У Мінску вынесены прысуд па справе раскіданых самарэзаў
3 сакавіка ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска вынесены прысуд па крымінальнай справе двух мінчанак, якіх абвінавачваюць у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага часткай 2 артыкула 339 Крымінальнага кодэксу (злоснае хуліганства), а таксама ч.1 арт. 14 КК (замах на здзяйсненне злачынства).
Справу разглядала суддзя Юлія Блізнюк.
Напачатку судовага працэсу сёння змянілася дзяржабвінаваўца.
На лаве падсудных – жыхаркі Мінска Анастасія Нікіціна і Святлана Лабунская.
Нікіціна да суда знаходзілася пад вартай, мае двух непаўнагадовых дзяцей, Лабунская з 30 снежня - пад хатнім арыштам.
Па матэрыялах следства, жанчыны, груба парушаючы грамадскі парадак, у складзе групы асоб раскідалі 13 снежня каля 45 металічных самарэзаў на тэрыторыі каля пракуратуры Мінска на вул. Якубоўскага, 20.
Аўтамабіль, за рулём якога быў пацярпелы Клінцэвіч, напароўся на гэтыя самарэзы, былі прабітыя два колы. Матырыяльны ўрон склаў 36 рублёў 18 капеек.
27 снежня жанчыны ізноў намерваліся паўтарыць свае дзеянні, аднак былі затрыманыя.
“Дзве 40-гадовыя жанчыны раскідалі самарэзы каля брамы адміністрацыйнага будынка ў Фрунзенскім раёне сталіцы з мэтай пашкоджання аўтамабіляў, якія выязджаюць. Давесці свой намер да канца мінчанкам не ўдалося, паколькі яны былі затрыманыя супрацоўнікамі міліцыі на месцы здарэння,” - паведамляў Следчы камітэт.
У судовым пасяджэнні 3 сакавіка з апошнім словам выступіла Анастасія Нікіціна.
Стала вядома, што апрача сваіх двух непаўнагадовых дзяцей, яна яшчэ аднаго дзіцёнка ўзяла на выхаванне пад патранажнае выхаванне ў Бараўлянах. Дзяўчынку ўзялі са "складанай жыццёвай сітуацыяй". Сама Нікіціна мае праблемы са шчытападобнай залозай, у яе дыябет і патрэба ў аперацыі на вочы.
Суддзя выносіць прысуд: Анастасіі Нікіцінай адзін год і адзін месяц пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, Святлане Лабунскай - паўтара гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу.
Будзе дапоўнена.