У Брэсце судзяць восьмую партыю па "справе карагодаў". Сярод іх — палітзняволены пружанец Алег Кулеша

2021 2021-09-28T10:52:26+0300 2021-09-28T11:01:32+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/brest_perekrestok_khorovody_2020_1.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Маскоўскага раёна Брэста 24 верасня пачаўся суд над восьмай групай па "справе карагодаў". У гэты раз шэсць чалавек выступаюць абвінавачанымі па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Сярод іх — палітзняволены пружанец Алег Кулеша, якога ўжо больш за тры месяцы ўтрымліваюць за кратамі. Нагадаем, 13 верасня мінулага года на Маршы герояў у Брэсце на скрыжаванні бульвара Касманаўтаў і праспекта Машэрава пратэстоўцы вадзілі карагод, спявалі песні «Муры» і «Тры чарапахі», танчылі. Пратэстоўцаў разагналі вадамётам, а потым узбудзілі крымінальную справу. Следчыя выявілі 115 чалавек, якія мелі дачыненне да гэтага карагоду, а 108 з іх былі выстаўленыя абвінавачванні, 81 чалавеку ўжо вынесен прысуд. Гэта адна з самых масавых «палітычных справаў» у гісторыі Беларусі. Справу супраць восьмай групы разглядае суддзя Марыя Аліферук, дзяржабвінавачванне падтрымлівае Андрэй Манько.

Брэст 13 верасня. Фота: МУС
Брэст 13 верасня. Фота: МУС

Як абвінавачванне гучыць у матэрыялах справы?

Паводле версіі абвінавачвання, кожны з абвінавачаных у групе з іншымі асобамі наўмысна ўзяў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Іх дзеянні былі спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, пацягнулі парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў і арганізацый. У прыватнасці, з-за прастою тралейбуснаму парку была нанесеная шкода 619 рублёў 55 капеек, аўтобуснаму – 40 рублёў 37 капеек, на некалькі гадзін зачыніліся гандлёвыя павільёны і рэстаран хуткага харчавання. Такая фармуліроўка гучыць ва ўсіх абвінавачваннях.

Каго судзяць у гэты раз?

На лаве падсудных у гэты раз шэсць чалавек:

  • Мікіта Дзмітрыеў;
  • Ганна Кашырскіх;
  • 49-гадовы палітзняволены жыхар Пружанаў Алег Кулеша;
  • Сяргей Кунцэвіч;
  • Дзмітрый Макарэвіч;
  • Таццяна Пякарская.

Што адбываецца на працэсе?

Як паведамляюць брэсцкія праваабаронцы "Вясны", за два пасяджэнні дапыталі ўсіх абвінавачаных, дзевяць сведак, вывучылі частку матэрыялаў справы.

На судзе 27 верасня перад тым як запусціць у залу суда, абвінавачваным і слухачам міліцыянты загадалі адключыць тэлефоны. Больш за тое, гэта правяралася, бо міліцыянты прасілі пасля гэтага коратка націснуць кнопку выключэння тэлефона і прадэманстраваць такім чынам, што тэлефон і сапраўды выключаны. Пра дадзеную "асаблівасць" пасяджэння распавёў брэсцкай "Вясны" адзін з прысутных на судзе.

"Падкрэслім, што патрабаванне выключыць тэлефон на судзе — патрабаванне, якое не адпавядае заканадаўству. Больш таго, гэта значна абмяжоўвае правы ўсіх удзельнікаў працэсу, бо супярэчыць прынцыпу галоснасці правасуддзя. А калісьці беларускія актывісты нават дамагліся ад Вярхоўнага суда прыняцця асобнай пастановы, дзе тлумачыцца: запісваць на дыктафон судовы працэс можна", — адзначаюць праваабаронцы.

medushevskii_instagram.jpeg

Палітвязень па "справе карагодаў": Cем тыдняў правёў у падвальнай камеры без сонечнага святла

У канцы студзеня брэсцкія суды пачалі разглядаць адну з самых масавых "палітычных справаў" у гісторыі Беларусі — "справа карагодаў".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства