арганізавала кампанію па дасыланьні
зваротаў да амбасадара Беларусі ў ФРГ Уладзіміра Скварцова з просьбаю
прыняць неадкладныя меры па аднаўленьні беспадстаўна ліквідаванай
рэгістрацыі ЗБС, а таксама спыніць уціск на сябраў Задзіночаньня.
Ліст-зварот да беларускага амбасадара ужо падтрымалі 12 нямецкіх палітыкаў,
сярод якіх прадстаўнік камісіі па правах чалавека парляманту ФРГ Райнэр
Функе, экс-міністар абароны Рудольф Шарпінг, экс-міністар па справах сям’і,
грамадзянаў сталага ўзросту, жанчынаў і моладзі Клаўдзія Нольтэ і іншыя.
Шэраг нямецкіх палітыкаў накіравалі падобныя звароты на імя А.Лукашэнкі.

FZS і Amnesty International выказваюць абуранасьць масавымі парушэньнямі
правоў чалавека ў Беларусі. Арганізацыі будуць прыцягваць усе сілы для
вырашэньня гэтай сітуацыі, у тым ліку, праз прадстаўнікоў афіцыйных уладаў
Нямеччыны, якія маюць магчымасьць распачаць дыялёг зь беларускімі уладамі на
афіцыйным узроўні.

Сур’ёзнае пагаршэньне сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі за апошнія гады
прывяло FZS і Amnesty International да ідэі арганізаваць сумесную кампанію,
каб прымусіць Беларускі Урад распачаць неабходныя зьмены па дэмакратызацыі
краіны.
Ідэя правядзеньня кампаніі “Online-пэтыцыя” ўзьнікла ў нямецкіх студэнтаў з
FZS у часе ўдзелу ў канфэрэнцыі “Правы студэнтаў. Рэальнасьць і
пэрспэктывы”, арганізаванай ЗБС 15-16 траўня 2004 года пад Менскам. На гэтай
канфэрэнцыі беларускія студэнты выпрацавалі і зацьвердзілі “Дэклярацыю
правоў студэнтаў у Беларусі”.

Рада Задзіночаньня Беларускіх Студэнтаў зьвяртаецца да ўсіх грамадзянаў
Беларусі з просьбаю падтрымаць кампанію і далучыцца да падпісаньня пэтыцыі.

Задзіночаньне Беларускіх Студэнтаў будзе працягваць абараняць правы
студэнтаў у Беларусі і спрыяць рэфармаваньню сістэмы вышэйшай адукацыі,
прыцягваючы як уласныя рэсурсы, так і досьвед і дапамогу эўрапейскіх
партнэраў.

За падрабязнай інфармацыяй аб падзеях у межах кампаніі зьвяртайцеся да
міжнароднага каардынатара ЗБС Тацьцяны Хома ці Старшыні Рады ЗБС Волі
Кузьміч.

+375 39 653 05 95 - маб. тэл. Волі Кузьміч
+375 39 696 50 34 - маб. тэл. Тацьцяны Хома

ДАВЕДКА

Задзіночаньне Беларускіх Студэнтаў (ЗБС) – нацыянальная студэнцкая
арганізацыя. У 1992 годзе была зарэгістраваная ў Міністэрстве Юстыцыі (МЮ)
РБ як “Рэспубліканскае маладзёжнае грамадскае аб’яднанне “Задзіночаньне
Беларускіх Студэнтаў”. 03.12.2001г рашэньнем Вярхоўнага суда РБ ЗБС
пазбаўлены рэгістрацыі фактычна за актыўнае правядзеньне кампаніяў па
сацыяльных праблемах студэнтаў (разьмеркаваньне, малыя стыпэндыі, старыя
падручнікі, недахоп інтэрнатаў ды інш.) і мабілізацыйнае кампаніі. Суд не
зьвярнуў увагу на адсутнасьць юрыдычна абгрунтаваных аргумантаў з боку МЮ,
заявы ў падтрымку ЗБС больш за 30 эўрапэйскіх студэнцкіх і праваабарончых
арганізацыяў. Ліст Міжнароднай Лігі правоў чалавека да А.Г.Лукашэнка з
просьбай патлумачыць незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да ЗБС застаўся без
адказу.

ЛІСТ-ЗВАРОТ ДА БЕЛАРУСКАГА АМБАСАДАРА Ў ФРГ
Пераклад на беларускую, арыгінал глядзіце па спасылцы
http://www.belarus-petition.org/hintergrund/appellbriefe/280.html

13.07.2004: Патрабаваньні адносна ЗБС

Embassy of the Republic of Belarus
His Excellency
Mr. Wladimir Skworzow
Am Treptower Park 32
12435 Berlin

Ваша вялікасьць,

У адпаведнасьці з дакладам праваабарончай арганізацыі Amnesty International,
Задзіночаньне Беларускіх Студэнтаў (ЗБС) – адзіная незалежная студэнцкая
арганізацыя ў Беларусі – была забароненая рашэньнем Вярхоўнага Суда ў
сьнежні 2001 года. З таго часу сябры ЗБС былі вымушаныя працягваць сваю
дзейнасьць у падпольлі. Рашэньне аб закрыцьці арганізацыі зьяўляецца
відавочным парушэньнем рэгістрацыйных нормаў і заканадаўства, зьвязанага з
свабодай асацыяцыяў. Аmnesty Іnternational заяўляе, што гэтыя законы і нормы
робяць дзейнасьць недзяржаўных арганізацыяў непатрэбна складанай і толькі
спрыяюць няправільнай інтэрпрэтацыі законаў уладамі.

Перад тым, як ЗБС быў забаронены, ЗБС працягваў мірнае і пасьпяховае
прадстаўніцтва інтарэсаў студэнтаў у Беларусі. Інфармацыя, сабраная Аmnesty
Іnternational пацьвярджае, што ЗБС быў забаронены проста з-за таго, што яго
сябры карысталіся сваім правам волевыяўленьня і падтрымлівалі сябраў
апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах 2001. У адпаведнасьці з дакладам FZS сябры
ЗБС, якія працягваюць дзейнасьць пасьля ліквідацыі, пастаянна становяцца
ахвярамі дзяржаўных рэпрэсіяў.

Такім чынам, я хачу зьвярнуцца да вас з просьбай скіраваць вашу дзейнасьць
на адмену забароны альбо новую рэгістрацыю ЗБС. ЗБС, як і любая іншая
супольнасьць альбо арганізацыя павінны быць вольнымі ў сваёй працы без
пагрозы неапраўданага ўціску з боку ўладаў.

ПЭТЫЦЫЯ
Пераклад на беларускую, арыгінал глядзіце па спасылцы
http://www.belarus-petition.org/kampagne/petition/index.html

Online-пэтыцыя ў межах кампаніі Нацыянальнага зьвязу студэнтаў у Нямеччыне
(FZS) і Amnesty International (AI)

Паважаны Прэзыдэнт Лукашэнка,

Я заклапочаны сур’ёзным пагаршэньнем сытуацыі правоў чалавека ў Беларусі за
апошнія два гады. Я хацеў бы выказаць сваю падтрымку наступным просьбам
Аmnesty Іnternational (AI) і Нацыянальнага зьвязу студэнтаў у Нямеччыне
(FZS).

Я лічу, што як прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь вы ў першую чаргу нясеце
адказнасьць за крызысную сітуацыю з правамі чалавека, і таму мы патрабуем
каб вы выканалі наступнае:

• Забясьпечыць народу Беларусі выкананьне Усеагульнай Дэклярацыі Правоў
Чалавека.
• Гарантаваць кожнай асобе, палітычнай партыі і арганізацыі свабоду
волевыяўленьня, права зьбірацца на мірных дэманстрацыях і спрыяць вольнаму
абмену інфармацыяй у любой форме. Гэта таксама тычыцца часу падрыхтоўкі і
правядзеньня парляманцкіх выбараў у кастрычніку 2004.
• Перарэгістраваць студэнцкую арганізацыю Задзіночаньне Беларускіх
Студэнтаў.
• Адмяніць рашэньні суда аб ліквідацыі праваабарончых арганізацыяў “Вясна
96” і "Прававая дапамога насельніцтву”.
• Зьмяніць заканадаўства адносна НДА, каб сябры праваабарончых арганізацыяў
маглі выконваць сваю працу без пастаянных перашкодаў.
• Спыніць рэпрэсіі супраць сябраў моладзевага руху “ЗУБР”.
• Спыніць жорсткія арышты мірных дэманстрантаў.
• Тэрмінова і бесперашкодна вызваліць палітычнага вязьня прафэсара Юрыя
Бандажэўскага.
• Правесьці публічнае рассьледваньне “зьнікненьняў” апазыцыянэраў.
• Забясьпечыць прафсаюзам свабоду і незалежнасьць дзеяньняў.
• Дазволіць кожнай асобе мірна карыстацца сваім правам вольнага
веравызнаньня.
• Адмяніць сьмяротнае пакараньне.

З павагай.

Каб падпісаць пэтыцыю, калі ласка, клікніце сюды
http://www.belarus-petition.org/kampagne/unterzeichnen/index.html.
Дзякуй за падтрымку!

Прэсавая служба ЗБС

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international