Патрабуем спыніць пераслед праваабаронцы Алега Граблеўскага і ціск на беларускіх праваабаронцаў

2020 2020-10-21T10:10:04+0300 2020-10-21T11:24:37+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/grableuski-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сумесная заява праваабарончых арганізацый аб недапушчальнасці ціску і затрыманняў беларускіх праваабаронцаў пры выкананні імі сваіх прафесійных абавязкаў.

Мы, беларускія праваабарончыя арганізацыі занепакоеныя частымі выпадкамі ціску, затрыманняў беларускіх праваабаронцаў пры выкананні імі сваіх прафесійных абавязкаў. Так, у цяперашні час у месцах пазбаўлення волі знаходзіцца Марыя Рабкова, каардынатарка валанцёрскай службы ПЦ «Вясна», да 30 сутак адміністрацыйнага арышту ў агульнай складанасці прысуджаны Леанід Мархотка, доўгатэрміновы назіральнік кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» ад РПГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт». Маюцца і іншыя факты аказання ціску, затрыманняў беларускіх праваабаронцаў пры выкананні імі сваіх прафесійных абавязкаў. Пра што беларускімі праваабаронцамі неаднаразова рабіліся адпаведныя заявы.

15 кастрычніка 2020 у цэнтры Мінска з 14.00 праходзіў Марш людзей з інваліднасцю, інфармацыя аб якім распаўсюджвалася праз сацыяльныя сеткі. Офіс па правах людзей з інваліднасцю ў асобе юрыста ўстановы Алега Граблеўскага, выконваючы свае статутныя задачы, планаваў ажыццяўляць праваабарончы маніторынг мерапрыемства. Мэтай маніторынгу была агульная ацэнка сітуацыі, уключаючы дзеянні для прадухілення ўсіх формаў гвалту ў дачыненні да людзей з інваліднасцю, што абумоўлена іх асаблівай уразлівасцю і прадугледжана стандартамі Канвенцыі аб правах людзей з інваліднасцю, ратыфікаванай Рэспублікай Беларусь. Аднак прыступіць да ажыццяўлення маніторынгавых функцый Алег так і не паспеў. Ён быў затрыманы пры вяртанні з выканання сваіх іншых прафесійных абавязкаў, звязаных з праваабарончай дзейнасцю, неўзабаве пасля пачатку мерапрыемства і вывезены ў невядомым кірунку. Толькі 16 кастрычніка 2020 года ў выніку шматлікіх тэлефонных званкоў з боку калегаў у розныя падраздзяленні органаў унутраных спраў Алег быў знойдзены ў цэнтры часовага ўтрымання ГУУС Мінгарвыканкама па адрасе 1-ы завулак Акрэсціна, 36А.

Звяртаючы ўвагу, што дзейнасць Алега Граблеўскага носіць выключна мірны, праваабарончы характар, і накіраваная на дапамогу людзям з інваліднасцю і абарону іх правоў,

- падкрэсліваючы, што такая дзейнасць з'яўляецца легітымнай і гарантаваная праваабаронцам Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, міжнароднымі нормамі ў галіне правоў чалавека, у тым ліку Дэкларацыяй аб праваабаронцах, зацверджанай Генасамблеяй ААН 9 снежня 1998 г,

- улічваючы, што факты пераследу за праваабарончую дзейнасць у апошні час пачасціліся ў Рэспубліцы Беларусь, аб чым неаднаразова заяўлялі праваабарончыя арганізацыі,

- нагадваючы пра неабходнасць заахвочваць і абараняць правы чалавека, у тым ліку ўсіх людзей з інваліднасцю, якія маюць патрэбу ў больш актыўнай падтрымцы, замацаванай у Канвенцыі аб правах людзей з інваліднасцю

ПАТРАБУЕМ:

  • Спыніць усе спробы пераследу і ціску на беларускіх праваабаронцаў у сувязі з ажыццяўленнем імі легітымнай прафесійнай дзейнасці, у прыватнасці пераслед нашага калегі-праваабаронцы Алега Граблеўскага і неадкладна вызваліць яго з-пад варты.
  • Няўхільна выконваць свае нацыянальныя і міжнародныя абавязацельствы па забеспячэнні гарантый ажыццяўлення праваабарончай дзейнасці ў краіне.

 На моманнт публікацыі заяву падпісалі:

ППУ «Офіс па правах людзей з інваліднасцю»;

Цэнтр прававой трансфармацыі (Lawtrend);

Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве «Хьюман канстанта»;

Экспертна-прававое таварыства "Ініцыятыва FORB»;

РПГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт”;

Праваабарончы цэнтр “Вясна”;

РГА “Прававая ініцыятыва”;

Беларускі дакументацыйны цэнтр;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Беларускі ПЭН-цэнтр.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства