Паўгадавы адпачынак? Праваабаронца Сяргей Драздоўскі распавёў, як яму жылося пад хатнім арыштам
Амаль паўгода праваабаронца Сяргей Драздоўскі правёў пад хатнім арыштам. 31 ліпеня стала вядома, што меру стрымання ў дачыненні да яго змянілі — цяпер ён пад падпіскай аб нявыездзе, дзейнічае паручальніцтва. Гэта азначае, што Драздоўскі можа свабодна выходзіць з дому, кантактаваць з людзьмі і карыстацца інтэрнэтам — усяго гэтага ён быў пазбаўлены. Праваабаронца распавёў "Вясне" аб тым, як для яго выглядаў хатні арышт.
*Сяргей Драздоўскі — дырэктар праваабарончай установы “Офіс па правах людзей з інваліднасцю”. Разам з Драздоўскім 3 лютага 2021 года быў затрыманы яго калега, юрыст "Офіса" Алег Граблеўскі. У дачыненні да Граблеўскага была абраная мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту, таму ўвесь гэты час ён знаходзіўся ў СІЗА-1 (вул. Валадарскага, Мінск). 31 ліпеня стала вядома, што яго таксама вызвалілі. Драздоўскі і Граблеўскі прызнаваліся праваабарончай супольнасцю Беларусі палітычнымі зняволенымі. “Вясне” вядома, што іх абвінавачвалі ў частцы 4 арт. 209 Крымінальнага кадэкса РБ (Махлярства, здзейсненае арганізаванай групай альбо ў асабліва буйным памеры). Драздоўскі і Граблеўскі застаюцца падазраванымі па гэтай справе. У адносінах да іх дзейнічае падпіска аб неразгалошванні.
Забарона на камунікацыю і адсутнасць навінаў
“Безумоўна, вядома, што хатні арышт — гэта не турма: я ў сваім ложку сплю, сваю лядоўню адчыняю, у сваю ванну хаджу… — пачынае свой аповед Сяргей Драздоўскі. — Гэта так. Але ў мяне была забароненая любая камунікацыя з усімі ў любым выглядзе.
Дазволена было камунікаваць толькі з членамі сям’і — але я мяркую, што гэта толькі таму, што я сам не магу сябе цалкам абслугоўваць [Сяргей Драздоўскі мае інваліднасць і перасоўваецца ў інвалідным вазку — Заўв.]. Мае дадатковыя патрэбы такія, што мне неабходная непасрэдная дапамога ў досыць вялікім аб’ёме”.
Але і ў такім камунікаванні праваабаронцу даводзілася сябе абмяжоўваць:
“Насамрэч я не ведаў і не ведаю тыя межы і рамкі, наколькі шмат і пра што я магу са сваякамі размаўляць. Ці не прывяду я да таго, што іх абвінавацяць у чым-небудзь? Што яны, напрыклад, у чымсьці мне дапамагаюць і садзейнічаюць [адносна крымінальнай справы — Заўв.]”.
Сяргей Драздоўскі адзначае, што адсутнасць паўнавартасных зносінаў — гэта самая вялікая цяжкасць у хатнім арышце:
“Насамрэч, чалавек прызвычайваецца да таго, што ён кантактуе. А я не мог спакойна ўзяць і патэлефанаваць сваім сябрам…”
"Фактычна яны былі затрыманыя за супрацоўніцтва з ААН". Што вядома пра справу "Офіса па правах людзей з інваліднасцю"?
Камунікацыя (па неабходнасці) са сваякамі, а таксама са следчым адбывалася праз стацыянарны тэлефон. Акрамя таго, з тэхнікі было дазволена карыстацца толькі радыёпрыёмнікам (але Сяргей яго не мае) і тэлевізарам.
“Тэлевізар я фонам глядзеў. Мне здаецца, я ўжо зрабіўся экспертам па Старажытным Егіпце, таму што глядзеў каналы гістарычныя”, — жартуе праваабаронца.
Забарона на камунікацыю прадугледжвае і немагчымасць карыстацца інтэрнэтам. А значыць, адзінай крыніцай навінаў было тэлебачанне:
“Але сёння ўся інфармацыя ў свеце (для мяне асабіста) дакладна не ў тэлевізары. І апынуцца ў такім вакууме без актуальнай інфармацыі, асабліва не разумеючы, што адбываецца ў свеце… [складана]. Тэлевізар — гэта вельмі аднабока. Там даводзіцца здагадвацца, дадумваць — гэта, вядома, праблема”.
Бытавыя ўмовы і стаўленне следчых
Знаходзячыся пад хатнім арыштам, Сяргей Драздоўскі мог выходзіць на шпацыр з 11-й да 12-й гадзіны “ў радыусе 200 метраў ад пакоя”.
“У добрае надвор’е я выходзіў, намагаўся паболей рухацца, каб падтрымаць баланс фізічна. Але [падчас гэтага таксама] я не мог ані пісаць, ані гаварыць, ані тэлефанаваць — то бок любым спосабам абменьвацца інфармацыяй”.
Некалькі разоў у Сяргея ўзнікала неабходнасць наведваць дактароў. Для гэтага яму трэба было апавяшчаць наглядны орган і атрымліваць дазвол. Дазвол заўсёды давалі. Сустракацца з адвакатам не перашкаджалі.
Праваабаронца адзначае, што стаўленне следчых і ўсіх тых, ад каго залежаў ягоны арышт, было максімальна карэктным і “паводле літары закона”:
“Любыя дзеянні ў мой адрас суправаджаліся ўсімі неабходнымі захадамі. Напрыклад, мне ўвесь час паведамлялі пра мае правы, пра тое, што я магу рабіць і чаго не магу”..
Сяргей Драздоўскі таксама мог карыстацца сваёй асабістай бібліятэкай, якая была ў ягонай кватэры. Жыў ён адзін.
Нерэалізаваныя планы і выдаткі
“Калі кажуць, што хатні арышт — гэта ой як добра: сеў дома, уключыў тэлевізар, ясі каўбасу і радуйся жыццю… Але лад жыцця ў мяне не такі, і гэта не з’яўляецца маёй мэтай: сесці дома і глядзець тэлевізар. Я сапраўды адчуваў пакуты з нагоды таго, што я ведаю, што мая праца стаіць; мае планы, мае дзеянні, якія патрабуюць шмат працы, стаяць; і я не магу нічога з гэтым зрабіць. Мае перспектыўныя планы абрынуліся. Наша бягучая ўся дзейнасць [Офіса па правах людзей з інваліднасцю — Заўв.] абрынулася. Гэта ўсё проста абвалілася", — кажа Сяргей Драздоўскі.
"З іншага боку, жыць пад хатнім арыштам — гэта ўсё роўна выдаткі. І трэба разумець, адкуль браць грошы, — а заробкі скончыліся, бо ты пад арыштам. Гэта праблематычна. Калі ў цябе ёсць нейкія ашчаджанні, то напэўна ты можаш дазволіць сабе такі паўгадавы “адпачынак”. Добра, калі родныя табе дапамагаюць. Значна горш, калі гэтага няма”.
“Вінаватым сябе не лічу”
У ацэнцы свайго хатняга арышту і крымінальнага пераследу Сяргей Драздоўскі катэгарычны:
“Я не прызнаю сваю віну ні ў якой частцы, ні ў якой меры, ні ў якой ступені, ні ў якім разуменні — не прызнаю і не збіраюся прызнаваць.
Хатні арышт у мой адрас быў адвольным і незаконным. Мне было не так дрэнна, як магло б быць, і я нібыта адпачыў паўгода ад інтэрнэту, але тым не менш.
Усе мае сваякі, мая сям’я, мне здаецца, перажываюць яшчэ больш, чым я, з гэтай нагоды. І памятаеце, гэтая гісторыя: “Гэта не мне далі 15 сутак. Гэта нам далі 15 сутак”? Гэта прыкладна пра гэта. Атрымліваецца, гэты арышт мацней ударыў не па мне, а больш нават па маёй сям’і. Я мяркую, што гэта нават не сакрэт для тых людзей, якія выпісваюць пастановы аб хатнім арышце і іншых падобных мерах”.
Ліквідацыя арганізацыі — гэта бязглуздзіца
Праваабарончая ўстанова “Офіс па правах людзей з інваліднасцю” трапіла пад хвалю масавай зачысткі дзяржавай арганізацый грамадзянскай супольнасці — у гэты момант “Офіс” знаходзіцца ў стане ліквідацыі:
“Нам даслалі стандартную паперку, дзе напісана: паколькі мы не вялі на працягу апошніх 24 месяцаў прадпрымальніцкай дзейнасці, то з гэтай нагоды нам трэба закрыцца. І на працягу месяца мы абавязаныя прынесці арыгінал рэгістрацыйных дакументаў.
Але з пункту гледжання права гэта бязглуздзіца, таму што гэта пярэчыць Грамадзянскаму кодэксу, — адзначае Сяргей Драздоўскі. — Мы маем намер разабрацца ў сітуацыі і прыняць рашэнне, як далей быць. Але я мяркую, што гэтая тэндэнцыя і намер закрыць нас разам з усімі — вельмі ўпэўненая з таго боку. І калі не гэтае абвінавачванне [спрацуе], то будзе наступнае — і мы будзем закрытыя”.
Сяргей Драздоўскі і Алег Граблеўскі ўдзельнічалі ў першым выпуску праваабарончага падкаста "Вясна прыйдзе":
Першы падкаст “Вясна прыйдзе”: людзі з інваліднасцю