viasna on patreon

Судоў за абразу прэзідэнта, прадстаўнікоў улады і суддзяў становіцца ўсё болей

2021 2021-09-18T08:11:45+0300 2022-02-02T18:10:11+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/adnaklasniki_90.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае маніторыць судовыя пасяджэнні па крымінальных справах, якія звязаныя з нецярпімасцю беларускіх уладаў да любых формаў праяваў грамадскага пратэсту. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, самымі распаўсюджаным інструментам рэпрэсій сёння з'яўляецца крымінальны пераслед па дыфамацыйных артыкулах: за абразу прэзідэнта, прадстаўнікоў улады, суддзяў, а таксама за здзек з дзяржаўных сімвалаў (арт. 368, 369, 370, 391 КК). "Вясна" распавядае, каго і за што на гэтым тыдні асудзілі ў Беларусі па гэтых артыкулах Крымінальнага кодэкса.

Дзевяты прысуд у Смаргоні за абразу прадстаўніка ўлады

jankouskaja-smargon.jpg
Фота: Таццяна Янкоўская (у цэнтры) пасля прысуду.

Суд Смаргонскага раёна 13 верасня вынес прысуд у адносінах да мясцовай жыхаркі Таццяны Янкоўскай.

Справу разглядаў суддзя Сяргей Боландзь.

Янкоўскую абвінавацілі ў тым, што у каментары да публікацыі ў тэлеграм-канале “Карнікі Беларусі” пра начальніка інспекцыі па справах непаўнагадовых Барысаўскага РУУС Наталлі Ярмалінскай напісала: “Кто-то же “тварину” замуж взял”.

Гэтае слова судом было расцэненае як абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў паводле артыкула 369 Крымінальнага кодэкса.

Суддзя ж ў дадзеным выпадку абраў пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на два гады, з адбываннем без накіравання ва ўстанове адкрытага тыпу – “хатняя хімія”.

Мясцовыя праваабаронцы адзначаюць, штоў Смаргоні гэта ўжо дзевяты пасля мінулагодніх пасля мінулагодніх выбараў прысуд, які ў дадзенай сітуацыі адносяць да палітычна матываваных.


Электраманцёра з Маладзечна пакаралі 1,5 гадамі “хіміі” за абразу намесніка начальніка РАУС

13 верасня суд Маладзечна і Маладзечанскага раёна асудзіў 53-гадовага электраманцёра Віктара Кулеша да 1,5 гадоў абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ – “хіміі”. Суддзя Каханоўская прызнала яго вінаватым паводле арт.369 Крымінальнага кодэкса. Таксама Кулеш мусіць выплаціць на карысць пацярпелага 1500 рублёў маральнай шкоды.

Бок абвінавачання падтрымаў пракурор Цітовіч.

Абвінавачаны запрасіў свайго, а не дзяжурнага адваката, таму суд пераносілі на дзень, каб даць магчымасць абаронцу азнаёміццца са справай.

Пацярпелы – намеснік начальніка Маладзечанскага РАУС па ідэалагічнай працы падпалкоўнік Сяргей Гелда – папрасіў маральную кампенсацыю – 2,5 тысячы рублёў. У сацыяльнай сетцы “Аднакласнікі” ён убачыў пад пастом са сваім фотаздымкам каментар Кулеша “К ответу с*ку!” і моцна пакрыўдзіўся, адчуў сябе абраджаным. У судзе выслухалі сведку – Аліну Шахрай, свякроў пацярпелага, якая паказала яму пост і каментар.

Пракурор папрасіў пакараць Кулеша абмежаваннем волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Абаронца Кулеша ў спрэчках падкрэсліў, што застаецца адкрытым пытанне, ці Кулеш пакінуў адпаведны каментар. А калі пакінуў, то ў чый адрас і ці насамрэч там утрымліваецца знявага. На ягоны погляд, матэрыялы справы не пацвердзілі тое, што каментар размясціў ён менавіта ў бок Гелды, сам Кулеш гэта таксама адмаўляе. Адвакат падкрэсліў, што следчым не ставілася пытанне эксперту, у чый бок быў пакінуты каментар.

Таксама ён упэўнены, што агляд дакументаў і прадметаў быў сведзены да экспертызы, што недапушчальна. Таксама ён лічыць, што недапушчальнымі мусяць быць прызнаныя паказанні пацярпелага падчас дасудовага следства, а таксама сведкі Шахрай, паколькі ў абароны маюцца сумневы ў тым, што асобы змаглі слова ў слова пераказаць змешчаны тэкст праз два месяцы, хаця яны не рабілі ніякіх запісаў. Таксама невядома, ці ажыццяўляўся выхад у інтэрнэт у той час, калі быў пакінуты каментар. Адвакат упэўнены, што няма доказаў вінаватасці Кулеша і папрасіў вынесці апраўдальны прысуд.


Гамяльчаніну вынеслі прысуд за каментар у “Аднакласніках"

У судзе Чыгуначнага раёна Гомеля 16 верасня вынесены прысуд па крымінальнай справе Рамана Скапцова, які абразіў прадстаўніка ўлады. Справу разглядаў суддзя Яўген Шаршнёў.

У дачыненні да мужчыны распачалі крымінальную справу па артыкуле 369 КК РБ («Публічная абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў»). Судовы працэс над Раманам Скапцовым па хадайніцтве пракурора праходзіў у закрытым рэжыме, каб пазбегнуць выдавання асабістых даных пацярпелага супрацоўніка міліцыі.

Раман Скапцоў у судзе.
Раман Скапцоў у судзе.

Гамяльчук Раман Скапцоў не змог стрымаць эмоцый, калі ўбачыў у сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» відэаролік са сцэнай жорсткага затрымання ўдзельніка пратэстнай акцыі -супрацоўнік каленам прыціскаў галаву ляжачага чалавека да зямлі. Раман пакінуў пад гэтым відэа каментар: «Усе людзі як людзі, а гэты — ***».

Аднак “пацярпелы” – асоба папулярная. Гэта – супрацоўнік ДАІ з Ганцавічаў Ігар Вольніч.

"Пацярпелы" даішнік Вольніч атрымаў яшчэ адну кампенсацыю праз суд і, відаць, не апошнюю

Пацярпелы Вольніч, які фігуруе ў крымінальных справах ужо некалькі разоў, на пасяджэнне не з'явіўся, бо нясе службу ў Ганцавіцкім РАУС, але даслаў заяву аб грамадзянскім пазове на 1 500 рублёў і папрасіў справу разглядаць без яго.

16 верасня пракурор запытаў для Рамана Скапцова два з паловай гады абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу.

Суд пагадзіўся з довадамі боку абвінавачвання, прызнаў Рамана Скапцова вінаватым і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе двух з паловай гадоў «хіміі».

Акрамя таго, суд пастанавіў спагнаць з Рамана Скапцова на карысць пацярпелага міліцыянта Войніча 1 500 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды. Гэтая сума павінна быць выплачана на працягу месяца.

Смартфон Рамана, кваліфікаваны як прылада злачынства, па рашэнні суда канфіскуецца на карысць дзяржавы. Суддзя папярэдзіў мужчыну, што яму забаронена пакідаць тэрыторыю краіны да таго часу, пакуль ён не адбудзе прызначанае пакаранне.


“Раней я не ведала гэтага суддзю. На эмоцыях усё атрымалася

Суд Фрунзенскага раёна Мінска 15 верасня вынес прысуд жыхарцы Талачынскага раёна Ганне Хадневіч, якая абразіла суддзю таго ж самага раёна (арт.391 КК РБ).

Суддзя – Алена Бушава, дзяржабвінаваўца пракурор Грэцкая.

Пацярпелая - суддзя суда Талачынскага раёна Наталля Барысавец.

У ходзе судовага разбіральніцтва прагучала, што маючы намер на пасягальніцтва на аўтарытэт і гонар суддзі, 30 лістапада 2020 года ў Мінску на вуліцы Чайлыткі праз мабільны тэлефон у сетцы “Аднакласнікі” ў групе “Вусаты таракан” жанчына размясціла паведамленне, у якім дапусціла знявагу суддзі, напісаўшы: “Мярзота, усё табе вернецца і вельмі хутка”. Тым самым, падарвала прэстыж дейнасці судовай сістэмы.

Хадневіч затрымалі 27 ліпеня на трое сутак.

Абвінавачаная віну прызнае толькі часткова, кажа, што гэты каментар не накіраваны ў адрас менавіта гэтага суддзі.

Таксама прызналася, што раней у сацыяльных групах нічога не каментавала. Але аднойчы пабачыла фота жанчыны з негатыўнымі каментарыямі.

“Раней я не ведала гэтага суддзю. На эмоцыях усё атрымалалася. Абразіць не хацела нікога. Потым хацела выдаліць, але не ўмела як,” - заявіла яна ў судзе.

Прычым, не звярнула ўвагу, што на фота пацярпелая была ў судовай мантыі.

Суддзя Барысавец па скайпе сказала, што была ў шоку, калі даведалася пра каментрары, якія ўбачылі суседзі, сваякі і знаёмыя. Таму адчула і адчувае зараз вялікія маральныя пакуты. Таксама суддзя прызналася, што разглядала адміністрацыйныя справы па арт. 23.32 КаАП.

Пры гэтым, заявіла  матэрыяльны пазоў за прычыненыя маральныя пакуты у памеры 3 000 рублей. Патрабуе прызначыць самае строгае пакаранне для абвінавачанай.

Ганна Хадневіч прызнала матэрыяльны пазоў.

У ходзе судовых спрэчак пракурорка патрабуе для Хадневіч абмежавання волі без накіраванне ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады, а таксама задаволіць матэрыяльны пазоў. Прапануе мабільны тэлефон абвінавачанай канфіскаваць.

Адвакат прасіла ўлічыць матэрыяльны стан абвінавачанай, у якой зусім невялікі заробак. Кажа, што ёй трэба будзе 8 месяцаў аддаваць усе грошы.

Суд пастанавіў: пакараць Хадневіч абмежаваннем волі без накіраванне ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады, матэрыяльны пазозў задаволіць у памеры 1 000 рублёў.


У Магілёве маладой маці вынесены прысуд за абразу ахоўніка папраўчай калоніі

16 верасня суд Ленінскага раёна Магілёва прысудзіў маладую маці, якая знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку, да 1,5 гадоў "хатняй хіміі" за абразу ахоўніка Шклоўскай ПК-17, паведамляюць магілёўскія праваабаронцы MayDay.

Згодна з матэрыяламі справы, падсудная Марына Баброўская ў верасні 2020 на старонцы сваёй знаёмай Наталлі Тарасавай у Вконтакте, пакінула каментар у адрас ахоўніка шклоўскай папраўчай калоніі.

У адным з пастоў Наталля апублікавала фота супрацоўнікаў міліцыі ў балаклавах, у адным з якіх Марына Баброўская даведалася свайго суседа, які, як сцвярджала Марына, удзельнічаў у разгонах акцый пратэсту пасля выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 9 жніўня 2020. Абедзве дзяўчыны з'яўляюцца валанцёрамі Таварыства дапамогі бяздомным жывёлам.

На судзе Баброўская заявіла, што ў яе не было намеру абразіць суседа. Яна была абураная дзеяннямі супрацоўнікаў міліцыі падчас мірных акцый пратэсту, што наштурхнула яе выказаць сваё меркаванне ў сацыяльнай сетцы. Віну дзяўчына прызнала.

Першапачаткова дзяржабвінаваўца запытваў для абвінавачанай 2 гады хіміі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову.

Суддзя Таццяна Касцюк прысудзіла Марыну Баброўскую да 1 года 6 месяцаў "хатняй" хіміі і 1000 рублёў маральнай шкоды пацярпеламу.


Повара 5 разраду асудзілі за абразу службовай асобы

Суд Ленінскага раёна Мінска 17 верасня завяршыў разгляд крымінальнай справы жыхара Мінска Андрэя Казакова і прызнаў яго вінаватым у абразе супрацоўнікв АМАП ГУУС Менгарвыканкам Арцёма Бахановіча (арт. 369 КК РБ).

Справу разглядала суддзя Марына Запаснік, дзяржабвінавачванне прадстаўляў пракурор Вердыш.

Казакоў, маючы намер на публічную абразу прадстаўніка ўлады, міліцыянта 2 аператыўнай роты АМАП ГУУС Менгавыканкама старэйшага сяржанта Бахановіча А. С., у сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў, 8 красавіка 2021 з выкарыстаннем мабільнага тэлефона Apple на канале “Карнікі Беларусі”, пасля прагляду публікацыі з фота і асабістай інфармацыяй аб пацярпелым, адправіў каментар наступнага зместу: " Мент. ... ён яшчэ са школы мярзотнікам быў" і тым самым публічна абразіў прадстаўніка ўлады Бахановіча ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў.

На судзе, 16 верасня, сваю віну Андрэй Казакоў прызнаў у поўным аб'ёме.

Пад час допыту ён падцвердзіў, што з пацярпелым знаёмыя з дзяцінства, вучыліся ў адной школе. Жылі ў Мачулішчах. Там усе адзін аднаго ведалі. Сябравалі да арміі, потым шляхі разышліся.

08.04.2021 знаходзіўся дома, глядзеў мемы, потым зайшоў у КБ. Убачыў фатаграфію чалавека. Па апісанні гэта быў ён, але я сумняваўся спачатку. Аднак каментар пакінуў пад пастом.

- З якой мэтай напісаў?

- Ну мне напісалі, і я напісаў. Паддаўся на правакацыю, на эмоцыях напісаў.

Раней былі нармальныя адносіны, але пасля мінулага памянялася стаўленне.

Пацярпелы Бахановіч сказаў, што быў знаёмы з абвінавачаным з дзяцінства. Пасля арміі перасталі мець зносіны.

“Мне патэлефанаваў супрацоўнік ГУУС і сказаў, што мяне выклалі ў “Карніках Беларусі”. Потым патэлефанавалі супрацоўнікі ГУУБ з нагоды паведамленняў пад фота. Каментар абразіў маю чалавечую годнасць і органаў МУС у цэлым. Там былі і абразы ад іншых карыстальнікаў,” - заявіў ён у судзе.

Прад'явіў грамадзянскі пазоў 1 500 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды.

Пракурор запрасіў абмежаванне волі на тэрмін тры гады без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу.

Замест апошняга слова абвінавачы прызнаўся, што ня ведае, што сказаць.

Суддзя дапамагла: Ну хоць бы папрасілі прабачэння ў пацярпелага, чэснае слова!

- Хачу папрасіць прабачэння перад Арцёмам, шчыра шкадую пра свае словы. Зараз год народнага адзінства, можа быць гэта неяк дапаможа.

Урэшце суддзя Марына Запаснік агучыла прысуд: тры гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу.


Абараняў сябе без адваката, віну ён прызнаў часткова: за што асудзілі грузчыка

16 верасня суд Фрунзенскага раёна Мінска пакараў 54-гадовага грузчыка Аляксандра Мельнікава 1,5 гадамі абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ – “хатняй хіміяй” – за тое, што ён абразіў супрацоўніка міліцыі. Суддзя Юлія Чыж прызнала яго вінаватым паводле арт.369 Крымінальнага кодэкса.

Бок дзяржабвінавачання падтрымаў Саковіч.

Таксама Мельнікаў мусіць выплаціць на карысць пацярпелага тысячу рублёў. Дзяржпошліна склала 87 рублёў.

Што здарылася?

Мельнікава прызналі вінаватым у тым, што 9 ліпеня 2020 года ён, дзейнічаючы наўмысна, публічна абразіў прадстаўніка ўлады – старэйшага ўчастковага ў Бабруйску Андрэя Комара. А менавіта – размясціў у сацыяльнай сетцы “Аднакласнікі” каментар "Ряха что надо. Плюй – не промажешь". Ён быў размешчаны пад пастом пра Комара на старонцы карыстальніка Вольга Карач.

Згодна з экспертызай, каментар меў ненарматыўную форму моўнага выказвання і ўтрымліваў негатыўную ацэнку Комара.

Што кажа абвінавачаны?

Аляксандр Мельнікаў быў затрыманы з 21 па 24 чэрвеня 2021 года, потым адпушчаны пад падпіску аб нявыездзе. Абараняў сябе без адваката.

Віну ён прызнаў часткова: распавеў, што не хацеў нікога зняважыць наўмысна, гэта быў секундны парыў праз эмоцыі. Ён адмовіўся даваць тлумачэнні па справе, былі агучаныя ягоныя ранейшыя паказанні. Пазоў прызнаў у поўным аб’ёме. Сказаў, што замест прабачэнняў, гэтай сумы дастаткова.

Што кажа пацярпелы?

Пацярпелы – Андрэй Комар. Ён хадайнічаў аб кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры 1000 рублёў – хадайніцтва задаволілі.

Ён распавёў, што праглядзеў больш за сто каментароў да паста, большасць з іх былі зневажальнымі – яны зневажалі яго не толькі як чалавека, але і як супрацоўніка міліцыі. Калі ў яго запыталіся, якая маральная шкода яму была нанесеная, ён адказаў:

“Па-першае, зараз я знаходжуся тут, хаця мог бы свабодна займацца сваім асноўным заняткам – працаваць або знаходзіцца дома. Я прыехаў сюды і апроч таго, што прачытаў гэта неаднаразова, мушу слухаць гэта яшчэ раз. Па-другое, я пастаянна стасуюся з грамадзянамі, і калі ты прыходзіш дапамагчы людзям, а ў цябе за спіной ідзе размова пра тое, што ты дзе зрабіў, як быццам непрыемна крыху робіцца.

Чаму я мушу слухаць і трываць гэта? За што? Па ўсёй рэспубліцы ўжо гэта бачылі. Чалавек не ведае мяне, які я ў жыцці і працы – хто дае права некага ацэньваць? Нехта худзенькі, нехта плотненькі”.

Таксама ён дадаў, што нават калі абвінавачаны прынясе прабачэнне, напэўна, ён іх не прыме.

Дзяржабвінаваўца папрасіў пакараць Мельнікава 1,5 гадамі “хатняй хіміі” і задаволіць пазоў у поўнай меры – суддзя вынесла менавіта такое пакаранне.


Валожын: Чэрніка пакаралі “хіміяй” за абразу супрацоўніка ДАІ

У Валожыне 1,5 гадамі “хатняй хімі” пакаралі Віктара Чэрніка. Яго прызналі вінаватым паводле арт.369 Крымінальнага кодэкса: у кастрычніку 2020 года ён пакінуў каментар у “Аднакласніках” пад відэа, дзе супрацоўнікі ДАІ затрымліваюць людзей.

Адзін з супрацоўнікаў – Казлоў – палічыў сябе абражаным і напісаў заяву, а таксама запатрабаваў пакрыць маральную шкоду ў памеры 1000 рублёў. Валожынскі пракурор папрасіў пакараць Чэрніка двума гадамі “хіміі”,

суддзя Зенько вынес прысуд – 1,5 гады “хатняй хіміі”, а таксама задаволіў кампенсацыю маральнай шкоды.


У Мінску пенсіянерку асудзілі да трох гадоў "хатняй хіміі" за два каментары ў "Карніках Беларусі"

У судзе Ленінскага раёна Менска 17 верасня за абразу супрацоўнікаў міліцыі ў тэлеграм-канале "Карнікі Беларусі” да трох гадоў “хатняй хіміі" асудзілі 51-гадовую пенсіянерку Ірыну Каленькову. Пацярпелымі па справе выступалі намеснік начальніка АУС Навабеліцкага раёна Гомеля і палкоўнік міліцыі, вайсковец в/ч № 10091 Сяргей Маліноўскі. Самі каментары на судзе агучаны не былі.

Паводле версіі абвінавачвання, Каленькова, маючы намер на публічную абразу прадстаўніка ўлады вайскоўца в / ч № 10091 Маліноўскага С. А. у сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў, 16: 36 4 лістапада мінулага года з выкарыстаннем мабільнага тэлефона ў канале "карнікі Беларусі" пасля публікацыі з інфармацыяй аб Маліноўскім наўмысна адправіла каментар, які змяшчае негатыўную ацэнку Маліноўскага, які мае ненарматыўную форму маўленчага выказвання, тым самым Публічна абразіла Маліноўскага ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў.

Яна ж, па абвінавачванні, маючы намер, публічна абразіла прадстаўніка ўлады намесніка начальніка АУС адміністрацыі Навабеліцкага раёна горада Гомеля, начальніка міліцыі грамадскай бяспекі Сухарукава С. А., будучы асобай учыніла злачынства, за якое не скончыліся тэрміны даўнасці, 4 лістапада мінулага года, выкарыстоўваючы мабільны тэлефон, у канале "Карнікі Беларусі" пакінула каментар, які мае публічны і абразлівы характар, прычыніўшы шкоду аўтарытэту ўлады. Каментар пасля размясціла фота з інфармацыяй аб ім. 

Віну Каленькова прызнала. Але сама яна адмовілася ад дачы паказанняў. Таму абвясцілі яе паказанні, дадзеныя падчас судовага следства. Яна распавяла, што пасля смерці Бандарэнка змяніла значок у телеграме на чорны, так ўшанавала яго памяць. 4 лістапада была дома, зайшла ў тэлеграм-канал "карнікі Беларусі" і ўбачыла інфармацыю з выявай жанчыны і мужчыны. Пад выявай была размешчана інфармацыя пра мужчыну. Якая інфармацыя не памятае. Быў прад'яўлены скрыншот, на якім было пазначана, што мужчыну клічуць Сухарукаў, з'яўляецца палкоўнікам міліцыі. Была пазначаная інфармацыя аб тым, што ён каардынаваў падаўленне мірных акцый У Гомелі.

"Мужчына мне быў не сімпатычны вонкава. Паўплывала інфармацыя, якая была размешчана аб ім. У сувязі з гэтым ён мне яшчэ больш не спадабаўся. Па гэтым напісала такі каментар. Я разумела, што ён з'яўляецца супрацоўнікам унутраных спраў".

Таксама па пратаколе допыту, 4 лістапада ў "Карніках Беларусі" размясцілі інфармацыю пра мужчыну. Якая інфармацыя - ужо не памятае. На дадзеным скрыншоце з інфармацыяй было паказана, што мужчыну завуць падпалкоўнік КДБ Сяргей Маліноўскі. Была паказаная інфармацыя, што ён адзін з кураторорв збіцця і згвалтавання. Па словах Каленьковой, яе "гэта вельмі моцна ўзвар'явала і яна вырашыла пакінуць каментар".

На судзе асабіста быў дапытаны намеснік начальніка АУС Навабеліцкага раёна горада Гомеля Сяргей Сухарукаў. Ён распавёў, што прыйшоў на працу і яму паведамілі калегі, што выявілі інфармацыю пра яго.

"Па ўзросце не знаходжуся ні ў якіх "Аднакласніках", чатах. Калегі дапамаглі і паказалі інфармацыю. Там была фатаграфія мяне і жонкі. Хутчэй за ўсё, узялі з сайта жонкі, які яна, вядома, потым заблакавала. І там пад інфармацыяй было каля 15-17 каментароў. Усе негатыўнага характару", - сказаў на судзе Сухарукаў.

На судзе спыталі, якія ў яго ёсць на сённяшні дзень да абвінавачанай прэтэнзіі. На што Сухарукаў адказаў:

"Я 27 гадоў працую ў міліцыі. Мая задача - гэта ахова грамадскага парадку. Абраза мяне – гэта абраза дзяржавы. Таму я напісаў заяву, падаў пазоў. Калі б гэта былі словы дзіцяці, што прабачце, прабачце, я б зразумеў. Але гэта дарослы чалавек, жанчына у 50 гадоў пайшла на пенсію, дзяржава дала ёй у 50 гадоў пенсію. Хачу сказаць, што ні ў адной краіне свету жанчыне не даюць пенсію ў 50 гадоў, толькі ў нашай краіне!

Каментар ўспрыняў вельмі негатыўна! Вельмі моцна знерваваліся мае блізкія. Старэйшая дачка ў мяне медык, лекар. Ёй давялося выдаліцца з усіх акаўнтаў, на ўсялякі выпадак, каб яе таксама не маглі ўзламаць. Жонцы давялося пайсці. Амаль два месяцы мне тэлефанавалі яшчэ з замежных нумароў. Гэта эмацыйна стварала нязручнасці.

 З улікам таго, што там напісана, што я разганяў: я з усёй адказнасцю заяўляю, што я не разганяў, трошкі не мае функцыі і абавязкі. Але калі б гэта трэба было зрабіць, я б зрабіў. Усё, што тычыцца несанкцыянаваных мітынгаў, я б прыняў законныя рашэнні!»

Сухарукаў заявіў пазоў 2000 рублёў маральнай шкоды. Пацярпелы на судзе адзначыў, што паглядзеў на сайтах практыку.

Абвінавачаная прызнала пазоў часткова ў суме 1000 рублёў.

Пацярпелы Маліноўскі падаў заяву, што ў сувязі з неабходнасцю выканання службовых абавязкаў не можа прысутнічаць на судовым працэсе. Падчас папярэдняга следства ён заявіў:

"Мяркую, што гэты каментар носіць абразлівы характар, тым самым яна публічна прычыніла мне маральную шкоду і абразіла мяне як прадстаўніка ўлады, падарвала мой аўтарытэт сярод калег і іншых грамадзян, якія прачыталі гэты каментар».

Пазоў аб кампенсацыі маральнай шкоды ён не падаваў.

Абвінавачаная на судзе таксама адмовілася ад апошняга слова.

У выніку, суддзя Юлія Шут прызнала Ірыну Каленькову вінаватай паводле ч. 1 арт. 369 Крымінальнага кодэкса і прызначыла пакаранне ў выглядзе трох гадоў "хатняй хіміі". Менавіта такое пакаранне запытвала для яе дзяржабвінавачанне. Акрамя гэтага, паводле прысуду суда пенсіянерка павінна выплаціць намесніку начальніка АУС Навабеліцкага раёна Гомеля Сухарукаву маральную шкоду сумай 2000 рублёў.


Назвала “фашыстам” і “бандытам у джынсах”: асудзілі жыхарку Іўя

16 верасня ў судзе Іўеўскага раёна вынеслі прысуд 50-гадовай Рэгіне Лавор. Яе прызналі вінаватай паводле арт.369 Крымінальнага кодэкса і асудзілі да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ – “хатняй хіміі”. Менавіта такое пакаранне запрасіў пракурор.

Таксама суд абавязаў выплаціць на карысць пацярпелага Андрэя Ярохіна тысячу рублёў маральнай шкоды – ён заявіў пазоў на паўтары тысячы.

Пацярпелы Валеры Горбач пазову не падаваў.

Рэгіна Лавор.
Рэгіна Лавор. Фота з сацыяльных сетак

Яе прызналі вінаватай у тым, што яна размясціла ў мэсэнджары “Тэлеграм” публічныя абразы прадстаўнікоў улады: намесніка начальніка АУС Іўеўскага райвыканкама Андрэя Ярохіна і старшага інспектара Валерыя Горбача. У адносінах да Ярохіна яна пакінула каментар “Ерохин фашист… бандит в джинсах”, у адносінах да Горбача – “Гаист Горбач падла…пенсионер хренов”.

Рэгіна Лавор была затрыманая 18 лютага 2021 года, трое сутак знаходзілася ў ІЧУ.


Прысуд Юрэвічу - "хатняя хімія", 1000 рублёў кампенсацыі і прымусовае лячэнне ад алкагалізму

17 верасня суд Дзяржынскага  раёна вынес прысуд жыхару Бабруйска Валеру Юрэвічу. Суддзя Таццяна Фядчук прызнала яго вінаватым паводле арт.369 КК і прысудзіла да 1,5 гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ – “хатняй хіміі”.

Таксама – спагнаць з яго на карысць пацярпелала 1000 рублёў маральнай кампенсацыі і 87 рублёў – дзяржпошліны.

Бок дзяржабвінавачання падтрымаў Васіль Панкратаў. Ён быў упэўнены, што віна даказана цалкам. А менавіта што Юрэвіч 17 кастрычніка 2020 года размясціў у “Аднакласніках” каментар, які публічна абразіў супрацоўніка міліцыі Манаева.

Абвінавачаны сказаў, што моцна раскайваецца ў сваім учынку.

Згодна з судовай-псіхіятрычнай экспертызай, у Валера Юрэвіча – сіндром залежнасці ад алкаголю, таму яго таксама абавязалі да прымусовага лячэння.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства