Праслухоўка ў камеры ІЧУ і відэа з брутальным затрыманнем. Што лягло ў доказную базу віны Сцерлікава Аўдыё

2021 2021-03-03T14:11:12+0300 2021-03-03T14:37:44+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/scerlikau_2021-02-25_tutby.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Мінчаніна Аляксея Сцерлікава прызналі вінаватым у частцы 2 артыкула 363 Крымінальнага кодэкса К РБ (Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў пры выкананні ім абавязкаў па ахове грамадскага парадку, спалучанае з пагрозай прымянення гвалту) і прысудзілі 4 гады калоніі агульнага рэжыму. Кампанія, у якой ён працаваў (паколькі ёй належаў аўтамабіль, за рулём якога быў Сцерлікаў) павінна выплаціць пацярпеламу інспектару ДАІ Максіму Завадскаму маральную шкоду сумай у 10 000 беларускіх рублёў. Такі прысуд вынес суддзя суда Заводскага раёна горада Мінска Генадзь Янкоўскі. "Вясна" наведала ўсе судовыя паседжанні над Аляксеем Сцерлікавым. На чым будаваўся доказ яго віны і што казаў Сцерлікаў у апошнім слове?

Аляксей Сцерлікаў. Фота: tut.by
Аляксей Сцерлікаў. Фота: tut.by

Сцерлікаў ноччу 23 верасня 2020 года (у гэты дзень была інаўгурацыя Лукашэнкі) спрабаваў схавацца ад сілавікоў, якія разбівалі шкло яго машыны на праспекце Дзяржынскага. За ім пагналіся дзве машыны ДАІ з бартавымі нумарамі 703 і 708 – паколькі Сцерлікаў парушыў ПДР, выехаўшы на сустрэчную паласу. ДАІ затрымала яго на вуліцы Разінскай. На першым судовым пасяджэнні, якое прайшло 25 лютага, жонка Сцерлікава Таццяна распавяла пра тое, што сілавікі разбілі ўсё шкло ў машыне. Абвінавачваюць Стэрлікава ў тым, што пры затрыманні ён наехаў на інспектара ДАІ Максіма Завадскага.

"Маё жыццё бясцэнна" і пазоў у 20 000 рублёў. Пачаўся суд над Сцерлікавым, дзе пацярпелы — супрацоўнік ДАІ

Суд Заводскага раёна горада Мінска ў асобе суддзі Генадзя Янкоўскага 25 лютага пачаў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да 37-гадовага інжынера-будаўніка Аляксея Сцерлікава.

Паказанні сведак — з боку абвінавачвання і з боку абароны

Інспектар Яўген Кавальчук у тую ноч затрымліваў Сцерлікава. Яшчэ на праспекце Дзяржынскага яго экіпаж ДАІ прыняў рашэнне пераследваць Сцерлікава, паколькі той рухаўся на разбітым аўтамабілі па сустрэчнай паласе.

“А чым працэсуальна рэгламентавана было затрыманне Стэрлікава?” — спытаў у Кавальчука адвакат Сцерлікава.

“Я павінен на гэта адказваць? Былі разбітыя вокны”

“Гэта не працэсуальная мэта”.

Пры затрыманні, як адзначыў Кавальчук, Сцерлікава не абражалі, не прыніжалі, удараў не наносілі. Пазней у судзе былі разгледжаны відэаматэрыялы затрымання — пра гэта ніжэй.

У той дзень, 23 верасня, да Аляксея і Таццяны Сцерлікавых у машыну селі два чалавекі — тыя пагадзіліся іх падвезці да вакзала. Адзін з іх, Дзмітрый Старастаў, выступіў сведкам на судзе. Ён распавёў, што машына Сцерлікавых устала ў затор на праспекце Дзяржынскага. Там стаялі "нейкія незразумелыя белыя мікрааўтобусы".

"На нас пабегла куча людзей у чорным. Пачалі біць машыну. У момант, калі разбівалі машыну, мяне выцягнулі і збілі", — распавёў сведка.

Сцерлікавых з машыны выцягнуць не змаглі — яны былі прышпіленыя. Дзмітрый жа быў вельмі моцна зьбіты:

"Тыдзень шумела ў галаве. Вуха не чула".

Пасля гэтага Дзмітрый трапіў у аўтобус, а затым яму далі 13 дзён арышту. У ІЧУ горада Жодзіна, куды яго накіравалі, ён звяртаўся па медыцынскую дапамогу.

Як затрымлівалі Сцерлікава? Матэрыялы справы: запісы з відэарэгістратараў і аўдыё праслушкі камеры

Сярод пісьмовых матэрыялаў справы былі пратаколы, якія апісваюць відэа са СМІ (TUT.BY і Onliner) — пра момант нападу сілавікамі на машыну Сцерлікава, відэа з рэгістратараў і нагрудных камер "Дазор", якія апісваюць момант затрымання Стэрлікава, а таксама аўдыё-праслухоўка размоў з камеры ў ІЧУ на Акрэсціна, куды змясцілі Сцерлікава пры затрыманні. Там Сцерлікаў абмяркоўваў сваё затрыманне з сукамернікамі. Дзяржабвінаваўцай Вольгай Дзіндзілевіч сярод іншага была зачытаная фармулёўка: "на беларускай мове ідзе абмеркаванне інфармацыі палітычнага характару".

Абарона Сцерлікава на судовым пасяджэнні адзначыла, што дзяржабвінаваўца вельмі выбарачна зачытала пратаколы, якія апісваюць відэа. На наступны дзень відэа і аўдыё, прадстаўленыя сярод рэчыўных доказаў на дысках, былі прагледжаныя. Сярод іх — запіс з нагрудной камеры інспектара Шарохі, які таксама прымаў удзел у затрыманні Сцерлікава. На відэа трапіў і момант удару Завадзкага машынай Сцерлікава. «Вясна» прыводзіць аўдыёзапіс гэтага прагледжанага у ходзе судовага пасяджэння відэа (асцярожна — прысутнічае нецэнзурная лаянка):

 

Viasna96 · Инспекторы ГАИ брутально задерживают Алексея Стерликова

Сам Аляксей Сцерлікаў падкрэсліў, што на відэа выразна чуваць, як ён сам кажа: «Я не супраціўляюся». Ён таксама заявіў, што інспектар Шароха раней даваў ілжывыя паказанні, паколькі сказаў, што затрымліваў яго моўчкі і не абражаючы.

"У частцы абразы  — гэта трэба разглядаць у іншым працэсе,  а тут мы разглядаем зусім іншыя падзеі”, —  адказала на гэта дзяржабвінаваўца і дадала, што Шароха, даючы паказанні на судзе, ужо шмат чаго не памятаў.

"Калі мы возьмем аўдыёзапіс судовага працэсу, то [Шароха на судзе] сказаў, што не абражаў мяне, а пры затрыманні мяне ніхто не збіваў", — адзначыў Аляксей Сцерлікаў. — "Я казаў:  «я не супраціўляюся, навошта вы мяне б'яце?» Яны білі, а потым кажуць: «не б'ем, не б'ем, на нас людзі глядзяць» ”.

"«Не б'ем, не б'ем, на нас людзі глядзяць»  — гэта не значыць, што да вас гвалт ужываўся", сказаў суддзя Янкоўскі.

Дзяржабвінаваўца Вольга Дзіндзілевіч. Фота: TUT.BY
Дзяржабвінаваўца Вольга Дзіндзілевіч. Фота: TUT.BY

Відэарэгістратар самога Максіма Завадскага да матэрыялаў справы далучаны не быў ён сказаў, што калі выходзіў з машыны непасрэдна перад затрыманнем Сцерлікава, то зняў яго. Абарона звярнула ўвагу, што раней на допытах Завадскі казаў, што відэарэгістратар быў пры ім, быў уключаны і працаваў.

Акрамя гэтага, у матэрыялах справы маецца запіс з відэарэгістратара "Дазор" у аднаго з міліцыянтаў, які даставіў Сцерлікава ў РУУС. Там ён прайшоў тэст на наяўнасць алкаголю ў крыві. Падчас гэтай працэдуры, як відаць на кадры, у Сцерлікава з левай скроні сцякае струя крыві.

Аўдыё з камеры ІЧУ, дзе знаходзіўся Сцерлікаў, таксама былі праслуханыя. Там Сцерлікаў распавядаў сваім сукамернікам аб тым, што з ім адбывалася, калі на праспекце Дзяржынскага на яго напалі сілавікі:

"Я ўцякаў ад гэтых бандытаў — у шокавым стане быў ... Заехаў у нейкі двор — пачынаюць біць і выцягваць мяне".

Акрамя таго, ёсць аўдыёзапіс, дзе Сцерлікава выводзяць з камеры, адводзяць у іншае памяшканне і кажуць: «Падпісвай пратакол аб тым, што ты ехаў па тратуары і збіў супрацоўніка». Сцерлікаў падпісваць адмовіўся.

Не ўсе відэа, далучаныя да матэрыялаў справы, змаглі прагледзець у ходзе судовага пасяджэння.

"Усё, што загрузілася, мы прагледзелі. А ўсё, што не загрузілася — ну, як гаворыцца, будзем ўдасканальвацца", — адзначыў суддзя Генадзь Янкоўскі.

Пазіцыя абароны Сцерлікава

Сцерлікава абвінавачваюць у супраціве супрацоўніку органаў унутраных спраў, спалучаны з пагрозай прымянення гвалту. Але пад гвалтам разумеецца наўмыснае прычыненне цялесных пашкоджанняў. Аднак дзяржабвінавачанне не падало доказаў намеру ў Сцерлікава. Цялесныя пашкоджанні Завадскаму былі прычыненыя дзвярыма аўтамабіля Сцерлікава  — аднак адкрыта яна была інспектарам Каспяровічам. Які намер на прычыненне дзвярыма цялесных пашкоджанняў? Калі б у Сцерлікава быў намер, то ён бы сам гэтую дзверы і адкрыў бы.

Апошняе слова Сцерлікава

Аляксей Сцерлікаў быў шакаваны тым, што дзяржабвінавачанне запрасіла 4 гады калоніі. Ён прасіў суд у сувязі з гэтым даць яму магчымасць падрыхтавацца да апошняга слова і перанесці пасяджэнне на другі дзень—але суддзя Янкоўскі гэтага не дазволіў.

"Увесь мінулы год мы са сваёй жонкай рыхтаваліся да цяжарнасці. Пілі вітаміны, праходзілі абследаванне... У той вераснёўскі дзень мы проста святкавалі наш свята, проста вярталіся дадому […] Па злоснаму збегу акалічнасцяў мы трапілі ў самае пекла. На нас напалі, нас ніхто не абараніў, збівалі. Тое, што адбылося б, калі б я не з'ехаў з праспекта Дзяржынскага, вам распавёў сведка [Дзмітрый Старастаў] — яго дасталі з машыны, збівалі каля машыны, пазбавілі права рухацца, працягнулі збіваць, калі ён ляжаў на зямлі. Калі б такое адбылося з маёй жонкай — я б наогул не ведаў, як называць сябе мужам. Я прыняў інстыктыўнае рашэнне ратаваць яе. […]

Пацярпела мая жонка калі я быў у СІЗА паўгода, яна сутыкнулася з новай рэальнасцю. Яна страціла сон, страціла вагу, страціла апетыт, пахудзела.  Усе нашы планы рухнулі. Яна вымушана была звяртацца да псіхолагаў.

Я на праспекце Дзяржынскага ратаваў сваю жонку, ратаваў сябе. Дзейнічаў зыходзячы з таго ... ды ў прынцыпе любы б у гэтай зале дзейнічаў гэтак жа. Любы з вас можа сказаць, гледзячы ў люстэрка, што паступілі б таксама.

Я шкадую, што адбылося на Разінскай. Але ў мяне не было намеру кагосьці збіваць, на кагосьці нападаць. Я хацеў выратавацца. На жаль, у той момант, акрамя як на сябе, я ні на каго разлічваць не мог. Я як загнаны сабака бег з гэтага праспекта, хаваўся ў цёмны кут, каб мяне і маю жонку ніхто не пакрыўдзіў.

Але збіваць звязаных людзей гэта недаравальна […]. Завадскага, які рухаўся ў мой бок, я не бачыў.

Я шмат разоў сабе прайграваў гэтую сітуацыю  — што б я мог змяніць? Але я не знайшоў адказ. Так як я не бачыў таго чалавека, які мяне біў — ён быў у чорным, у такім жа чорным, як на праспекце Дзяржынскага (пры затрыманні Сцерлікава на вуліцы Разінскай спачатку яго пачаў збіваць чалавек у чорным —Заўв.) Мне не сказалі, што гэта інспектар ДАІ, мне ніхто не прадставіўся. На мяне зноў напалі — праз дзве хвіліны пасля таго, як напалі на праспекце Дзяржынскага.

Я намеснік кіраўніка ў будаўнічай арганізацыі, у маім падпарадкаванні каля 100 чалавек. Я спрабаваў жыць нармальным жыццём, пакуль не зрабілі замах на маю бяспеку. З таго, што я мог — я зрабіў. Я абараніў сваю жонку. […]

Правёўшы амаль паўгода ў СІЗА на Валадарскага, дзе на 30 квадратных метрах сядзяць 22 чалавекі, ацаніць гэтае пакаранне ... я не разумею, што гэта за пакаранне. Гэта больш асацыялізуе чалавека, прымушае адчуваць сябе прыніжаным. На мой погляд, я буду толькі толькі дэградаваць і асацыявацца (калі адправяць у калонію Заўв) ".

Сцерлікаў прасіў прымяніць да яго пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі. Паколькі, знаходзячыся на волі, ён бы прыносіў карысць сваёй сям'і, утрымліваў бы сваіх дзяцей (у Аляксея — двое непаўналетніх дзяцей) , карысць грамадству і дзяржаве ў выглядзе падаткаў і інш.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства