Тры гады "хіміі" — за дзесяць хвілін на Маршы

2021 2021-08-16T14:52:19+0300 2021-08-16T15:01:37+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/marsh_minsk_06.08.202017.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Марш Адзінства, Мінск, 6 верасня 2020. Фота: spring96.org

Марш Адзінства, Мінск, 6 верасня 2020. Фота: spring96.org

16 жніўня ў судзе Заводзкага раёна Мінска вынеслі прысуд Дзмітрыю Белікаву. Яго прызналі вінаватым паводле арт.342 Крымінальнага кодэксу і асудзілі да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу — "хіміі". Справу разгледзела суддзя Касцюкевіч.

Абвінавачаны знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе.

У чым прызналі вінаватым?

Дзмітрыя Белікава прызналі вінаватым у тым, што 20 верасня ён далучыўся да мітынгу ў складзе групы з 800 чалавек, прыняў актыўны ўдзел у ім, парушыў працу транспарту, таксама ён меў з сабой сцяг. Гэта пацверджана відэазапісам, на якім Белікаў пазнаў сябе. Паводле высноваў дзяржабвінавачання, ён таксама блакаваў дарогу, што, на думку пракурора, таксама бачна на відэазапісы. Удзел мужчыны ў масавым мерапрыемстве пацвярджае білінг тэлефона. Дзяржабвінаваўца таксама палічыў, што наўмысны ўдзел у мерапрыемствах пацвярджаецца тым, што ў тэлефоне абвінавачага знойдзеныя фотаздымкі з розных масавых мерапрыемстваў.

Факт масавага мерапрыемства ў той дзень у тым месцы пацверджаны рапартам супрацоўніка міліцыі, а таксама аб'явамі ў тэлеграм-каналах.

Што казалі абвінавачаны і адвакат?

Дзмітрый Белікаў прызнаў сябе вінаватым у актыўным удзеле ў падзеях, групавых дзеяннях, а таксама непадпарадкаванні законным патрабаванням супрацоўнікаў. Адным з рэчдокаў было прызнанае ліставанне з дзяўчынамі, падчас якіх у тым ліку абмяркоўваліся месца сустрэчы на мітынгу: мужчына распавёў, што яно было асабістым, каб паказаць, які ён малайчына. 

Ён раскаяўся і адзначыў, што больш ніколі не будзе так рабіць.

Адвакат Белікава адзначыў, што абвінавачанне бяздоваднае: час знаходжання мужчыны на праезнай частцы абвяргаецца пісьмовымі матэрыяламі справы. Ён падкрэсліў, што абвінавачаны далучыўся да мітынга неўсвядомлена, калі выходзіў з крамы, агульны час ягонага ўдзелу ў мерапрыемстве не перавысіў дзесяці хвілінаў. Таксама адвакат нагадаў, што няма доказаў спынення транспарту ў той час і ў тым месцы, дзе быў Белікаў, а ягоны фотаздымак зняты з тратуара, а не праезнай часткі.

Сведкі па справе на суд не з'явіліся.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства