Блог Алеся Бяляцкага: Турма. Забытыя людзі. Гісторыя: XX. ВАЛОДЗЯ. МАЛОЧНЫ ЗАВОДЗІК

2020 2020-05-26T12:57:04+0300 2020-05-26T12:57:49+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/palkounik_varykshan.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

ВАЛОДЗЯ

Я ўжо раней крыху апісваў Валодзю, але скарыстаюся яшчэ і апісаньнем Зьміцера Дашкевіча з апавяданьня “Гумовы тапак”. Рэдкая прадставілася мне магчымасьць — паглядзець на чалавека з розных бакоў. Вось як апісвае Валодзю Зьміцер:

Нахабства маё канчаткова разварушыла цела пад коўдрай — яно паднялося і села на шконцы. Цяпер яго можна было агледзець: было ў ім прыблізна цэтнера паўтара масы, зверху цела месцілася вялікая галава з вялікім носам, вялікімі вушамі, аплыўшым тварам, што цягнуў год на 45, і двайным падбародкам, які пераходзіў адразу ў тулава; да тулава мацаваліся дзве нагі-калодкі і таўшчэзныя рукі са сціснутымі кулакамі, якімі цела упёрлася ў нары”.

Так і ёсьць. Хоць і быў Валодзя бялей малака, гады ў СІЗА выбелілі ягоную скуру, але чырвоныя жылкі на твары, нездаровая чырвань на шчаках паказвалі, што ёсьць у яго праблемы са здароўем. Ён сам падзяліўся, між іншага, са мной сваёй “дзелюгой”, мабыць чакаў, што і я адкрыюся яму. Сядзеў ён ужо, як распавёў, другі раз. Першы раз загрымеў яшчэ ў савецкім войску за бойку — адслужыў год і патрапіў у штрафбат яшчэ на два. Так гэта было ці не — ня ведаю. А зараз вось, чацьвёрты год сядзіць на Валадарцы па моднай, новай справе гэтак званых “кардэраў”. Займаліся тым, што кралі грошы з банкаўскіх картаў: здымалі іх з рахункаў людзей па ўсім сьвеце і забіралі з банкаўскіх аўтаматаў у Расіі і Беларусі. Банкі, у такім выпадку, кампенсуюць страты людзей, таму ён сьвята лічыў гэта справай чыстай і амаль справядлівай. У банкаў меней грошай ніколі не стане.

Сам Валодзя малаадукаваны, але надзелены жыцьцёвай хітрасьцю, вядома ж у “кардэры” не каціў. Які зь яго “кардэр”, так, пінгвін вулічны з Грушаўкі. “Кардэрам” у іх быў іншы хлопчык — малады, вывучаны хакер, які сядзеў у камеры разам з будаўнікамі. Я яго адразу згадаў, высокага, рудаватага хлопца гадоў 28-мі. Вось ён і здабываў, узламваючы сайты банкаў, базы пін-кодаў банкаўскіх картаў. Затым яны выраблялі клоны картаў, і Валодзя езьдзіў у Расію, а часам і ў Беларусі, здымаў з розных аўтаматаў невялікія сумы, каб не выклікаць падозраньняў, бо каля кожнага аўтамата ёсьць відэакамеры.

Праз некалькі хатаў на нашым паверсе сядзеў таксама і Валодзеў родны брат, які быў у яго за шафера. Перагукваліся яны пры мне пару разоў, калі на паверсе быў агульны “шмон” і ўсе хаты выводзілі на “прадол”. А другі раз мы перасякліся, калі хату Валодзевага брата вялі з лазьні, а нас заводзілі. Валодзя прадставіў мяне брату, як вартую ўвагі асобу. Відаць, што малва пра мяне хадзіла па іншых хатах. 

Брат выглядаў больш жвавым і здаравейшым, не такім кіселяватым, як Валодзя, відаць, што ў калоніі жыў звыклым жыцьцём зэка. Брата з калоніі, як і іхняга хакера-падзельніка, як і двух палкоўнікаў-мянтоў, якіх Валодзя здаў-пасадзіў, прывезьлі пару месяцаў таму на перасуд.  Як я зразумеў, скрадзенымі грашыма іхняя група “кардэраў” дзялілася з палкоўнікамі, якія служылі ў групе па барацьбе з электроннай злачыннасьцю і таксама мелі неабмежаваны доступ да карткавых кодаў. Палкоўнікам далі нямала: аднаму — восем, другому — дванаццаць. У Валодзі, які сам прыйшоў з павіннай і “чэсна” супрацоўнічаў з сьледзтвам, была пяцёрачка. Валодзінаму брату далі чатыры з паловай, а хакеру — сем. Амаль па чатыры ўсе яны ўжо ўзялі.

Валодзю палкоўнікі на волі тлумілі, як ён казаў — зьбівалі, прымушалі аддаць ледзь ня ўсё, што яны здабывалі з банкаматаў. Іх згубіла сквапнасьць. Урэшце, як прыстрашылі забіць, ён ня вытрымаў, пайшоў і здаўся. Вось ад іх ён і хаваўся тут у СІЗА, асьцерагаўся, не хацеў ехаць на зону. Яго пакінулі, пасадзілі ў віп-хату, але не за проста так. Перасуд прайшоў увосень, Валодзевай групе пакінулі ранейшыя тэрміны, толькі мянтам, якія пісалі з калоніі скаргі, дабіваліся перасуду, усё ж скасавалі аднаму чатыры, а другому два гады. Хакер увогуле на судзе не сказаў ні слова. Адзінае, папрасіў скончыць па-хутчэй гэты, як ён выказаўся, балаган і адправіць яго назад, на зону.

“На зоне добра, — зайздросьціў яму Валодзя, — можна выйсьці ў лакалку, папаліць. Шкада, што мне туды нельга. А то хадзіў бы ў спортгарадок. Прымушалі б працаваць не адмовіўся бы. Хадзіў бы па “промцы” з дошкаю пад пахаю, шараё…іўся б”. 

“А мне так можна будзе?”—рагатаў з гэтай ідылічнай карціны я.

Валодзя задумліва мружыў маленькія вочкі і памаўківаў. У кожнага на зоне свой лёс.

Мы стаялі на “прадоле”, знаёмыя з першай маёй хаты, Гена, затым Валодзя, ягоны брат, і хакер, па-ціху перамаўляліся і церпяліва чакалі, калі скончыцца “шмон”. У нашай хаце ён праходзіў па вярхах. Кантралёры нічога не раскідвалі, моцна ў рэчах не калупаліся, нашыя рэзкі не чапалі, адно, знайшлі Валодзеў порначасопіс, забралі ды пасьмяяліся зь яго, як яны сказалі, аматара падушыць аднавокага зьмея.

Часам Валодзя распавядаў пра сваё жыцьцё на волі: як весела і крута яму жылося, грошай не было куды дзяваць. З жонкаю ён разыйшоўся, любіў сына, шкадаваў маці, зь якой жыў разам у прыватным доме. Яна засталася адная і церпяліва насіла яму перадачкі ўсе гэтыя чатыры гады. Валодзя паважліва адгукаўся аб прастытутках, ягоных частых сяброўках, зь якімі ён любіў ня толькі пабавіць час, але і душэўна паразмаўляць.

“Разумныя сярод іх трапляюцца, вой! Жыцьцём навучаныя, — казаў, — калі б жаніўся другі раз, узяў бы сабе жонку з прастытутак. Гора ня меў бы”.

У хаце Валодзя быў старажылам. Згадваў, як сядзеў з Грамовічам, намесьнікам галоўнага кэдэбіста па берасьцейскай вобласьці, які патрапіў у СІЗА з-за міжкланавых цёрак і якога ў выніку апраўдаў суд. На правах старажыла Валодзя адказваў за хатняе майно, пластмасавыя “камазы”, “шлёмкі”-міскі, “вёслы”-лыжкі, вельмі ганарыўся двума вялізнымі абшчакоўскімі кешарамі, забітымі брускамі мыла-“хазяйкі”, мюслямі, сухім малаком, грэчкай і рысам, а таксама хваліўся збанам-водаачышчальнікам, талчком, занавешаным ваннай цыратаю з намаляванымі на ёй рыбкамі, уласнай машынкай для стрыжкі.

Думаю, што ён складаў мой псіхалагічны партрэт для опера. Тыя, дарэчы, на Валадарцы, мяне зусім не турбавалі. Выклікалі на размову ўсяго адзін раз. Задаў мне “старлей” пару фармальных пытаньняў: ці ня маю я праблемаў, ці ўсё ў мяне добра. Атрымаў на ўсё аднастайныя адказы — не, не, усё нармальна. На гэтым нашая сустрэча і скончылася.

МАЛОЧНЫ ЗАВОДЗІК

Часам у абед нам давалі малочны суп. Напачатку мы адмаўляліся, ня бралі, бо макароны ляжалі ў ім неапетытнымі цёмнымі, зьліплымі камякамі. Неяк Андрэй Шэмбярэцкі папрасіў у баландзёра, каб той зьліў у місу з бака вяршкі, і атрымаў амаль поўны камаз гатаванага малака.

— На што яно табе? — пацікавіўся Паўлавіч.

— Кефір рабіць будзем, — адказаў Андрэй.

Я з энтузіазмам узяўся яму дапамагаць, бо сухое малако, якое штодзень муцілі Саня аршанскі з Васілём, у мяне даверу не выклікала. Іншыя вырабы з малака перадаваць з волі забаранялі, адно толькі — жоўты ці плаўлены сыр.

На волі я ўжо даўно ня еў салодкага малака, а толькі кефір. Мы разьлілі малако ў пустыя паўтаралітровыя пляшкі з-пад мінералкі. Мінеральную ваду можна было купіць у лаўцы. Раз на тыдзень нам прыносілі вопіс таго, што прапаноўвала турэмная лаўка. Там былі кетчуп, маянэз, цукеркі, шакалад, вафлі, якія Валодзя называў “пячэньнем у клетачку”, зубная паста, туалетная папера ды яшчэ ўсялякая драбяза, і мінеральная вада. Пячэньне, вафлі, цукеркі і шакалад складалі мы ў адную тумбачку, якой фармальна заведваў Валодзя і штодзень выкладаў на стол пару жменяў цукерак, плітку шакаладу і пачак вафляў. Можна было і зусім нічога ня скідваць са сваіх перадачак у гэты салодкі абшчак, але неяк так павялося, што мы скідвалі, ведаючы, што нічога адтуль нікуды ня зьнікне. У жніўні, калі было горача, мы куплялі па некалькі пляшак мінералкі на душу. У кутку, каля стала, заўсёды стаяла цэлая батарэя пляшак з мінералкай. Увосень пахаладала, і мінеральную ваду сталі купляць меней, але пластмасавых пляшак у нас было ўдоваль.

Праз двое сутак малако закісла. Мы з Андрэеем разьлілі, як мы яго назвалі —  “кісла-малочны прадукт” па кубках, цокнуліся, паспыталі і выпілі. Паўлавіч недаверліва паглядаў на нас, Валодзя толькі крэкнуў. На смак атрымалася выдатная прастакваша. І “заводзік” па вырабу прастаквашы запрацаваў. Малочны суп давалі двойчы на тыдзень, мы прасілі, каб нам зьлівалі толькі малако. Яно скісала хутчэй, калі ў пляшках для закваскі заставалася крыху старога напою. Праз суткі мы пілі сьвежую прастаквашу і толькі языкамі пацмоквалі. Хутка далучыўся да нас Вася, урэшце і Паўлавіч пагадзіўся паспытаць і застаўся задаволеным. Неўзабаве ўся “хата”, апроч Валодзі, які так і не адважыўся, мела раз у дзень па кубку прастаквашы.

Валодзя бурчэў, што калі абход заўважыць нашую вытворчасьць, тады ён, як старшы камеры, будзе мець клопат. Але абход ня надта і зіркаў па кутках, дзяжурны па корпусе і прадольныя далей дзьвярэй-“тармазоў” у камеру не заходзілі, а намесьніка начальніка СІЗА, які абходзіў камеры раз на тыдзень, мы не разстраівалі. Звычайна перад ягоным абходам — прыходзіў намначальніка СІЗА, цэлы палкоўнік Вікенці Варыкаш — мы даставалі ўсю ежу з кратаў вакна, з падваконьніка, клалі на падлогу ці засоўвалі пад бліжэйшую да вакна шконку, туды ж хавалі і нашыя пляшкі з малаком.

palkounik_varykshan.jpg
Палкоўнік Вікенці Варыкаш

Палкоўнік быў невысокі, чараваты, чарнявы, гаварыў спакойным ціхім голасам, пытаўся, ці няма скаргаў. Мы прасілі, каб хутчэй разглядзеў нашыя заявы на абсьледваньне ў бальнічку, ён ківаў іншаму афіцэру, які стаяў у яго за спінай, той запісваў, і яны выходзілі.

“Малдаванін, — тлумачыў Валодзя і шматзначна цокаў языком, — харошы палкоўнік, спакойны такі, усё жыцьцё тут прапрацаваў. Ды і начальнік, “хазяйка” Краўчанка, таксама нічога. Ранейшую “хазяйку”, Славу Дуброўскага, пасадзілі. Пры ім зьбівалі тут, прэс-хаты працавалі ва ўсю, а зараз – ціха. Хрэн і кулак па СІЗА не гуляюць. Начальнік турмы – “хазяйка”, а “хазяін” тут – ён”, — тлумачыў Валодзя і паказваў на маленькага павучка, які нячутна плёў у кутку сваю павуціну.

Валодзя распавядаў, як яшчэ чатыры гады таму, калі ён патрапіў сюды, некалькі разоў яго выводзілі з хаты ў старую турэмную вежу і зьбівалі.

“Я і так ім ўсё расказваў, але білі кантралёры дзеля прафілактыкі, ясна, па загаду сьледакоў, так што аж косьці трашчалі”.

Блог Алеся Бяляцкага: Турма. Забытыя людзі. Гісторыя: XIX. ПАМІЛАВАНЬНЕ “ДЗЕКАБРЫСТАЎ”

Не пасьпеў я яшчэ абжыцца ў 15-й камеры, як газеты прынесьлі нечаканую прыемную навіну. 11 жніўня, літаральна праз тыдзень пасьля маго арышту, памілавалі першых дзевяцёх палітычных зьняволеных!

Алесь Бяляцкі

Праваабаронца, эсэіст, літаратурны крытык, былы палітычны зьняволены. Звычайна пішу пра тое, што думаю і бачу.

* Адказнасць за змест тэкстаў, як і за правапіс і пунктуацыю, нясуць выключна аўтары блогаў

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства