Дзяржабвінавачанне запрасіла два гады калоніі для палітвязня Івана Багдзевіча

2021 2021-06-15T14:00:07+0300 2021-06-15T14:24:57+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/bagdzevich_sud_2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суд Першамайскага раёна Мінска працягнуў разглядаць справу палітвязня Івана Багдзевіча. Яго абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Памочніца пракурора Іна Зубко запрасіла яму два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. 

Справу разглядае суддзя Сяргей. Абаронца — Агееў.

Івана Багдзевіча абвінавачваюць у тым, што 12-13, 13-14, 14-15, 16, 23 жніўня, знаходзячыся ў розных кропках Мінска, ён "публічна выкрыкваў лозунгі і рабіў гучныя воплескі рукамі, тым самым здзяйсняў дзеянні, накіраваныя на працяглае парушэнне спакою грамадзян". Яны былі спалучаныя з непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады. Сваімі дзеяннямі ён "абмежаваў права добрапрыстойных грамадзян на спакой, працу і іншае".

Іван Багдзевіч пагадзіўся даць паказанні ў адвольнай форме, надалей адмовіўся сведчыць паводле 27 артыкула Канстытуцыі РБ. Ён цалкам не прызнае віну. Адзначае, што не з'яўляецца ні адміністратарам, ні актыўным удзельнікам чатаў, у якіх чытаў навіны. Іван распавёў, што знаходзіцца ў пошукавым выратавальным атрадзе "Ангел": ягоная дзейнасць не мае палітычнай накіраванасці. 

У Мінску пачаўся суд над палітвязнем Іванам Багдзевічам

Суд Першамайскага раёна Мінска пачаў разглядаць справу палітвязня Івана Багдзевіча.

На паседжанні дзясятага чэрвеня двое сведак не з'явіліся ў суд праз стан здароўя, былі зачытаныя іх паказанні на папярэднім следстве. 

Першы сведка распавёў, што ў даты, пазначаныя ў абвінавачанні, Багдзевіч быў дома са сваёй сям'ёй і не удзельнічаў у масавых мерапрыемствах. Другі сведка расказаў, што яны насамрэч стэлефаноўваліся з Багдзевічам, аднак не ўдзельнічалі ў мерапрыемствах разам, яму таксама невядома, ці ўдзельнічаў у іх палітвязень. 

Сярод матэрыялаў справы — пратаколы допытаў, пастановы, рапарты, білінг тэлефона Багдзевіча (тэлефон прызналі рэчавым доказам), скрыншоты з сацыяльных сетак. Да справы далучаныя характарыстыкі з апошняга месца працы і ПВА "Ангел". 

На паседжанні 15 чэрвеня былі заслуханыя тэлефонныя размовы Багдзевіча, а таксама прайшлі спрэчкі бакоў.

Пракурор папрасіла прызнаць Багдзеівча вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса і прызначыць яму пакаранне: два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. У якасці змякчальных абставінаў яна папрасіла ўлічыць наяўнасць у абвінавачанага дзяцей, у якасці абцяжарвальных — нязнятую судзімасць, а таксама тое, што Багдзевіч не працаваў і прыцягваўся да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці. 

Адвакат падкрэсліў, што Багдзевіч не прызнае сваю віну ў поўным аб'ёме. Ён не адмаўляе факт знаходжання ў Менску, таму што быў валанцёрам у пошукавым атрадзе і сустракаўся ў горадзе са знаёмымі. Калі першапачаткова палітвязень быў затрыманы паводле арт. 293 КК, ён правёў у СІЗА шэсць месяцаў: за гэты час не было прад'яўлена ніводнага прамога доказу — фота, відэа, абвінавачанне грунтавалася выключна на размовах па тэлефоне. Таксама ні адзін сведка не паказаў, што ён пляскаў у далоні або выкрыкваў лозунгі, таму за аснову абвінавачання ўзялі геалакацыю і праслухоўку. Адвакат упэўнены, што віна Багдзевіча не даказаная, чалавек не павінен быць асуджаны на аснове здагадак.

Прысуд будзе абвешчаны 23 чэрвеня. "Вясна" працягвае назіраць за справай з дапамогай валанцёраў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства