Судзяць ваеннага пенсіянера, які запеніў дзверы ў кватэру супрацоўніцы міліцыі і абразіў яе Дапоўнена

2021 2021-02-09T15:06:23+0300 2021-02-09T17:28:29+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/kanapaika-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ігар Капанайка ў судзе.

Ігар Капанайка ў судзе.

У судзе Фрунзенскага раёна Мінска 9 лютага пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да мінчука, які запеніў дзверы ў кватэру супрацоўніцы міліцыі. Грамадзяніна Расійскай Федэрацыі Ігара Капанайку абвінавачваюць па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: артыкул 339 (Хуліганства) і артыкул 369 (Абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў).

Справу разглядае суддзя Алена Бушава, дзяржабвінаваўца – пракурор Грэская.

Пацярпелая па справе – прэс-афіцэр Цэнтральнага РУУС Мінска Таццяна Абозная.

Ігар Капанайка мае від на жыхарства ў Беларусі, ваенны пенсіянер.

З матэрыялаў следства вядома, што днём 13 лістапада 2020 года 55-гадовы мужчына зайшоў у пад'езд аднаго з дамоў у Фрунзенскім раёне Мінска і з хуліганскіх памкненняў заліў мантажнай пенай ўваходныя дзверы кватэры супрацоўніка органаў унутраных спраў. Таксама ён запеніў механізм замка дзвярэй і паштовую скрыню.

Акрамя таго, як сцвярджае Следчы камітэт,  на паштовай скрыні абвінавачаны напісаў фразу, якая публічна абражае супрацоўніцу міліцыі ў сувязі з выкананнем ёю службовых абавязкаў і схаваўся з месца здарэння.

Незадоўга да таго, што адбылося, адрас, кантактныя дадзеныя, пасада і месца працы супрацоўніцы былі размешчаны ў адным з дэструктыўных Telegram-каналаў.

Капанайка быў затрыманы 27 лістапада і змешчаны пад варту.

Сёння на судзе Таццяна Абозная заявіла хадайніцтва аб разглядзе крымінальнай справы ў закрытым судовым пасяджэнні, бо баіцца за сваю бяспеку і бяспеку сваіх блізкіх.

Дзяржабвінавачанне падтрымала хадайніцтва, абаронца і абвінавачаны пярэчылі.

Хадайніцтва судом адхіленае.

Запененыя дзверы. Фота Следчага камітэта
Запененыя дзверы ў кватэру пацярпелай. Фота Следчага камітэта

У судовым следстве ўстаноўлена, што днём 13 лістапада 2020 года Ігар Капанайка зайшоў у пад'езд дома па вуліцы Налібоцкай і наўмысна, з хуліганскіх памкненняў, заліў мантажнай пенай уваходныя дзверы кватэры, запеніў механізм замка дзвярэй, тым самым пашкодзіўшы яго. Таксама з выкарыстаннем фарбавальніка чорнага колеру нанёс на паштовую скрыню пацярпелай надпіс "Мент-забойца". І запеніў скрыню. Гэтымі дзеяннямі падарваў прэстыж супрацоўніка міліцыі.

Сваю віну абвінавачваны віну прызнаў і раскаяўся ў здзейсненым.

Допыт пацярпелай Таццяны Абознай

12 лістапада ў дэструктыўных тэлеграм-каналах былі размешчаныя асабістыя звесткі супрацоўнікаў Цэнтральнага РУУС, у тым ліку і пацярпелай. На наступны дзень размясцілі хатнія адрасы. Пачалі паступаць званкі,у асноўным з замежных тэлефонаў з пагрозамі.

“На наступны дзень, зайшоўшы ў дамавы чат, убачыла фота сваёй скрыні з надпісам "Мент-забойца". І  скрыня была запененая. Яшчэ былі запененыя дзверы. Перажывала, што з бацькамі і дзіцем. Яму няма 3-х гадоў і ў яго інваліднасць. Бацька таксама інвалід 2 групы. Звязалася з мамай, яе дома не было”.

 Затым была выклікана следча-аператыўная група. Дзверы атрымалася адкрыць толькі праз 10 хвілін. Знутры дзверы было адкрыць наогул не рэальна. Ніжні замок перастаў працаваць, верхні з цяжкасцю.

Абозная кажа, што суседзі перасталі з ёй вітацца, заходзіць разам у ліфт. Дзіця прыйшлося вывесці з Мінска, а яму патрэбен пастаянны догляд.

"З-за надпісу было маральна вельмі непрыемна, паколькі ніколі нікому нічога дрэннага не зрабіла. "Для мяне гэта быў плявок у твар".

Тацянна Абозная заявіла грамадзянскі пазоў аб кампенсацыі маральнай шкоды  ў памеры 10 тысяч рублёў, а таксама пазоў аб пакрыцці матэрыяльнай шкоды - 425 рублёў (125 - замена замка, 300 - пашкоджанне дзвярэй).

Абвінавачаны з пазовам не згодны. Кажа, незразумела адкуль такія сумы.

“А вы пастаўце сябе на маё месца, калі вам так запеняць дзверы.

Рэпліка з залы: "А вы сябе на месца Рамана Бандарэнкі пастаўце".

Суддзя выдаліла гэтага хлопца з залы.

Допыт Ігара Капанайкі

Кажа, што прачытаў на TUT.BY артыкул з каментарамі Абознай пра смерць Рамана Бандарэнкі, што ў яго ў крыві быў знойдзены алкаголь. Яго абурыла гэтая грубая хлусня, быў на эмоцыях.

Сваімі дзеяннямі хацеў прыцягнуць увагу Абознай, што трэба мець нормы маральнасці. У яе словах не было спачуванні сям'і загінулага. Гэта была хлусня, Раман не быў п'яны.

Напісаў на скрыні, каб паведаміць Абознай, што хлусіць нядобра, нават злачынна.

Суддзя спытала: Чаму вы пісалі надпіс хутка?

- Не хацеў, каб мяне ўбачылі.

- Вы казалі, што ў вас ёсць гонар і годнасць.

- А ў вас ёсць доказы, што гэта не так?

- Суд растлумачыў Вам Вашыя правы і абавязкі. Суд вам не даваў права задаваць пытанні суду.

У судзе даследваюць пісьмовыя матэрыялы справы.

Даследаваныя перамяшчэнні Капанайкі па мабільным нумары ад аператара сувязі, пазоў аб кампенсацыі матэрыяльнай шкоды, а менавіта 300 рублёў за пашкоджанне дзвярэй, хаця пры даследаванні пісьмовых матэрыялаў справы не было выяўлена пашкоджання дзвярэй, а толькі замка, а пацярпелая ўключыла гэта ў пазоў.

Прызнаць вопратку: куртку сіняга колеру, штаны шэрага колеру, якая належыць абвінавачанаму, рэчавымі доказамі. Плакаты з Раманам Бандарэнкам прызнаныя рэчавымі доказамі таксама.

Знойдзеныя плакаты з надпісамі пра тое, што міліцыянты з Цэнтральнага РУУС забойцы.

Даследаванне рэчавых доказаў

У судзе даследаваны цэнтральны механізм замка, вопратка, абутак, гадзіннік, акуляры, навігатар з аўтамабіля абвінавачанага, а таксама плакат з выявай рамана Бандарэнкі і з адваротнага боку дадзеныя тых, хто на думку абвінавачанага вінаваты ў яго смерці.

Даследаванне дыскаў: Дыск з пад'езда з Налібоцкай, 37 на якім утрымліваецца запіс як Капанайка наносіць надпіс на паштовую скрыню пацярпелай.

Відэазапісы з відэарэгістратараў тралейбуса, на якіх відаць перамяшчэнне аўтамабіля Капанайкі.

Сведкі ў суд не з'явіліся. Ніхто з удзельнікаў працэсу не настойваў на іх прысутнасці.

Падчас перапынку абаронцам было прапанавана пакрыць матэрыяльную шкоду ў памеры 425 рублёў. Пацярпелая заявіла жаданне, каб грошы перавялі паштовым пераводам.

Абарона заявіла хадайніцтва аб тым, каб судовае следства не сканчалі і каб была магчымасць далучыць да матэрыялаў справы дакумент, які пацвярджае пакрыццё матэрыяльнай шкоды. У хадайніцтве адмоўлена.

Наступнае судовае пасяджэнне прызначанае на 10 гадзін 16 лютага.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства